РАСЛІ́Н, Раслен (Roslin) Александр (15.7.1718, г. Мальмё, Швецыя — 5.7.1793), шведскі жывапісец. Вучыўся ў Стакгольме ў Г.​Шродэра (1736—39). Працаваў у Швецыі (да 1745 і ў сярэдзіне 1770-х г.), Германіі (1745—47), Італіі (1747—52), Францыі (з 1752), Расіі (1775—77). Пісаў пераважна партрэты. У творах, якія вызначаліся вытанчанасцю пастэльнага каларыту ў духу ракако, спалучаў імкненне да канкрэтнай псіхал. характарыстыкі мадэлі з віртуознай перадачай тканін, упрыгожанняў і інш.: «Архітэктар К.​Ф.​Адэлькранц», «Партрэт архітэктара Ж.​Б.​Перанэ і яго жонкі» (абодва 1754), «Дама з веерам» (1768), «Густаў III і яго браты» (1771), «Партрэт графіні Чарнышовай» (1776), «Аўтапартрэт з жонкай, якая малюе пастэллю», «Партрэт Кацярыны II» і інш.

Літ.:

Кроль А.Е. Александр Рослин и его работы в Петербурге // Скандинавский сборник. Таллинн, 1970. Т. 15.

А.Раслін. Партрэт архітэктара Ж.​Б.​Перанэ і яго жонкі. 1754.

т. 13, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)