МІХА́ЙЛАЎ (Леў Дзмітрыевіч) (24.7.1928, с. Яшкіна Кемераўскай вобл., Расія — 30.7.1980),

расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1970). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1953), з 1970 выкладаў у ім. З 1953 рэжысёр, гал. рэжысёр Новасібірскага т-ра оперы і балета, з 1960 — маскоўскага Муз. т-ра імя К.​Станіслаўскага і У.​Неміровіча-Данчанкі. Упершыню паставіў некалькі опер У.​Рубіна, А.​Тактакішвілі, В.​Губарэнкі. Сярод найб. значных пастановак: «Ярмак» А.​Касьянава (1957), «Яе падчарка» Л.​Яначака (1958), «Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча і «Хары Янаш» З.​Кодая (1963), «Вірынея» С.​Сланімскага (1968), «Цаной жыцця» А.​Нікалаева (1965), «Вайна і мір» (1975) і «Любоў да трох апельсінаў» (1979) С.​Пракоф’ева, «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1976), «Поргі і Бес» Дж.​Гершвіна (1980). Аўтар кн. «Сем раздзелаў пра тэатр» (1985).

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́РЫНА (Ларыса Аляксандраўна) (н. 22.3.1936, в. Куляшыха Хараўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. мовазнавец і педагог. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1996). Д-р пед. н. (1986), праф. (1987). Скончыла Азербайджанскі пед. ін-т моў (1963). Працавала ў школах і ВНУ г. Баку. З 1970 у БДУ (з 1988 заг. кафедры методыкі выкладання рус. і бел. моў і л-р, з 1993 нам. дэкана, з 1996 дэкан філал. ф-та). Даследуе праблемы методыкі выкладання рус. і бел. моў, бел.-рус. моўных узаемаадносін, рыторыкі. Аўтар кніг «Культура рускага маўлення ў школах з беларускай мовай навучання» (1982), «Развіццё звязнай мовы вучняў» (1985), «Методыка рускай мовы ў школах Беларусі» (1990), «Рыторыка» (1994), сааўтар падручнікаў па рус. мове для 5—9-га класаў і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ПКАЎ (Любамір) (19.9.1904, г. Ловеч, Балгарыя — 9.5.1974),

балгарскі кампазітар, хар. дырыжор, педагог. Нар. арт. Балгарыі (1952), Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Дзярж. муз. акадэмію ў Сафіі па кл. фп. (1926). Вучыўся ў Парыжы ў П Дзюка, Н.​Буланжэ (1926—32). З 1932 канцэртмайстар і хар. дырыжор Сафійскай нар. оперы, у 1944—48 яе дырэктар. З 1948 выкладчык Балгарскай кансерваторыі (з 1953 праф.). Творам уласціва спалучэнне элементаў балг. фальклору і сучасных сродкаў выразнасці. Аўтар опер «Дзевяць братоў Яны» (1937), «Мамчыл» (1948), «Антыгона-43» (1963) і інш.; 4 сімфоній (1940—70), канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў, фп. п’ес, хораў; музыкі для дзяцей, да кінафільмаў.

Аўтар кн. «Выбраныя артыкулы» (1977). Дзімітроўскія прэміі 1950, 1951, 1952.

Літ.:

Хлебаров И. Л.​Пипков: Пер. с болг. София, 1976.

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́СТАН [Piston; сапр. Пістоне (Pistone) Уолтэр Хеймар; 20.1.1894, г. Рокленд, штат Мэн, ЗША — 12.11.1976],

амерыканскі кампазітар, педагог. Па паходжанні італьянец. Чл. Нац. ін-та (з 1938) і Нац. акадэміі мастацтваў і л-ры (з 1955), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (з 1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1924), з 1926 выкладаў у ім (з 1944 праф.). Вучань Н.​Буланжэ. У аркестравых творах адчуваюцца ўплывы І.​Стравінскага, франц. неакласіцызму, Г.​Фарэ і М.​Равеля. Стыль яго муз. твораў вылучаўся поліфанічнай распрацаванасцю, рытмічнай вастрынёй (выкарыстоўваў элементы джазу). Сярод твораў: балет «Фантастычны флейтыст» (паст. 1938); 8 сімфоній (1937—65), Святочная уверцюра для Лінкальн-цэнтра (1967), сімф. сюіты; 7 інстр. канцэртаў; камерна-інстр. ансамблі, п’есы. Сярод вучняў Л.Бернстайн і інш. Аўтар кніг па гармоніі, поліфаніі, аркестроўцы. Пуліцэраўскія прэміі 1948, 1961.

т. 12, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВУ́ЦКІ (Леў) (Ляўко) Мікалаевіч (20.2.1889, с. Іржавец Ічнянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 30.3.1977),

украінскі кампазітар, педагог, грамадскі дзеяч. Д-р мастацтвазнаўства (1941). Акад. АН УССР (1957). Нар. арт. СССР (1944). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1916, па класе кампазіцыі Р.Гліэра), з 1935 яе праф. Творчасці ўласцівы вернасць нац. і класічным традыцыям, апора на нар. мастацтва. Сярод твораў: кантата-паэма «Хусціна» (паводле Т.​Шаўчэнкі; з фп., 1923; з арк., 1944), 2 сімфоніі (1920, 2-я рэд. 1957; 1927, апошняя рэд. 1970), канцэрт для фп. з арк. (1934, 2-я рэд. 1963), хар. паэма «Ода песні» (1960), хар. і сольныя апрацоўкі ўкр. нар. песень. Дзярж. прэмія СССР 1941. Дзярж. прэмія Украіны 1966.

Літ.:

Бялик М.Г. Л.​Н.​Ревуцкий. М., 1963;

Шеффер Т. Л.​М.​Ревуцький. Київ, 1973.

Л.М.Равуцкі.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФА́ЛЬСКІ (Міхаіл Фадзеевіч) (1889, Кіеў — 1937),

рэжысёр яўрэйскага тэатра, педагог. Нар. арт. Беларусі (1934). Вучыўся ў драм. школе кіеўскага т-ра «Салаўцоў» (з 1908). Працаваў акцёрам у т-рах Кіева, Харкава і інш., гастраліраваў у Мінску і Віцебску. У 1921 з аматараў арганізаваў у Мінску яўр. тэатр. трупу, на базе якой створана яўр. секцыя Бел. драм. студыі ў Маскве. З 1922 маст. кіраўнік гэтай секцыі, з 1926 — Дзярж. яўр. т-ра БССР і адначасова ў 1933—35 студыі пры т-ры. Яго пастаноўкам уласцівы сац. абагульненасць, тыпізацыя псіхал. характарыстык, яркасць сцэн. відовішча, выкарыстанне фалькл. і этнагр. элементаў: «На пакаянным ланцугу» І.​Перэца (1926), «Ботвін» А.​Вявюркі (1928), «Глухі» Д.​Бергельсона (1929), «На 62-м участку» І.​Дабрушына (1931), «Бойтра» М.​Кульбака (1937). У 1937 рэпрэсіраваны.

К.​Б.​Кузняцова.

М.Ф.Рафальскі.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАДЫ́ЕЎ (Еркегалі Рахмадыевіч) (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛМА́НАЎ (Вадзім Мікалаевіч) (4.11.1912, С.-Пецярбург — 27.2.1978),

расійскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Расіі (1972). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941, кл. М.​Гнесіна). З 1945 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных у Маскве, з 1951 — у Ленінградскай кансерваторыі (з 1965 праф.). Сярод твораў паэма-араторыя «Дванаццаць» (1957) і кантата «Скіфы» (1973; абедзве паводле А.​Блока); 4 сімфоніі (1952—76), сімф. сюіта «Паэтычныя карцінкі» (1955; паводле Х.​К.​Андэрсена); 2 канцэрты для скр. з арк. (1964, 1974); 6 стр. квартэтаў (1945—71), рамансы, у т. л. цыкл рамансаў на вершы Я.​Купалы «Былыя песні» (1947), песні, музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Звяртаўся да жанру хар. канцэрта, у т. л. «Лябёдка» (1970) на нар. тэксты. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1970.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РЫН (Іван Васілевіч) (19.1.1817, С.-Пецярбург — 25.8.1885),

рускі акцёр і педагог. Вучань і паслядоўнік М.​Шчэпкіна. Скончыў Маскоўскае тэатр. вучылішча (1837), з 1862 выкладаў у ім. З 1837 у трупе Малога т-ра. Пачынаў з амплуа «першага палюбоўніка», з канца 1850-х г. перайшоў ад героіка-рамантычнага рэпертуару да характарных роляў. Найб. значныя ролі: Чацкі (1839), Фамусаў (1864; «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра, 1857; С. — рэжысёр). З інш. роляў: Петручыо, Бенядзікт («Утаймаванне свавольніцы» і «Многа шуму з нічога» Шэкспіра), Мурамскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна). З 1874 кіраваў драм. класам Маскоўскай кансерваторыі. Са студэнтамі опернага класа кансерваторыі ажыццявіў на сцэне Малога т-ра першую пастаноўку оперы «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1879). Аўтар п’ес, якія ставіліся ў правінцыі.

Літ.:

Рогачевский М. И.​В.​Самарин. М.; Л., 1948.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕГО́ВІЯ ((Segovia) Андрэс) (21.2.1893, г. Лінарэс, Іспанія — 2.6.1987),

іспанскі гітарыст-віртуоз, педагог. Вучыўся ігры на гітары самастойна. З 1955 працаваў у Акадэміі Кіджана ў Італіі, з 1958 — у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Адрадзіў цікавасць да гітары як да сольнага інструмента, пашырыў яе тэхн. і выразныя магчымасці, увёў у рэпертуар гітарыстаў класічную і сучасную музыку. Аўтар канцэрта для гітары з арк., п’ес «Танадзілью», «Арасьён» і інш. Узбагаціў рэпертуар гітарыстаў апрацоўкамі твораў І.​С.​Баха, І.​Гайдна, Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. У іх выявілася тонкае пачуццё стылю, майстэрскае выкарыстанне поліфанічнай і каларыстычнай магчымасцей інструмента. Яго мастацтва натхніла многіх кампазітараў на стварэнне твораў для гітары, некат. напісаны для С. і прысвечаны яму. Гастраліраваў у многіх краінах, у т. л. ў СССР у 1926, 1927, 1936.

т. 14, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)