СВІФТ ((Swift) Джонатан) (30.11.1667, Дублін — 19.10.1745),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.​Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.

У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел. т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.​Кудравец.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;

Рус. пер. — Памфлеты. М., 1955;

Дневник для Стеллы. М., 1981;

Путешествия Гулливера... Мн., 1992;

Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.

Літ.:

Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;

Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;

Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.

М.​С.​Рагачэўская.

Дж. Свіфт.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)