АХМА́ТАВА Ганна Андрэеўна
(сапр. Гарэнка; 23.6.1889, Адэса — 5.3.1966),
руская паэтэса. Жонка М.Гумілёва. Паэтычны дэбют звязаны з акмеізмам. Першы зб. «Вечар» (1912). У кн. «Ружанец» (1914), «Белая чарада» (1917) замкнёны свет вытанчаных эстэт. і любоўных перажыванняў. У 1921 выйшлі зб-кі «Трыпутнік» і «Anno Domini MCM XXI» (на вокл. 1922). Нягледзячы на ломку ў 1917 звыклых для асяроддзя Ахматавай уяўленняў пра жыццё і прызначэнне паэта, яна не пакінула радзіму. Афіц. крытыка наз. яе «ўнутранай эмігранткай», творы паэтэсы не друкавалі. Аўтабіягр. цыкл «Рэквіем, 1935—1940» (апубл. 1987) пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Зб. «З шасці кніг» (1940) — спроба пераадолець адзіноту. У 1940-я г. з’яўляюцца ліра-эпічныя творы на гіст. тэмы (цыкл «У саракавым годзе», паэма «Шляхам усёй зямлі», «1913 год» — 1-я ч. «Паэмы без героя»). У лірыцы 1941—45 прагучала патрыят. тэма. У 1950—60-я г. ў яе творчасці паглыбляюцца гіст.-філас. і інтымна-лірычная тэмы. У «Паэме без героя» (нап. 1940—62, поўнасцю апубл. 1976), прасякнутай літ.-гіст. і асабістымі асацыяцыямі, адлюстравала эпоху «сярэбранага стагоддзя». Гісторыя, час, лёс — асн. тэмы зб. «Бег часу: Вершы, 1909—1965» (1965). Творам Ахматавай уласцівы напружаны псіхалагізм, выразнасць і дакладнасць слова, класічная прастата і яснасць стылю. Пераклады з усходняй, зах.-еўрап. класічнай паэзіі, з бел. — вершы У.Дубоўкі, М.Лужаніна; літ.-знаўчыя працы («Апошняя казка Пушкіна», «Гібель Пушкіна» і інш.), успаміны. На бел. мову творы Ахматавай перакладалі Э.Агняцвет, В.Аколава, Р.Баравікова, П.Макаль, В.Макарэвіч, Я.Міклашэўскі, В.Рабкевіч і інш.
Тв.:
Сочиненя. Т. 1—2. М., 1990;
Дыхание песни: Кн. переводов. М., 1988.
Літ.:
Жирмунский В.М. Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;
Павловский А.И. Анна Ахматова: Жизнь и творчество. М., 1991.
т. 2, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)