РЫ́ФМА (ад грэч. rhythmos сувымеранасць, суладнасць),
гукавы паўтор заключных частак вершаванага радка ў сілабічным (гл.Сілабічнае вершаскладанне) ці рытмараду ў сілаба-танічным і танічным (гл.Сілаба-танічнае вершаскладанне, Танічнае вершаскладанне) вершы. Паводле характару гучання Р. падзяляюць на дакладаныя і прыблізныя, поўныя і няпоўныя, асанансныя і дысанансныя, простыя і састаўныя, багатыя і бедныя, таўталагічныя, роўнаскладовыя і няроўнаскладовыя, рознанаціскныя; паводле размеркавання ў страфе — сумежныя (аабб), перакрыжаваныя (абаб) і апаясныя (кальцавыя; абба). У цвёрдых формах верша (санет, рандо, актава, трыялет і інш.) ужываюцца спецыфічныя схемы расстаноўкі Р. Вылучаюцца Р. і паводле аб’ёму складоў: мужчынская (націск на апошнім складзе), жаночая (націск на перадапошнім складзе), дактылічная (націск на 3-м ад канца складзе) і гіпердактылічная (націск на 4-м і далей ад канца складзе). У значэнні клаўзульнага (канцавога, гл.Клаўзула) сугучча ўпершыню ў бел. сілабічнай паэзіі выкарыстана ў вершаваных творах Ф.Скарыны, а ў Сімяона Полацкага названа ўжо «краесогласием» («стиси краесогласнии...»). Можа ўжывацца не толькі ў клаўзульнай частцы, але і ў пачатку і сярэдзіне (унутраная рыфма) вершаванага радка. Найб. развітая форма Р. — пантарыфма (суцэльная Р.), калі ўнутр. і канцавыя сугуччы прыпадаюць амаль на ўсе словы вершаванага радка ці твора. Р. адыгрывае важную ролю ў арганізацыі верша, яго страфічнай будове, гукавой выразнасці, запамінальнасці паэт. тэксту.
Як структурны кампанент Р. зарадзілася ў замовах, казках, нар.-песеннай творчасці, потым як сродак эўфанічнай канцэнтрацыі перайшла і ў пісьмовую л-ру. Узоры набліжаных да Р. канцавых сугуччаў ёсць ужо ў «Слове пра паход Ігаравы», у «словах» Кірылы Тураўскага, у палемічнай л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Кампазіцыйная роля Р. значна ўзмацнілася ў бел. сілабічнай паэзіі 19 ст., у якой прыкметны ўплыў нар.-песенных традыцый, асабліва прыёмаў танізацыі верша, што прывяло да сінтэзу розных версіфікацыйных сістэм. У выніку прыкметна ўзмацнілася эўфанічная роля Р. ў арганізацыі бел. сілабічнага верша. Найб. дасканалага ўзроўню яна дасягнула ў сілаба-танічным вершаскладанні, дзе побач з рытмам ёй належыць дзейсная формаўтваральная функцыя.
Літ.:
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Гончаров Б.П. Звуковая организация стиха и проблема рифмы. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЕРЭ́НДУМ (ад лац. referendum тое, што павінна быць паведамлена),
галасаванне выбаршчыкаў па якім-н. пытанні дзярж. або грамадскага жыцця; інстытут непасрэднай дэмакратыі. У адрозненне ад выбараў пры Р. аб’ектам з’яўляецца не кандыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне — закон, законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі, якая-н. унутрыпаліт. праблема ці праблема, што адносіцца да міжнар. статуса адпаведнай краіны. Своеасаблівай формай Р. з’яўляецца плебісцыт — апытанне насельніцтва прапаліт. лёс тэрыторыі, на якой яно пражывае. Прававую аснову Р. на Беларусі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11.2.2000, якім рэгламентаваны парадак правядзення і падвядзення вынікаў Р. Рэферэндумы могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. На рэсп. Р. выносяцца найважнейшыя пытанні дзярж. і грамадскага жыцця краіны, на мясцовыя — пытанні, што маюць важнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адм.-тэр. адзінак і аднесены да кампетэнцыі іх кіруючых, выканаўчых і распарадчых органаў. Права ініцыятывы на правядзенне рэсп. Р. належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, грамадзянам краіны (апошняя выносіцца ў выглядзе прапановы не менш чым 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як па 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска). Рашэнні, прынятыя Р., могуць быць адменены ці зменены толькі шляхам новага Р. Рашэнне, прынятае Р., падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і набывае сілу праз 10 дзён пасля афіц. публікавання, калі ў ім не ўстаноўлены іншы тэрмін. Мясц. Р. назначаюцца мясц. прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Р. падпісваюць кіраўнікі адпаведных мясц. прадстаўнічых органаў. Першы ў гісторыі краіны рэсп. Р. адбыўся 14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі па пытаннях устанаўлення новай дзярж. сімволікі, змянення статуса рус. мовы, эканам. інтэграцыі з Расіяй, унясення змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярх. Савета. На рэсп. Р. 24.11.1996 прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАУЁУ Уладзімір Сяргеевіч (16.1.1853, Масква — 31.7.1900),
рускі рэліг. філосаф, паэт, публіцыст і крытык. Сын С.М.Салаўёва. Д-р філасофіі (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1873). Выкладаў у Маскоўскім і Пецярбургскім ун-тах, на Вышэйшых жаночых курсах. У 1880-я г. выступаў пераважна як публіцыст (прапаведаваў уз’яднанне Усходу і Захаду праз аб’яднанне хрысц. цэркваў, змагаўся за свабоду сумлення і супраць нац.-рэліг. прыгнёту). У 1890 г. займаўся філас. і літ. дзейнасцю, перакладаў Платона, узначальваў філас. аддзел у «Вялікім энцыклапедычным слоўніку» Бракгаўза і Эфрона (з 1891). Як мысліцель і утапіст С. знаходзіўся на перакрыжаванні розных філас. і рэліг. плыняў, а гал. сваёй задачай лічыў сумяшчэнне навук.-пазітыўнага і рацыяналістычнага «духу часу» з рэліг. светапоглядам. Яго філас. сістэма грунтуецца на ідэі ўсеадзінства, вучэнні пра Сафію (спрадвечную Божую мудрасць, у якой аб’яднаны ўсе сусв. ідэі), пропаведзі збаўлення свету ад разбуральнага ўздзеяння прасторы і часу і канцэпцыі «богачалавечага працэсу» як усеагульнага выратавання чалавецтва. Выступаў за «мірнае збліжэнне народаў», верыў у еднасць каталіцкай і правасл. цэркваў, лічыў, што кожны народ па-свойму служыць хрысц. рэлігіі. Крытыкаваў лідэраў славянафільства, але лічыў, што слав. народы «першымі закладуць фундамент свабоднай тэакратыі», падкрэсліваў, што культура велікарусаў, маларусаў і беларусаў спалучае рысы зах. і ўсх. культур. Паэзія С. тэматычна падпарадкавана яго філас. поглядам, спалучае традыц. паэтыку і рысы сімвалізму. Лірыка С., асабліва вершы «сафійнага» цыкла, паўплывалі на развіццё паэзіі рас. сімвалізму. Лічыў лірыку «адкрыццём чалавечай душы ў сугуччы з душой прыроды», а мастацтва ўвогуле — «тэургіяй», накіраванай на пераўтварэнне рэчаіснасці ў космас абсалютнай прыгажосці.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1989;
Стихотворения. Эстетика. Литературная критика. М., 1990;
Смысл любви: Избр. произв.М., 1991;
О христианском единстве. М., 1994;
Чтения о богочеловечестве;
Статьи;
Стихотворения и поэма;
Из «Трех разговоров»: Краткая повесть об Антихристе. СПб., 1994.
Літ.:
Лосев А.Ф. Владимир Соловьев. 2 изд. М., 1994;
Соловьев С.М. Владимир Соловьев: Жнзнь и творческая эволюция. М., 1997;
Владимир Соловьев: pro et contra: Личность и творчество Владимира Соловьева в оценке мыслителей и исслед.: Антология. СПб., 2000;
Фараджев К.В. Владимир Соловьев: Мифология образа. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІН (Sorokin) Піцірым Аляксандравіч (21.1.1889, г.п. Жэшарт, Комі, Расія — 10.2.1968),
руска-амерыканскі сацыёлаг. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1914). Лідэр правага крыла эсэраў. З 1917 гал. рэдактар газ. «Воля народа», сакратар А.Ф.Керанскага. З 1920 праф. Петраградскага ун-та. У 1922 эмігрыраваў у Прагу. З 1923 у ЗША. З 1924 праф. Мінесоцкага, у 1930—59 — Гарвардскага ун-таў. З 1964 старшыня Амер. сацыялагічнай асацыяцыі. Сацыялагічная канцэпцыя С. фарміравалася пад уплывам Я.В.Раберці, М.М.Кавалеўскага, Л.І.Петражыцкага, Э.Дзюркгейма і інш. Характарызаваў сістэму сваіх сацыялагічных поглядаў як «разнавіднасць эмпірычнага неапазітывізму ці крытычнага рэалізму». Сацыялогію як навуку прадстаўляў у выглядзе 4 раздзелаў: агульнае вучэнне пра грамадства; сац. механіка (вывучэнне заканамернасцей і механізмаў грамадскага жыцця); сац. генетыка (даследаванне паходжання і развіцця грамадства і грамадскіх ін-таў); сац. палітыка (канцэпцыі прагрэсу грамадства і прапановы пэўных сродкаў для паляпшэння грамадскага жыцця). У анталагічным аспекце разглядаў грамадства як «сац. душу», «свет каштоўнасцей». Гіст. працэс уяўляў як цыклічную флуктуацыю пэўных тыпаў культур. Сярод асн. тыпаў культур вылучаў пачуццёвы (характарызуецца перабольшваннем значэння пачуццёвага ўспрымання свету); ідэацыянальны (вызначаецца дамінантай рацыянальнага мыслення); ідэалістычны (звязаны з інтуітыўным пазнаннем рэчаіснасці). Крызісны стан зах. грамадства 20 ст., на думку С., абумоўлены набліжэннем да пачуццёвага тыпу культуры. Выхад з крызісу бачыў у адмове ад спажывецкай псіхалогіі і імкненні да ідэацыянальнага тыпу культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі мабільнасці сацыяльнай і сацыяльнай стратыфікацыі. Адзін з заснавальнікаў канвергенцыі тэорыі. Будучыню цывілізацыі звязваў з інтэгральным тыпам грамадскага ладу, які пераадолее негатыўныя і аб’яднае лепшыя бакі капіталізму і сацыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Дальняя дорога: Автобиогр. М., 1992;
Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;
Система социологии. Т. 1—2. М., 1993;
Общедоступный учебник социологии;
Статьи разных лет. М., 1994;
Главные тенденции нашего времени. М., 1997;
Преступление и кара, подвиг и награда: Социол. этюд об основных формах обществ. поведения и морали. СПб., 1999.
Літ.:
Канев С.Н. Путь Питирима Сорокина. Сыктывкар, 1990;
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.
У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел.т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.Кудравец.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;
Рус.пер. — Памфлеты. М., 1955;
Дневник для Стеллы. М., 1981;
Путешествия Гулливера... Мн., 1992;
Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.
Літ.:
Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;
Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;
Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЯ́НСКІ ЗА́МАК,
помнік архітэктуры 1-й чвэрці 17 ст. на паўн.-зах. ускраіне в.Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Вядомы таксама пад назвамі «Белы Ковель» ці «Малы Ковель». Займаў прамавугольную ў плане пляцоўку (100 × 200 м) на правым беразе р. Дзярноўка. Пабудаваны да 1626 кн. С.А.Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы (29 × 13 × 8 см) і палявога каменю. Меў выгляд замкнутага прамавугольніка з унутр. дваром, вуглавымі 3-яруснымі вежамі і 5-яруснай 5-граннай вежай на паўн.-ўсх. фасаднай сцяне. 3-павярховы корпус палаца па перыметры двара меў сцены таўшчынёй 1,2—1,7 м. Муроўка замка паводле тыпу найбольш блізкая да т.зв. галандскай. 5-ярусная вежа вылучаецца вытанчаным рэльефным дэкорам, які мякка кантраставаў з гладкай паверхняй сцен. Арнамент аконных праёмаў і плоская ордэрная раскрапоўка вежаў сведчаць пра стылістычную сувязь з зах.-еўрап. архітэктурай. У матывах складанага рэнесансавага абрамлення рамкі-картуша прасочваюцца галандскія ўплывы. Захаваліся сляды вітых усходаў, што ішлі па ўнутр. перыметры вежы, шмат ніш рознага памеру, арачны пераход з гал. корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Ёсць звесткі, што на схіле жыцця гаспадар замка кн. Сангушка-Ковельскі загадаў размаляваць пакоі карцінамі на рэліг. сюжэты, тэмы смерці і забыцця. З інвентароў замка за 1739 і 1742, калі ён належаў маршалку ВКЛ П.Л.Сангушку, вынікае, што «... замак мураваны на капцы» быў наўкола «вадою абвіты». Перад ім знаходзіўся стаў з мостам. Пры ўваходзе на дзядзінец, злева, быў вял. склеп. У пакоях стаялі печы з белай кафлі з гербам «Пагоня». Дапаможныя гасп. службы размяшчаліся не ў замку, а за ставам. Замак быў разбураны ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайну 1700—21. Заняпад С.з. пачаўся з канца 18 ст. і завяршыўся ў сярэдзіне 19 ст. (новы гаспадар Смалян сенатар Сямёнаў прадаў замак на цэглу). Захаваліся 5-ярусная вежа і рэшткі сцен.
Літ.:
Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977. С. 58—59;
Баравы Р.В. Да гісторыі замка ў Смалянах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 3.
М.А.Ткачоў.
Смалянскі замак. Малюнак Ю.Пешкі канца 18 ст.Руіны вежы Смалянскага замка. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПРАВЯДЛІ́ВАСЦЬ,
сацыяльна-палітычнае і маральна-прававое паняцце, звязанае з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі аб правах чалавека; роўныя магчымасці ўсіх членаў грамадства ў рэалізацыі сваіх здольнасцей і задавальненні жыццёвых патрэбнасцей; адпаведнасць паміж практычнай роляй чалавека ці сац. групы і іх сац. становішчам, паміж правамі і абавязкамі, заслугамі і іх грамадскім прызнаннем, працай і ўзнагароджаннем, злачынствам і пакараннем. У сац.-паліт. сферы ажыццяўленне прынцыпу С. прадугледжвае фактычнае раўнапраўе грамадзян, у сферы культуры — у стварэнні спрыяльных умоў для далучэння ўсіх членаў грамадства да духоўных каштоўнасцей. Уяўленні пра С. прайшлі эвалюцыю ад ідэй раўнапраўя у межах саслоўя да ўсеагульнай роўнасці сацыяльнай. Пашырэнне спектра С. звязана з рэалізацыяй ідэй дэмакратыі, развіццём паліт. культуры і разуменнем чалавечай асобы як найвышэйшай каштоўнасці грамадства.
Першай спробай тэарэт. асэнсавання С. стала сац.-этычнае вучэнне Платона, які лічыў С. сумай усіх дабрачыннасцей. Ажыццяўленне прынцыпу С. ў грамадстве ён звязваў з добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў членамі аднаго саслоўя і неўмяшаннем у справы іншага. Арыстоцель вылучаў 2 віды С. (размеркавальную і ўраўняльную) і ўпершыню сфармуляваў прынцып прапарцыянальнасці, згодна з якім размеркаванне даброт паміж членамі грамадства павінна быць прапарцыянальным іх дзейнасці. У хрысціянстве паняцце С. звязваецца з ідэяй пасмяротнай адплаты за дабрадзейнае ці грэшнае жыццё. Стварэнне сац. ладу, які б вызначаўся С. пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт, выступала асн. ідэяй сацыялістаў-утапістаў (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн). У 20 ст. вызначыліся супрацьлеглыя погляды на праблему С.: адмаўленне магчымасці сац. С. і прызнанне сац. няроўнасці натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.Дзюркгейма, Э.Мура, тэорыя статусных груп М.Вебера і інш.) і сцвярджэнні, што шляхам мэтазгоднага рэфармавання дзяржавы ці рэвалюцыі сацыяльнай магчыма дасягнуць сац. С. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя сац. дзяржавы і інш.).
Літ.:
Григорьев С.И. Диалог об очень важном: Критич. очерк немарксистских концепций социал. справедливости. Барнаул, 1985;
Ермолина Г.К. Идеал справедливости и действительность. Иваново, 1991;
Свобода и справедливость: Диалог мировоззрений. Н. Новгород, 1993;
Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЙНО́ЎСКІ (Strojnowski) Іеранім (20.9.1754, с. Ходачкава Крамянецкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.8.1815),
асветнік, правазнавец, рэліг. дзеяч. Адукацыю атрымаў у навуч. установах ордэна піяраў, членам якога быў у 1776—88. З 1776 выкладаў у Варшаўскім калегіуме. З 1780 праф. кафедры натуральнага права Гал. школы ВКЛ у Вільні, у 1799—1806 яе рэктар (у 1803 пры яго ўдзеле пераўтворана ва ун-т). З 1789 удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі і камісіі па падрыхтоўцы праектаў цывільнага і крымін. кодэксаў. Член Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу і Варшаўскага т-ва сяброў навукі. З 1806 на царк. пасадах, з 1814 біскуп віленскі. Асн. яго твор «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» (Вільня, 1785), які вытрымаў 5 выданняў, у т. л. на рус. мове (1809), выкарыстоўваўся як падручнік для вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. С. стаяў на пазіцыях дэізму і прызнаваў існаванне Бога ў якасці безаблічнай першапрычыны свету, які затым развіваецца на ўласных законах. У гнасеалогіі прытрымліваўся прынцыпаў сенсуалізму, гал. крыніцай пазнання лічыў адчуванне. Асновай яго сацыялагічнай канцэпцыі было вучэнне пра натуральны парадак рэчаў і як вынік яго — натуральнае права. Людзі, на яго думку, могуць быць шчаслівыя толькі праз глыбокае пазнанне і поўнае захаванне гэтага права; адыход чалавека або грамадства ад дакладных і разумных законаў прыроды непазбежна выклікае «пакаранне» — няшчасці, бедствы, беспарадкі. З натуральных правоў і прыроднай роўнасці людзей С. выводзіў сац. правы і абавязкі, да якіх адносіў вечныя і нязменныя правы асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, недатыкальнасці ўласнасці, недапушчальнасць ужывання сілы ў адносінах да інш. людзей, за выключэннем выпадкаў самаабароны. Ажыццяўленне на практыцы прынцыпаў натуральнага права С. разглядаў у якасці крытэрыяў «ісціннасці» або «няправільнасці» пэўнага сац.-паліт. ладу.
Літ.:
Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;
Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;
Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: Энцыкл.давед.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ПРАСЛЬСКІ РУ́КАПІС,
назва розных рукапісных зборнікаў — помнікаў усх.-слав. пісьменства. Да 19 ст. зберагаліся ў б-цы Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра (адсюль назва). Найб. вядомыя і каштоўныя: Зборнік жыцій і пропаведзяў 11 ст. Напісаны стараслав. мовай на пергаменце (285 лістоў). Месца ўзнікнення дакладна невядома. Мяркуюць, што рукапіс балг. паходжання. Уяўляе сабой чэццю-мінею (кнігу для чытання) на сакавік. Змяшчае 24 жыціі і 24 словы-павучанні, у т. л. 20 слоў Іаана Златавуста. Разам з Тураўскім евангеллем і інш. рукапісамі 11 ст. гэты зборнік — адзін з самых стараж. помнікаў усх.-слав. пісьменства. Адкрыў і даследаваў М.К.Баброўскі. У 19 ст. падзелены на 3 часткі, якія зберагаюцца ў Варшаве (151 ліст), Любляне (118 лістоў) і С.-Пецярбургу ў Рас.нац. б-цы (16 лістоў). У зарубежнай навук. л-ры гэты зборнік называюць Супрасльскім кодэксам (Codex Suprasliensis). Летапісны зборнік 1-й пал. 16 ст. Складаецца з рус. скарочанага летапісу, блізкага да Аўрамкі летапісу, кароткай летапіснай выбаркі па гісторыі Русі і ВКЛ пачынаючы з 862 і гіст. запісаў пра падзеі канца 15 — пач. 16 ст. на Беларусі, у Кіеве і на Валыні (гл.Валынскі кароткі летапіс). Упершыню апубл. ў 1836 М.Я.Абаленскім. Зберагаецца ў Маскве ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў. Зборнік 1519 змяшчае свецкія і рэліг. творы, у т. л. самы поўны спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446 (гл.Супрасльскі летапіс), пераклад на бел. мову Вісліцкага статута польск. караля Казіміра III Вялікага, «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Перапісаны ва ўсх. Беларусі пісцом Рыгорам для кн. С.Адынцэвіча, радаслоўе якога змешчана ў канцы рукапісу. Адкрыты Баброўскім. Зберагаецца ў архіве С.-Пецярбургскага філіяла Ін-та рас. гісторыі Рас.АН.
Літ.:
Супрасльская рукопись, содержащая Новгородскую и Киевскую сокращенныя летописи. М., 1836;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАГО́Р Рабіндранат (Тхакур Рабіндранатх; 7.5.1861, г. Калькута, Індыя — 7.8.1941),
індыйскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Англіі (1878—80). Друкаваўся з 1875. Пісаў на бенгальскай мове. У першых зб-ках вершаў «Вячэрнія песні» (1882), «Ранішнія песні» (1883), драме «Помста прыроды» (1884) пантэістычныя і жыццесцвярджальныя матывы. Распрацаваў канцэпцыю «бажаства жыцця» («джыбон-дэбота») пра адзінства чалавека і прыроды (паэт. цыклы «Маношы», 1890; «Залатая лодка», 1893; «Імгненні», 1900; зб. «Гітанджалі», 1910). Раманы «Гора» (1907—10), «Дом і мір» (1915—16), цыкл вершаў «Палёт жураўлёў» (1914—16) прасякнуты ідэямі сац. і нац. вызвалення краіны. Уражанні ад паездак у краіны Азіі, Еўропы і Амерыкі ў «Дзённіку падарожжа на Захад» (1929), «Пісьмах аб Расіі» (1931) і інш.Сац. праблематыка ў лірычным зб. «Усходні напеў» (1925), алегарычных драмах «Вызвалены паток» (1922) і «Чырвоныя алеандры» (1924). Раман «Чатыры часткі» (1934), аповесці «Дзве сястры» (1933) і «Кветнік» (1934), паэт.зб-кі «Завяршэнне» (1932). «Апошняя актава» (1935), «Нованароджаны» (1940) і інш., зборнікі апавяданняў і публіцыстыкі скіраваны супраць расавай дыскрымінацыі, рэліг. нецярпімасці, каставай сістэмы і бяспраўя жанчыны, прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Творчасць Т. адыграла выключную ролю ў станаўленні бенгальскай літ. мовы. Ён узбагаціў паэзію новымі формамі і вершаванымі памерамі, заклаў асновы жанру апавядання і развіў жанр сац.-псіхал. рамана, паклаў пачатак паліт. лірыцы. Эстэт. погляды Т. адлюстраваны і ў мастацтве (аўтар некалькіх тысяч песень, 2000 малюнкаў і карцін). Песня «Душа народа» — гімн Індыі, «Мая залатая Бенгалія» — гімн Рэспублікі Бангладэш. Значную ўвагу аддаваў пытанням тэорыі і практыкі нар. асветы (адкрыў школу, заснаваў ун-т). На бел. мову яго творы пераклалі Я.Колас, С.Грахоўскі, А.Мардвілка, А.Разанаў, Я.Семяжон, К.Станкевіч, Г.Шаранговіч. Нобелеўская прэмія 1913.