СЛУЧЭ́ЎСКІ Канстанцін Канстанцінавіч (7.8.1837, С.-Пецярбург — 8.10.1904),

рускі пісьменнік; адзін з папярэднікаў рас. мадэрнізму. Д-р філасофіі. З 1860 вывучаў філасофію і прыродазнаўчыя навукі ў Сарбоне, ун-тах Берліна, Лейпцыга, Гайдэльберга. З 1866 у Расіі. Служыў у Гал. упраўленні па справах друку, мін-ве дзярж. маёмасцей. З 1891 гал. рэдактар «Правительственного вестника». Друкаваўся з 1857. Паэзіі ўласціва спалучэнне імпрэсіяністычнасці вобразаў з празаічнасцю мовы, напружаная эмацыянальнасць і псіхал. глыбіня, жанравая разнастайнасць: зб-кі «Вершы» (1880), «Другая кніга вершаў» (1881), «Песні з Угалка» (1902). Аповесць «Віртуозы» (1882) пра норавы свету. У аповесці «Прафесар бессмяротнасці» (1892) спроба ў фантастычным сюжэце па-мастацку ўвасобіць філас. ідэю бессмяротнасці. Аўтар зб. «Паэмы і хронікі» (1883), геагр.-этнагр. кн. «Па поўначы Расіі» (т. 1—3, 1886—88), рамана «Ад пацалунка да пацалунка» (1872), зб-каў апавяданняў «Трыццаць тры апавяданні» (1887), «Гістарычныя карцінкі. Розныя апавяданні» (1894), серыі брашур, п’ес і інш.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1962;

Стихотворения. Петрозаводск, 1981;

Стихотворения. Поэмы. Проза. М., 1988.

т. 15, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Уладзімір Іванавіч (31.1.1910, Масква — 16.6.1988),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1958), Герой Сац. Працы (1980). Скончыў Маскоўскі геолагаразведачны ін-т (1934), дзе і выкладаў у 1934—41 і 1944—49, адначасова ў 1934—37 у Таджыкска-Памірскай экспедыцыі. У 1946—51 нам. міністра геалогіі СССР. У 1949—52 у Маскоўскім ін-це каляровых металаў і золата, з 1951 у Маскоўскім ун-це. З 1968 гал. рэдактар журнала «Геология рудных месторождений», у 1969—75 акад.-сакратар Аддз. геалогіі, геафізікі і геахіміі і чл. Прэзідыума АН СССР. Навук. працы па геалогіі і генезісе эндагенных рудных радовішчаў, геал. асновах і метадах пошуку, разведкі і ацэнкі радовішчаў, праблемах металагеніі. Ленінская прэмія 1972. Дзярж. прэмія СССР 1986. Яго імем названы 2 мінералы: вісмірнавіт і смірніт.

Тв.:

Геология ртутных месторождений Средней Азии. М., 1947;

Геологические основы поисков и разведок рудных месторождений. 2 изд. М., 1957;

Геология полезных ископаемых. 4 изд. М., 1982.

т. 15, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СОВЕ́ТСКАЯ ПРА́ВДА»,

грамадска-палітычная газета Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту. Выходзіла з 1(14).12.1917 да 6.3.1918 у Мінску (53 нумары) і Смаленску (9 нумароў) на рус. мове штодзённа. Рэдактар А.​А.​Белазёраў, з 27.1(9.2).1918 — К.​І.​Ландар. Асвятляла мясц. жыццё, асн. міжнар. падзеі. Друкавала дэкрэты і распараджэнні цэнтр. і мясц. ўрада, загады Вярх. і зах.-франтавога камандавання, начальнікаў Мінскага гарнізона, міліцыі, справаздачы пленумаў Аблвыкамзаха, рэзалюцыі, паведамленні аб ходзе сац. перабудовы ў Мінскай і Віленскай губ. Змяшчала аб’явы ўладных структур, грамадска-паліт. арг-цый левага кірунку, прыватных асоб. Публікавала фельетоны Г.​Ф.​Усцінава, вершы Дз.​Беднага і інш. Крытыкавала эсэраўскія, меншавіцкія і інш. выданні дэмакр. кірунку. Выступіла супраць арганізатараў і ўдзельнікаў Усебел. з’езда, кіраўнікоў Цэнтр. бел. вайсковай рады і Вял. бел. рады, праводзіла агітацыю супраць узбр. выступлення 1-га Польскага корпуса. 19.2.1918 у сувязі з наступленнем на Мінск часцей Ю.​Доўбар-Мусніцкага эвакуіравана ў Смаленск.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 15, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНАНА́ЕЎ Іван Уладзіміравіч (4.6.1904, с. Сярповае Маршанскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 28.2.1993),

расійскі хімік. Акад. Рас. АН (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1925), дзе і працаваў. З 1935 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН СССР, адначасова ў 1939—68 выкладаў у маскоўскіх ВНУ (з 1940 праф.). У 1965—88 гал. рэдактар час. «Неорганические материалы». Навук. працы па неарган. і аналіт. хіміі, фіз.-хім. аналізе. Прапанаваў метад вывучэння гетэрагенных сістэм з маларастваральнымі кампанентамі (1967—69, метад астаткавых канцэнтрацый Т.). Распрацаваў метады атрымання звышчыстых крэмнію, германію, ферацыянідны метад атрымання рубідыю і цэзію з раствораў калійных солей. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1971.

Тв.:

Химия германия. М., 1967 (разам з М.​Я.​Шпіртам);

Химия ферроцианидов. М., 1971 (у сааўт.);

Особенности кристаллохимии соединений редкоземельных элементов. М., 1984 (разам з Г.​А.​Бандуркіным, Б.​П.​Джурын-1 скім).

Літ.:

И.​В.​Тананаев. М., 1979.

І.У.Тананаеў.

т. 15, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРАТКЕ́ВІЧ Міхаіл Васілевіч (н. 7.4.1925, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф, сацыёлаг і публіцыст. Д-р філас. н. (1977), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1985). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1953), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1961). З 1961 гал. рэдактар грамадска-паліт. вяшчання Бел. радыё. З 1965 дырэктар Мінскай студыі навук.-папулярных і хранік.-дакумент. фільмаў. У 1969—91 у Мінскай вышэйшай парт. школе, адначасова ў 1972—79 нам. гал. рэдактара час. «Коммунист Белоруссии». Навук. працы па сац. філасофіі, праблемах сацыялогіі працы, фарміравання і дэмакратызацыі кіраўніцкіх адносін, выхавання і патрэбнасцей чалавека, па пытаннях гісторыі грамадз. вайны 1918—22 і Вял. Айч. вайны.

Тв.:

Производство, труд, человек. Мн., 1969;

Уладзімір Азін. Мн., 1971;

Человек и коллектив в системе управленческих отношений. Мн., 1974;

Человек. Среда. Потребности. Мн., 1980;

Семья и разумные потребности. Мн., 1983;

Такой и должна быть легенда. М., 1985;

Человек и его потребности. Мн., 1989.

т. 15, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШАКО́Ў Дзмітрый Мікалаевіч (24.1.1873, Масква — 20.4.1942),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895), з 1907 выкладаў у ім. Праф. Вышэйшых жаночых курсаў, Ін-та слова, Літ. ін-та імя М.​Горкага, Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і мастацтва, Маскоўскага ун-та. Працы У. паслужылі асновай для развіцця рус. дыялекталогіі: «Нарыс рускай дыялекталогіі з дадаткам першай карты рускіх дыялектаў у Еўропе» (1915, з М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакаловым), «Кароткія ўводзіны ў навуку пра мову» (1913, 9-е выд. 1929) і інш. Адзін са стваральнікаў (з 1903) і старшыня (1915—31) Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі. З 1901 удзельнічаў у працы па рэформе рус. правапісу. Узначальваў Арфаграфічную камісію Наркамасветы (1930-я г.). Ініцыятар вывучэння рус. арфаэпіі («Руская арфаэпія і яе задачы», 1928; «Да пытання аб правільным вымаўленні», 1936, апубл. 1964). Гал. рэдактар і адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка рускай мовы» (т. 1—4, 1934—10).

т. 16, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧАСО́ПІС»

(«Czasopis»),

інфармацыйна-культурны часопіс Усх. Беласточчыны; орган Аб’яднання бел. журналістаў у Польшчы. Выдаецца з крас. 1990 штомесячна ў Беластоку на польскай мове, частка матэрыялаў — на беларускай. Гал. рэдактар Ю.​Хмялеўскі. Аналізуе паліт. падзеі ў Польшчы, Беларусі, Расіі, Літве і зах.-еўрап. краінах; асвятляе царк. жыццё ў Польшчы і на Беласточчыне, гісторыю правасл. прыходаў у краі, праблемы грамадска-паліт. і культ. жыцця беларусаў у Польшчы, нац. жыццё, сац.-эканам. і паліт. становішча бел. нац. супольнасці ў Польскай дзяржаве, праблемы эканам. сучаснай Беласточчыны; змяшчае агляды польскага і беларускамоўнага перыяд. друку ў Польшчы і Беларусі, артыкулы па рэліг. тэматыцы і гісторыі хрысціянства, календары рэліг. свят. Друкуе ўспаміны ўдзельнікаў гіст. падзей у Польшчы і на Беларусі, артыкулы пра дзеячаў бел. культуры, нататкі пра гміны, вёскі, правасл. прыходы, цэрквы на Беласточчыне, літ. і публіцыст. творы бел. пісьменнікаў Беласточчыны, дыскусійныя матэрыялы, лісты чытачоў, інтэрв’ю з прадстаўнікамі дзярж. улад і вышэйшага рэліг. правасл. кіраўніцтва. Выданне ілюстраванае.

Л.​У.​Языковіч.

т. 17, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАКА́ЛЬСКІ Юлій Міхайлавіч (17.10.1856, С.-Пецярбург — 26.3.1940),

расійскі географ, акіянограф і картограф. Ганаровы чл. АН СССР (1939, чл.-кар. з 1923). Скончыў Марскую акадэмію (1880). Працаваў у Гал. гідраграфічным упраўленні і Гал. фіз. абсерваторыі. Праф. Ваенна-марской акадэміі (1910—30) і Ленінградскага ун-та (1925—40). З 1914 віцэ-старшыня Рус. геагр. т-ва, у 1917—31 прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. Вывучаў пытанні метэаралогіі, гідралогіі і акіянаграфіі, асваення Паўн. марскога шляху. Даследаваў Ладажскае воз., рэкі Вычэгда і Таўда. У 1923—27 кіраваў акіянаграфічнай экспедыцыяй па комплексным вывучэнні Чорнага мора. Складальнік геагр. і спец. карт, рэдактар шэрагу атласаў. Яго імем названы в-аў у Карскім м., пралівы паміж а-вамі Паўн. Зямлі і ў Антарктыды каля Зямлі Аляксандра I, некалькі ледавікоў і інш.

Тв.:

Физическая океанография. Л., 1933;

Океанография. 2 изд. Л., 1959.

Літ.:

Андреева Е.В. Ю.​М.​Шокальский — океанограф, метеоролог, географ. 2 изд. Л., 1956;

Орлов Б.П. Ю.​М.​Шокальский, его жизнь и деятельность. М., 1956.

Ю.М.Шакальскі.

т. 17, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛУ́ГІН Эрнест Васілевіч (н. 19.11.1936, ст. Асінаўка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1962). З 1954 працаваў у раённых газетах, у 1961—72 у газ. «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва», у 1976—84 заг. аддзела, адказны сакратар, нам. гал. рэдактара час. «Неман», у 1991—97 гал. рэдактар газ. «Наша слова». Друкуецца з 1955. Піша на бел. і рус. мовах. Аповесці «Мсціслаўцаў посах» (1971), «Апошні князь» (1986) пра аднаго з айч. першадрукароў Пятра Мсціслаўца. У дакумент. аповесці «Без эпітафіі» (1989) творчая і грамадска-паліт. дзейнасць Ц.​Гартнага. Аўтар раманаў «Астравы» (1975), «Год-другі ў Алжыры» (1986), аповесці ў дыялогах «Свечкі на Дзяды» (1991), зб-ка нарысаў «Салёная планета» (1973), нарысаў пра дзеячаў бел. л-ры і навукі, сцэнарыяў дакумент. тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу» (1984), «Без эпітафіі» (1990) і інш.

Тв.:

Камни Млечного Пути. Мн., 1969;

Сіндбад вяртаецца: Аповесць. Мн., 1988;

Только камни: Повесть, эссе. Мн., 1989.

В.​У.​Скалабан.

П.У.Ялугін.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРМО́ЛЕНКА Мікалай Фёдаравіч (29.1.1900, в. Клюкаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 10.6.1972),

беларускі хімік. Акад. АН БССР (1947, чл.-кар. 1936). Д-р хім. н. (1935), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1924). З 1924 у БДУ, у 1930—38 і з 1944 заг. кафедры. У 1938—44 у НДІ і ВНУ Кіева, Ташкента і інш. Арганізатар і заг. (з 1932) лабараторыі калоіднай хіміі Ін-та хіміі (з 1959 Ін-та агульнай і неарган. хіміі АН Беларусі). Адначасова (1946—53 і 1956—69) акад.-сакратар Аддз. хім. і геал. навук АН Беларусі, з 1965 гал. рэдактар час. «Весці АН БССР. Серыя хімічных навук». Навук. працы ў галіне калоіднай, фіз. хіміі, фізікахіміі высокапалімераў, агульнай, неарган. хіміі. Стварыў тэорыю ўтварэння перыяд. адкладаў пры выпарэнні растваральніку, тэорыю ламінарнай каагуляцыі.

Тв.:

Микроэлементы и коллоиды почв. 2 изд. Мн., 1966;

Регулирование пористой структуры окисных адсорбентов и катализаторов. Мн., 1971 (разам з М.​Д.​Эфрас).

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)