ТАГО́Р Рабіндранат (Тхакур Рабіндранатх; 7.5.1861, г. Калькута, Індыя — 7.8.1941),
індыйскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Англіі (1878—80). Друкаваўся з 1875. Пісаў на бенгальскай мове. У першых зб-ках вершаў «Вячэрнія песні» (1882), «Ранішнія песні» (1883), драме «Помста прыроды» (1884) пантэістычныя і жыццесцвярджальныя матывы. Распрацаваў канцэпцыю «бажаства жыцця» («джыбон-дэбота») пра адзінства чалавека і прыроды (паэт. цыклы «Маношы», 1890; «Залатая лодка», 1893; «Імгненні», 1900; зб. «Гітанджалі», 1910). Раманы «Гора» (1907—10), «Дом і мір» (1915—16), цыкл вершаў «Палёт жураўлёў» (1914—16) прасякнуты ідэямі сац. і нац. вызвалення краіны. Уражанні ад паездак у краіны Азіі, Еўропы і Амерыкі ў «Дзённіку падарожжа на Захад» (1929), «Пісьмах аб Расіі» (1931) і інш.Сац. праблематыка ў лірычным зб. «Усходні напеў» (1925), алегарычных драмах «Вызвалены паток» (1922) і «Чырвоныя алеандры» (1924). Раман «Чатыры часткі» (1934), аповесці «Дзве сястры» (1933) і «Кветнік» (1934), паэт.зб-кі «Завяршэнне» (1932). «Апошняя актава» (1935), «Нованароджаны» (1940) і інш., зборнікі апавяданняў і публіцыстыкі скіраваны супраць расавай дыскрымінацыі, рэліг. нецярпімасці, каставай сістэмы і бяспраўя жанчыны, прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Творчасць Т. адыграла выключную ролю ў станаўленні бенгальскай літ. мовы. Ён узбагаціў паэзію новымі формамі і вершаванымі памерамі, заклаў асновы жанру апавядання і развіў жанр сац.-псіхал. рамана, паклаў пачатак паліт. лірыцы. Эстэт. погляды Т. адлюстраваны і ў мастацтве (аўтар некалькіх тысяч песень, 2000 малюнкаў і карцін). Песня «Душа народа» — гімн Індыі, «Мая залатая Бенгалія» — гімн Рэспублікі Бангладэш. Значную ўвагу аддаваў пытанням тэорыі і практыкі нар. асветы (адкрыў школу, заснаваў ун-т). На бел. мову яго творы пераклалі Я.Колас, С.Грахоўскі, А.Мардвілка, А.Разанаў, Я.Семяжон, К.Станкевіч, Г.Шаранговіч. Нобелеўская прэмія 1913.