АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
т. 2, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)