СЛУЧЭ́ЎСКІ Канстанцін Канстанцінавіч (7.8.1837, С.-Пецярбург — 8.10.1904),

рускі пісьменнік; адзін з папярэднікаў рас. мадэрнізму. Д-р філасофіі. З 1860 вывучаў філасофію і прыродазнаўчыя навукі ў Сарбоне, ун-тах Берліна, Лейпцыга, Гайдэльберга. З 1866 у Расіі. Служыў у Гал. упраўленні па справах друку, мін-ве дзярж. маёмасцей. З 1891 гал. рэдактар «Правительственного вестника». Друкаваўся з 1857. Паэзіі ўласціва спалучэнне імпрэсіяністычнасці вобразаў з празаічнасцю мовы, напружаная эмацыянальнасць і псіхал. глыбіня, жанравая разнастайнасць: зб-кі «Вершы» (1880), «Другая кніга вершаў» (1881), «Песні з Угалка» (1902). Аповесць «Віртуозы» (1882) пра норавы свету. У аповесці «Прафесар бессмяротнасці» (1892) спроба ў фантастычным сюжэце па-мастацку ўвасобіць філас. ідэю бессмяротнасці. Аўтар зб. «Паэмы і хронікі» (1883), геагр.-этнагр. кн. «Па поўначы Расіі» (т. 1—3, 1886—88), рамана «Ад пацалунка да пацалунка» (1872), зб-каў апавяданняў «Трыццаць тры апавяданні» (1887), «Гістарычныя карцінкі. Розныя апавяданні» (1894), серыі брашур, п’ес і інш.

Тв.:

Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1962;

Стихотворения. Петрозаводск, 1981;

Стихотворения. Поэмы. Проза. М., 1988.

т. 15, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)