РЭФЕРЭ́НДУМ (ад лац. referendum тое, што павінна быць паведамлена),
галасаванне выбаршчыкаў па якім-н. пытанні дзярж. або грамадскага жыцця; інстытут непасрэднай дэмакратыі. У адрозненне ад выбараў пры Р. аб’ектам з’яўляецца не кандыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне — закон, законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі, якая-н. унутрыпаліт. праблема ці праблема, што адносіцца да міжнар. статуса адпаведнай краіны. Своеасаблівай формай Р. з’яўляецца плебісцыт — апытанне насельніцтва пра паліт. лёс тэрыторыі, на якой яно пражывае. Прававую аснову Р. на Беларусі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11.2.2000, якім рэгламентаваны парадак правядзення і падвядзення вынікаў Р. Рэферэндумы могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. На рэсп. Р. выносяцца найважнейшыя пытанні дзярж. і грамадскага жыцця краіны, на мясцовыя — пытанні, што маюць важнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адм.-тэр. адзінак і аднесены да кампетэнцыі іх кіруючых, выканаўчых і распарадчых органаў. Права ініцыятывы на правядзенне рэсп. Р. належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, грамадзянам краіны (апошняя выносіцца ў выглядзе прапановы не менш чым 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як па 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска). Рашэнні, прынятыя Р., могуць быць адменены ці зменены толькі шляхам новага Р. Рашэнне, прынятае Р., падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і набывае сілу праз 10 дзён пасля афіц. публікавання, калі ў ім не ўстаноўлены іншы тэрмін. Мясц. Р. назначаюцца мясц. прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Р. падпісваюць кіраўнікі адпаведных мясц. прадстаўнічых органаў. Першы ў гісторыі краіны рэсп. Р. адбыўся 14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі па пытаннях устанаўлення новай дзярж. сімволікі, змянення статуса рус. мовы, эканам. інтэграцыі з Расіяй, унясення змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярх. Савета. На рэсп. Р. 24.11.1996 прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі).
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)