СПАМПА́НІ (Spampani) Карла (1750, Рым? —2.5.1783),

архітэктар; прадстаўнік паладыянскай школы (гл. Паладыянства). На Беларусі ўдзельнічаў у стварэнні Шчорсаўскага палацава-паркавага комплексу (1770—76) і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу (1778—79). Паводле яго праектаў пабудаваны Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс, палац у г. Заслаўе Мінскай вобл. (1778—82), сядзібны дом і лямус у в. Беніца Маладзечанскага р-на Мінскай вобл., мост і капліца ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайскі Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У 1773 у Вільні кіраваў буд-вам асобных карпусоў езуіцкага калегіума і прыбудовай да абсерваторыі ун-та, у 1775 стварыў праект палаца ў Паўлаве (каля Вільні), у 1782 абнаўляў капліцу св. Казіміра ў кафедральным саборы.

Г.​І.​Барышаў, В.​Ф.​Марозаў.

К.Спампані. Сядзіба ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна. З малюнка Н.​Орды 19 ст.

т. 15, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)