ДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вызначэння адлегласцей да аб’ектаў без непасрэдных вымярэнняў на мясцовасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць Д. геам. (пасіўнага) і фіз. (актыўнага) тыпаў. Выкарыстоўваюцца ў інж. геадэзіі, тапаграфіі, ваен. справе, навігацыі, астраноміі, фатаграфіі і інш.
Прынцып дзеяння Д. геам. тыпу засн. на рашэнні роўнабаковага трохвугольніка па вядомай старане (базе) і процілеглым (паралактычным) вугле. Такія прылады бываюць монакулярныя (з адным акулярам; напр., у фотаграфічных апаратах) і бінакулярныя (гл. Стэрэаскапічны дальнамер), з пастаяннай базай і пастаянным вуглом (гл Аптычны дальнамер). Прынцып дзеяння Д. фіз. тыпу засн. на вымярэнні часавых або фазавых суадносін паміж пасланым і прынятым (адбітым ад аб’екта) сігналамі. У залежнасці ад выбранага дыяпазону і віду ваганняў адрозніваюць акустычныя Д. (гл. Гідралакацыя, Рэхалот), радыёдальнамеры і святлодальнамеры, у т.л. лазерныя.
П.С.Габец.
т. 6, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)