ФРАЛО́Ў Валерый Васілевіч (21.3.1941, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 18.8.1991),
бел. габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1967, кл. Ю.Цёмкіна). З 1964 артыст канцэртна-эстр. аркестра Бел. тэлебачання і радыё, адначасова бас-гітарыст эстр. гуртоў «Арбіта-67» і «Лявоны» (пад кіраўніцтвам У.Мулявіна); з 1968 канцэртмайстар групы габояў Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі. Адзін з заснавальнікаў і артыст ансамбля «Кантабіле». У 1970—87 (з перапынкамі) выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы імя Глінкі. Яго выкананню характэрны мяккае, спеўнае гучанне інструмента, тонкае ансамблевае пачуццё, дасканалая тэхніка. Аўтар аранжыровак і транскрыпцый старадаўняй замежнай і бел. музыкі, у т. л. «Полацкага сшытка» (з Г.Гедыльтэрам). Першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў.
т. 16, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)