СПРАВЯДЛІ́ВАСЦЬ,

сацыяльна-палітычнае і маральна-прававое паняцце, звязанае з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі аб правах чалавека; роўныя магчымасці ўсіх членаў грамадства ў рэалізацыі сваіх здольнасцей і задавальненні жыццёвых патрэбнасцей; адпаведнасць паміж практычнай роляй чалавека ці сац. групы і іх сац. становішчам, паміж правамі і абавязкамі, заслугамі і іх грамадскім прызнаннем, працай і ўзнагароджаннем, злачынствам і пакараннем. У сац.-паліт. сферы ажыццяўленне прынцыпу С. прадугледжвае фактычнае раўнапраўе грамадзян, у сферы культуры — у стварэнні спрыяльных умоў для далучэння ўсіх членаў грамадства да духоўных каштоўнасцей. Уяўленні пра С. прайшлі эвалюцыю ад ідэй раўнапраўя у межах саслоўя да ўсеагульнай роўнасці сацыяльнай. Пашырэнне спектра С. звязана з рэалізацыяй ідэй дэмакратыі, развіццём паліт. культуры і разуменнем чалавечай асобы як найвышэйшай каштоўнасці грамадства.

Першай спробай тэарэт. асэнсавання С. стала сац.-этычнае вучэнне Платона, які лічыў С. сумай усіх дабрачыннасцей. Ажыццяўленне прынцыпу С. ў грамадстве ён звязваў з добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў членамі аднаго саслоўя і неўмяшаннем у справы іншага. Арыстоцель вылучаў 2 віды С. (размеркавальную і ўраўняльную) і ўпершыню сфармуляваў прынцып прапарцыянальнасці, згодна з якім размеркаванне даброт паміж членамі грамадства павінна быць прапарцыянальным іх дзейнасці. У хрысціянстве паняцце С. звязваецца з ідэяй пасмяротнай адплаты за дабрадзейнае ці грэшнае жыццё. Стварэнне сац. ладу, які б вызначаўся С. пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт, выступала асн. ідэяй сацыялістаў-утапістаў (А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн). У 20 ст. вызначыліся супрацьлеглыя погляды на праблему С.: адмаўленне магчымасці сац. С. і прызнанне сац. няроўнасці натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.) і сцвярджэнні, што шляхам мэтазгоднага рэфармавання дзяржавы ці рэвалюцыі сацыяльнай магчыма дасягнуць сац. С. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя сац. дзяржавы і інш.).

Літ.:

Григорьев С.И. Диалог об очень важном: Критич. очерк немарксистских концепций социал. справедливости. Барнаул, 1985;

Ермолина Г.К. Идеал справедливости и действительность. Иваново, 1991;

Свобода и справедливость: Диалог мировоззрений. Н. Новгород, 1993;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995.

І.​І.​Катляр.

т. 15, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)