СЕРГАЧО́Ў Сяргей Аляксеевіч (н. 20.12.1946, Мінск),
бел.архітэктар. Канд. архітэктуры (1984). Ган. праф.Паўн.-зах.буд. ін-та КНР (1999). Скончыў БПІ (1969). Працаваў у ін-це «Мінскпраект», БелНДІдзіпрасельбудзе, Мін-ве культуры Беларусі. З 1972 і з 1993 выкладчык БПА (з 1997 заг. кафедры). З 1977 кіраўнік рабочай групы па стварэнні Бел.дзярж. музея нар. архітэктуры і побыту. Адзін са стваральнікаў Дудзіцкага музея матэрыяльнай культуры («Дудуткі»). Найб. значныя праектныя работы — жылыя дамы па праспекце Ракасоўскага і вул. М.Танка ў Мінску (1971—72, у сааўт.). Даследуе гісторыю нар. дойлідства Беларусі, праблемы захавання гіст.-культ. спадчыны, развіцця традыцый у сучаснай архітэктуры. Аўтар шэрагу праектаў рэстаўрацыі помнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАМПА́НІ (Spampani) Карла (1750, Рым? —2.5.1783),
архітэктар; прадстаўнік паладыянскай школы (гл.Паладыянства). На Беларусі ўдзельнічаў у стварэнні Шчорсаўскага палацава-паркавага комплексу (1770—76) і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (1778—79). Паводле яго праектаў пабудаваны Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, палац у г. Заслаўе Мінскай вобл. (1778—82), сядзібны дом і лямус у в. Беніца Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., мост і капліца ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайскі Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У 1773 у Вільні кіраваў буд-вам асобных карпусоў езуіцкага калегіума і прыбудовай да абсерваторыі ун-та, у 1775 стварыў праект палаца ў Паўлаве (каля Вільні), у 1782 абнаўляў капліцу св. Казіміра ў кафедральным саборы.
Г.І.Барышаў, В.Ф.Марозаў.
К.Спампані. Сядзіба ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна. З малюнка Н.Орды 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІКАЎ Генадзь Іванавіч (н. 12.2.1938, с. Новая Бяльманаўка Харольскага р-на Прыморскага краю, Расія),
бел.архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1966). Працаваў у ін-це «Валгаградграмадзянпраект», Мінскім філіяле ЦНДІ горадабудаўніцтва (з 1973 БелНДІПгорадабудаўніцтва), у Дзяржбудзе Беларусі. З 1977 і з 2003 у ін-це «Мінскпраект», з 1991 нам. дырэктара ін-та «Мінскграмадзянпраект», з 1993 нач. упраўлення горадабудаўніцтва і тэр. планавання Дзяржбуда Беларусі, у 1994—2000 у Мін-ве архітэктуры і буд-ва Беларусі. Удзельнічаў у распрацоўцы генпланаў гарадоў Заслаўе, Бяроза, гар. пасёлкаў Ветрына, Гарадзея, Ружаны (1970-я г.), г. Мінск (праекты дэталёвай планіроўкі цэнтра, асобных мікрараёнаў, у т. л. Вяснянка, Уручча, Малінаўка, Ангарская), 11 пасёлкаў для эвакуіраваных з зоны, забруджанай у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1998 за жылы гарадок Рось.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЭНС (Behrens) Петэр (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),
нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням.Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.
П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́БЕР (Gruber, Grueber) Габрыель (6.5.1740, Вена — 7.4.1805), аўстрыйскі вучоны-энцыклапедыст, мастак, архітэктар. Скончыў Венскі ун-т са ступенню д-ра медыцыны. Выкладаў архітэктуру і гідраўліку ў езуіцкім калегіуме ў Любляне (Славенія), кіраваў буд-вам суднаў у Трыесце (Італія), асушэннем балот у Славеніі. Выкладаў прыродазнаўчыя і матэм. дысцыпліны ў Полацкім езуіцкім калегіуме (з 1784). Паводле яго праектаў пры Полацкім калегіуме пабудаваны 3-павярховы будынак для музея (аздоблены фрэскамі Грубера і яго вучняў), б-кі, карціннай галерэі і т-ра; у 1787 адкрыў тут друкарню. З 1800 1-ы рэктар Пецярбургскага, езуіцкага калегіума, з 1802 генерал ордэна езуітаў. У Рас. імперыі аўтар карцін на рэліг. тэмы, партрэтаў, краявідаў Полацка і яго ваколіц, тэатр. дэкарацый, мініяцюр са слановай косці. Пасля смерці Грубера частка яго карцін з Полацка і Пецярбурга перавезена езуітамі ў Джорджтаўн (ЗША), лёс іншых невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУ́ЛІО РАМА́НА [Giulio Romano; сапр.Піпі, Pippi; 1492 або 1499, Рым — 1.11.1546],
італьянскі архітэктар і жывапісец. У 1515—24 працаваў у Рыме. Вучань Рафаэля, разам з якім размалёўваў Станцы і Лоджыі Ватыкана, пасля смерці настаўніка завяршыў размалёўку вілы Мадама (1521). З 1524 працаваў у Мантуі пры двары герцагаў Ганзага. Паступова адышоў ад класічных прынцыпаў мастацтва Высокага Адраджэння да маньерызму. Яго жывапісным творам уласцівы кампазіцыйная перагружанасць, ускладненасць ракурсаў і поз. У арх. пабудовах падкрэсленая пластыка і кантрастнасць формаў, мудрагелістая фактура руставаных паверхняў (асабісты дом у Мантуі, 1544) часта спалучаюцца з нечаканымі вонкавымі эфектамі, якія парушаюць строгую тэктоніку ордэрнай сістэмы (Палацца Дукале ў Мантуі, 1538—39). У сваім гал. творы — Палацца дэль Тэ ў Мантуі (1525—34) прадвызначыў далейшыя шляхі архітэктуры, стварыў адзін з ранніх прыкладаў восевай кампазіцыі.
Джуліо Рамана. Размалёўка «Залы гігантаў» Палацца дэль Тэ ў Мантуі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ШТРАВІЧ (Meštrović) Іван (15.8.1883, Врполе — 16.1.1962),
харвацкі скульптар і архітэктар; заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы. Вучыўся ў Венскай АМ (1901—04). З 1903 удзельнічаў у выстаўках «Венскага сецэсіёну». Заснавальнік творчага аб’яднання «Медуліч» (1908). У 1922—42 выкладаў у АМ у Заграбе. З 1942 у эміграцыі, з 1947 у ЗША. Зазнаў уплыў А.Радэна, Э.А.Бурдэля, стылю мадэрн. Творам уласцівы суровасць і аскетычнасць формы ў спалучэнні з глыбокай героіка-драматычнай напружанасцю, імкненне стварыць нац. стыль. Сярод твораў: «Фантан жыцця» ў Заграбе (1905), «Успамін» (1908), скульптура для непабудаванага храма на Косавым полі (1907—12), «Маці» (1908), «Каралевіч Марко» (1909), «Мадонна з немаўлём» (1917). Захапляўся праблемамі сінтэзу мастацтваў; аўтар арх. аб’ектаў — помніка невядомаму салдату на гары Авала каля Бялграда, Дома мастацтваў у Заграбе (абодва 1934—38). У г. Спліт галерэя М., у Заграбе — дом-музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́Н, Раслен (Roslin) Александр (15.7.1718, г. Мальмё, Швецыя — 5.7.1793), шведскі жывапісец. Вучыўся ў Стакгольме ў Г.Шродэра (1736—39). Працаваў у Швецыі (да 1745 і ў сярэдзіне 1770-х г.), Германіі (1745—47), Італіі (1747—52), Францыі (з 1752), Расіі (1775—77). Пісаў пераважна партрэты. У творах, якія вызначаліся вытанчанасцю пастэльнага каларыту ў духу ракако, спалучаў імкненне да канкрэтнай псіхал. характарыстыкі мадэлі з віртуознай перадачай тканін, упрыгожанняў і інш.: «Архітэктар К.Ф.Адэлькранц», «Партрэт архітэктара Ж.Б.Перанэ і яго жонкі» (абодва 1754), «Дама з веерам» (1768), «Густаў III і яго браты» (1771), «Партрэт графіні Чарнышовай» (1776), «Аўтапартрэт з жонкай, якая малюе пастэллю», «Партрэт Кацярыны II» і інш.
Літ.:
Кроль А.Е. Александр Рослин и его работы в Петербурге // Скандинавский сборник. Таллинн, 1970. Т. 15.
А.Раслін. Партрэт архітэктара Ж.Б.Перанэ і яго жонкі. 1754.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДСАН (Richardson) Генры Хобсан (29.9.1838, Сент-Джэймс, ЗША — 27.4.1886),
амерыканскі архітэктар. Скончыў Гарвардскі ун-т у г. Кеймбрыдж (ЗША; 1859), Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1860—65). З 1865 працаваў у Нью-Йорку, з 1874 — у г. Бруклін. Па-майстэрску выкарыстоўваў формы раманскага стылю для стварэння рамантычна-эфектных пабудоў, тонка ўпісаных у прыроднае асяроддзе: царква Трыніты-чэрч у г. Бостан (1873—77), асабняк Эймс-гейт-лодж у г. Норт-Істан (1880—81) і інш. Лепшыя работы Р., адметныя строгай тэктанічнасцю кампазіцыі, дакладнай функцыян. арг-цыяй (будынак суда і турмы графства Алегейні ў г. Пітсбург, 1884—88; магазін «Маршал Філд» у г. Чыкага, 1885—87, не захаваўся), заклалі аснову рацыяналістычнага кірунку ў архітэктуры ЗША. Пачынальнік т.зв. гонтавага стылю кампактных і камфартабельных драўляных жылых дамоў (Браент-хаўс у г. Кохасет, штат Масачусетс, 1880; Стаўтан-хаўс у Кеймбрыджы, 1882—83).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРНО́ЎСКІ Уладзімір Мікалаевіч (н. 17.1.1947, г. Ужгарад Закарпацкай вобл., Украіна),
бел.архітэктар. Скончыў Львоўскі політэхн.ін-т (1970). У 1970—87 і з 1996 працуе ў ін-це «Мінскпраект», у 1987—89 — у ін-це «Белдзяржпраект». У 1989—96 кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Асн. работы (у сааўт.): у Мінску — комплекс жылых дамоў для Бел.ваен. акругі па Старавіленскім тракце (1974—80), студэнцкі інтэрнат ін-та нар. гаспадаркі (цяпер Бел.эканам.ун-т) па вул. Ванеева (1975), Дзярж.муз.т-р Беларусі (1980), помнік А.С.Пушкіну і ландшафт навакольнага асяроддзя (1999); жылы гарадок Рось (Дзярж. прэмія Беларусі 1998); рэканструкцыя Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Дразды» пад Мінскам (1997) і будынка Нац. банка Беларусі па вул. Леніна (2000). Сярод інш. работ: забудова мікрараёна «Тарон-4» у г. Ванадзор (Арменія; 1992), жылы дом па вул. Леніна ў Астане (1998).