НАТУРАЛІ́ЗМ (франц. naturalisme ад лац. natura) у літаратуры і мастацтве, літаратурна-мастацкі кірунак, які характарызуецца свядомай устаноўкай на аб’ектывізм і біялагізм, адмовай ад сац. аналізу рэчаіснасці або схільнасцю да выяўлення вонкавых, эмпірычных фактаў жыцця без маст. абагульнення. маральна-эстэт. ацэнкі і без пранікнення ў іх духоўную сутнасць. На розных этапах развіцця маст. культуры Н. выявіўся як схільнасць да капіравання жыцця, рэпартажу без маст. адбору і тыпізацыі (натуралістычныя элементы ў познарымскім выяўл. мастацтве, у жывапісе, л-ры, т-ры 19—20 ст.). Як асобны кірунак са сваёй праграмай (адмова ад выразнай ацэнкі быцця і мастацтва ў дыяпазоне палярных эстэт. катэгорый) аформіўся ў франц. л-ры 2-й пал. 19 ст. пад уплывам філасофіі пазітывізму (А.​Конт, І.​Тэн і інш.), эвалюцыйнай тэорыі ў прыродазнаўстве. На думку яго тэарэтыка Э.​Заля, задача мастацтва — даследаваць жыццё з той жа дакладнасцю і аб’ектыўнасцю, як гэта робіць навука. У творчасці прадстаўнікоў гэтай плыні (Заля, Г.​Флабер, Гі дэ Мапасан, А.​Дадэ, браты Ганкур і інш.) Н. аказаўся маст. прыёмам у рэаліст. аналізе жыцця. Руская натуральная школа ў л-ры (В.​Бялінскі, М.​Гогаль, І.​Тургенеў, Дз.​Пісараў, М.​Салтыкоў-Шчадрын і інш.) была этапам станаўлення крытычнага рэалізму. Пазней натуралістычная плынь выявілася ў прозе П.​Бабарыкіна, А.​Пісемскага, Дз.​Маміна-Сібірака, М.​Арцыбашава, у сав. л-ры — Б.​Пільняка, Ф.​Панфёрава і інш. пісьменнікаў, у познім акад. жывапісе. Дасягненні натуралістычнай школы мастацтва — набліжэнне мастацтва да навукі, майстэрства бытапісання, аналіз сац. структуры грамадства, залежнасці чалавека ад матэрыяльных умоў жыцця, выяўленне кантрастаў багацця і беднасці, класавых супярэчнасцей, дэмакр. тэндэнцыі ў л-ры, інш. відах мастацтва. Сучасная масавая культура, тыражаваная сродкамі кінематографа і відэатэхнікай, страціла пазітыўныя набыткі традыц. Н., у ёй дамінуе арыентацыя на агіднае, нізкае і камічнае, адбываецца парадаксальнае спалучэнне натуралістычнага бытапісальніцтва з прыёмамі сюррэалізму, плыняў постмадэрнізму.

У бел. мастацкай культуры Н. не аформіўся ў асобную плынь, несумяшчальную з яе арыентацыяй на дэмакр. асветніцтва і рамантычныя ідэалы дзярж. і духоўнага адраджэння нацыі. Па аналогіі з негатыўнымі рысамі Н. могуць ацэньвацца недахопы ранняй бел. паэзіі, тэатр. і выяўл. мастацтва (блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, этнаграфізм, павярхоўнае бытапісанне), якія абумоўлены супярэчнасцямі станаўлення маст. прафесіяналізму. Інш. прырода натуралістычных тэндэнцый у л-ры і інш. відах бел. мастацтва перыяду 1930—50-х г.: яны з’явіліся пад націскам вульгарна-сацыялагічнай крытыкі, дагматычнай ідэалогіі і рэпрэсіўнай палітыкі. У апошнія гады натуралістычныя тэндэнцыі выявіліся ў адыходзе некат. пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў ад значных грамадскіх праблем, тэматычным абмежаванні творчасці вузка-прымітыўнымі сферамі мяшчанскага побыту.

Літ.:

Давид-Соважо А. Реализм и натурализм в литературе и искусстве: Пер. с фр. М., 1891;

Тагер Е.Б. Проблемы реализма и натурализма // Русская литература конца XIX — начала XX в. М., 1968.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)