пераўтварэнне даных у больш кампактную форму без страты карыснай інфармацыі. Праводзіцца з мэтай змяншэння лішкавасці, эканоміі памяці, а таксама павышэння эфектыўнасці выкарыстання сродкаў перадачы і захоўвання інфармацыі.
Існуюць метады кадзіравання інфармацыі для змяншэння лішкавасці даных, іх ушчыльнення і дасягнення найб. магчымай ступені С.д. пры абмежаваным аб’ёме памяці і прымальнай хуткасці перадачы, напр., у Інтэрнеце. Аналагічныя метады выкарыстоўваюцца пры рэгістрацыі інфармацыі, стварэнні архіваў на розных носьбітах інфармацыі, рэзервовых копій важных даных і інш.Найб. разнастайныя метады выкарыстоўваюцца пры перадачы і захоўванні відарысаў (графічнай інфармацыі, здымкаў, схем і інш.). У статычным рэжыме С.д. выконваецца з дапамогай праграм-архіватараў. Можа быць С.д. са стратамі — частка неістотнай інфармацыі адкідваецца для забеспячэння найб. ступені сціскання. Пры С.д. з дапамогай праграм-архіватараў група алфавітных, лічбавых ці інш. сімвалаў замяняецца на інш. групу сімвалаў з захаваннем сэнсу зыходных даных, напр., аб’ём літарнага тэксту змяншаецца ў 2—5 разоў. Існуюць таксама розныя тыпы дынамічнага С.д. (у рэальным часе), якое забяспечвае аператыўны доступ да даных. Напр., для растравых відарысаў эфектыўнае фрактальнае (гл.Фрактал) С.д., якое патрабуе для захавання відарысаў прыкладна ў 4 разы меншы аб’ём памяці ў параўнанні з захаваннем яго ў выглядзе пікселаў.
Літ.:
Борзенко А. Методы сжатия данных // Компьютер Пресс. 1995. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́ТНЕЎ Іван Пятровіч (1827, г. Чакалін Тульскай вобл., Расія — 18.2.1912),
рускі і бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве, Пецярбургскай АМ (1850—58; з 1868 акадэмік). У 1866—1912 арганізатар і загадчык Віленскай школы малявання. Шмат зрабіў для развіцця маст. адукацыі на Беларусі. Працаваў у жанрах гіст. і быт., партрэта, пейзажа. Многія яго работы прысвечаны побыту бел. і літ. сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю, крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці. Выканаў замалёўкі шэрагу будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і інш., Ільінскай царквы ў Віцебску (змешчана ў кн. П.Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890). Сярод жывапісных твораў: «Блаславенне сына ў апалчэнне» (1855), «Хрэсны ход на вадохрышча ў вёсцы» (1857, вял. залаты медаль), «Народная школа», «Партрэтная ў Антверпене» (1868), «Літоўская пагранічная карчма» (1889), «Віленскія пакутнікі Антоній і Іаан» (1880-я г.), «Сляпы кабзар», «На раку з бялізнай», «Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні» і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (аўтапартрэт, партрэт М.Марцюшавай, 1901), абразоў, пейзажаў («Ручай», пач. 20 ст.), а таксама акварэлей, у якіх увасобіў гіст. помнікі і памятныя мясціны на Беларусі.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии до октябрьского периода: Очерки. Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЦЭ́Т (італьян. terzetto; ад лац. tertius трэці) у музыцы, 1) ансамбль (пераважна вакальны) з трох удзельнікаў («Т. для дзвюх скрыпак і альта» А.Дворжака).
2) Муз. твор для такога складу выканаўцаў; самаст. п’еса ці нумар у оперы, кантаце, араторыі, аперэце, месе і інш. (Т. Кармэн, Фраскіты, Мерседэс з 3-га акта оперы Ж.Бізэ «Кармэн»).
У вершаскладанні Т. (трохрадкоўе) — страфа, якая складаецца з трох радкоў. Існуе некалькі яе відаў: рыфмуюцца ўсе радкі (ааа), рыфмуюцца толькі 2 радкі (ааб, абб ці аба), радкі зусім не рыфмуюцца (абв); напр.:
Я — кропля вялікага творчага мора,
Я — іскра квяцістага полымя зораў,
Я — водблеск нябёсных адвечных прастораў...
Памру — не памрэ безупынная сіла,
Што думы пад неба да зорак насіла,
Што кіне вянок на нямую магілу.
(З.Бядуля)
Часам у вершы, напісаным Т., ужываюцца адначасова розныя яго віды. У выглядзе монастрафы Т. сустракаюцца не часта. Найчасцей уваходзяць у склад буйнейшай вершаванай формы (напр., санета) або звязваюцца адно з адным ланцуговымі рыфмамі. У бел. паэзіі нярэдкія творы, у якіх 2 Т., графічна аддзеленыя, аб’ядноўваюцца рыфмай у своеасаблівыя пары:
Ціха па мяккай траве
Сінявокая ноч прахадзіла;
Ціха з заснуўшых палян
Плыў у гару і знікаў,
Быццам дым сіняваты з кадзіла,
Рэдкі, правідны туман.
(М.Багдановіч)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́СТЛЕР (Whistler) Джэймс Эбат Мак-Нейл (10.7.1834, г. Лоўэл, ЗША — 17.7.1903),
амерыканскі жывапісец і графік. У 1843—49 жыў у С.-Пецярбургу, дзе наведваў рысавальныя класы АМ, у 1850—55 — у ЗША. У 1855—59 вучыўся ў Парыжы ў Ш.Глейра, пасля працаваў пераважна ў Лондане (у 1884—96 зноў у Парыжы). Зазнаў уплыў Ж.Д.Г.Курбэ, яп. мастацтва. Быў блізкі франц.імпрэсіянізму. Ствараў карціны, якія вылучаюцца лаканічнай абагульненасцю сілуэтаў, вытанчанасцю лінейных рытмаў, вастрынёй кампазіцыйных вырашэнняў, танальнай гармоніяй. Імкнуўся вызначыць адпаведнасць паміж каларыстычнай танальнасцю і заканамернасцямі муз. формы: «Сімфонія ў белым № 1. Дзяўчына ў белым» (1862), «Гармонія ў шэрым і зялёным. Партрэт міс Сесілі Александэр» (1872—74). У лепшых партрэтах вытанчанасць маст. формы і колеравага вырашэння садзейнічае ўвасабленню душэўнага высакародства і ўнутр. прыгажосці мадэляў («Аранжыроўка ў шэрым і чорным № 1. Партрэт маці», 1871—72). Тонкі дэкаратывізм, імкненне да перадачы зыбкай рухомасці прыроднага асяроддзя, што асабліва ўзмацнілася ў 1880-я г., вылучаюць яго пейзажы-«накцюрны»: «Накцюрн у сінім і залатым. Стары мост у Батэрсі» (1872—75). Буйны майстар афорта («Венецыянская серыя», 1879—80).
Тв.:
Рус.пер. — Изящное искусство создавать себе врагов. М., 1970.
Літ.:
Матусовская Е.М. Уистлер и французские импрессионисты // Матусовская Е.М. Американская реалистическая живопись. М., 1986.
Дж.Уістлер. Гармонія ў шэрым і зялёным. Партрэт міс Сесілі Александэр. 1872—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРАЎ Ігар Пятровіч (1.1.1919—20. 3.1999),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў ленінградскія карабельны (1943) і тэатр. (1948) ін-ты. З 1949 у Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола, з 1956 у Вял.драм. т-ры імя Горкага, з 1960 гал. рэжысёр (да 1986) і акцёр Ленінградскага т-ра імя Ленсавета (у 1991—95 наз. Адкрыты т-р). Яго акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і адначасова ўнутр. значнасцю, рэжысёрскія — глыбокім пранікненнем у сутнасць твора, музычнасцю, гумарам. Сярод роляў: Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), прафесар Праабражэнскі («Сабачае сэрца» паводле М.Булгакава), Ён («Старамодная камедыя» А.Арбузава і ў аднайм. фільме). Паставіў п’есы: «Пігмаліён» Б.Шоу (1962), «Таня» Арбузава (1963), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1964), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1966, 1983), «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына (1967), «Дульсінея Табоская» А.Валодзіна (1973), «Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага і «Вішнёвы сад» Чэхава (абедзве 1978), «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай (1986), «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева (1987), «Хэпі энд адмяняецца» («Ахвяра») М.Фраці (1995) і інш. Здымаўся ў кіно: «Твой сучаснік», «Адваротная сувязь», «Утаймаванне агню», «Казкі... казкі... казкі старога Арбата»; у тэлефільмах «Вялікае процістаянне», «Мая справа» і інш. Паставіў фільм «Лішні білет» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НСЕТ (Undset) Сігрыд (20.5.1882, г. Калунбарг, Данія — 10.6.1949),
нарвежская пісьменніца. Дэбютавала аповесцю «Спадарыня Марта Оўлі» (1907), якой вызначыла гал. праблему далейшай творчасці — эмансіпацыя жанчыны. У раманах «Шчаслівы ўзрост» (1908), «Ені» (1911), «Вясна» (1914), аповесці «Віга-Льёт і Вігдыс» (1909), зб.апавяд. «Абяздоленыя лёсы» (1912) і інш. перапляценне рэаліст. і рамант. тэндэнцый, праблемы сям’і, пачуццёвасці, грамадскай маралі. У 1920-я г. паступова эвалюцыяніравала да каталіцтва, што наклала адбітак на ўсю далейшую творчасць. Гал. яе творы — гіст. трылогія з эпохі вікінгаў і сярэдневякоўя «Крыстын, дачка Лаўранса» (1920—22) і гіст. раман «Улаў, сын Аўдуна з Хествікена» (т. 1—4, 1925—27), у якіх рамантызм у раскрыцці вобразаў і падзей накладваецца на пэўны кансерватызм светапогляду У. У раманах «Гімнадэнія» (1929), «Куст у агні» (1930), «Іда-Элісабет» (1932), «Верная жонка» (1936), кн. эсэ «Этапы» (1929) маральна-рэліг. праблематыка. Аўтар зб. вершаў «Маладосць» (1910), аўтабіягр. рамана «Адзінаццаць год» (1934), шматлікіх эсэ-ўспамінаў, перакладаў стараж.-ісл. саг, апрацовак сярэдневяковага кельцкага эпасу, аповесці для дзяцей «Сігурд і яго адважныя сябры» (выд. 1955) і інш. Нобелеўская прэмія 1928.
Тв.:
Рус.пер. — Улав, сын Аудуна из Хествикена. М., 1984;
Кристин, дочь Лавранса. Т. 1—2. М., 1994;
Йенни. Мн., 1994.
Літ.:
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЯ ФО́РМА СЛО́ВА,
матываваная сувязь семантычнай і марфемна-словаўтваральнай будовы аднаго слова (яго асновы) з інш. словам, лексічнае значэнне якога заключае ў сабе тую семантычную прыкмету, якая была пакладзена ў аснову ўтварэння новага наймення. Напр., «ляснік» — ’чалавек, звязаны з лесам’<«лес»; «леснічоўка» — ’хатка лесніка’<«ляснік»; «залессе» — ’месца...’<«за лесам»; «падлесак» — ’маладыя дрэўцы ў лесе’ <«пад лесам». У аснове ўсіх чатырох намінацый (назоўнікаў) ляжыць агульная семантычная прыкмета — значэнне марфемы «-лес-», якая і служыць базай У.ф.с. з рознымі лексічнымі значэннямі. Часцей У.ф.с. выяўляецца шляхам словаўтваральнага аналізу. Але паколькі У.ф.с. непасрэдна не звязана з лексічным значэннем новага слова, яна нярэдка зацямняецца або страчваецца зусім (параўн., «стол» <’сцяліць’ і «заяц»<’скакаць’). У такіх выпадках для высвятлення У.ф.с. праводзіцца этымалагічны аналіз. Напр., бел. «горад» і англ. town маюць аднолькавую ўнутр. форму. Але калі ў слове «горад» яшчэ адчуваецца сувязь з ’агароджваць’, то для англ. town яна адкрываецца пры супастаўленні з фанетычна суадпаведнымі словамі інш. моў: англ. town — ням. Zaun — ’агароджа, плот’ — бел. «тын» — ’плеценая агароджа’. Унутр. форма моўнага знака можа існаваць у формах: яўнай («сасновы лес»), згорнутай («сасоннік») і скрытай («бор» — ’сасновы лес, сасоннік’). 1-я форма вывучаецца сінтаксісам, 2-я — словаўтварэннем, 3-я — этымалогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́ГА ТА́ЙЛЕРА ПАЎСТА́ННЕ 1381,
найбуйнейшае сялянскае паўстанне ў сярэдневяковай Англіі. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі сялян у сувязі з развіццём таварна-грашовых адносін. Важную ролю ў ягоідэалаг. падрыхтоўцы адыгралі пропаведзі Дж.Уікліфа і лалардаў. Пачалося ў маі 1381 у паўд.-ўсх. Англіі і неўзабаве ахапіла 25 графстваў. Кіраўнікі: рамеснік (верагодна, былы салдат) Уот Тайлер і святар Дж.Бол. Паўстанцы пры дапамозе рамеснікаў і гар. беднаты 13 чэрв. ўвайшлі ў Лондан, дзе забілі многіх чыноўнікаў. Кіраўнікі паўстання 14 і 15 чэрв. падалі каралю Рычарду II петыцыі, у якіх патрабавалі знішчэння прыгонніцтва, устанаўлення цвёрдай грашовай рэнты, свабоднага гандлю, вяртання сялянам адабраных феадаламі абшчынных угоддзяў, а таксама ўраўнавання саслоўяў, секулярызацыі царк. і манастырскіх зямель і падзелу іх паміж сялянамі, амністыі паўстанцам. У час перагавораў Уот Тайлер па-здрадніцку забіты. Паўстанне жорстка задушана рыцарскім апалчэннем, Дж.Бол пакараны смерцю. У.Т.п. нанесла моцны ўдар па феад. ладзе, паскорыла працэс вызвалення сялян ад прыгону і замены паншчыны грашовай рэнтай.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Когда Адам пахал, а Ева пряла, кто был в Англии дворянином?» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.
М.Г.Нікіцін.
Даарт.Уота Тайлера паўстанне 1381. Забойства Уота Тайлера 15.6.1381. Гравюра 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРФО́РА-ФАЯ́НСАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна прамысловасці, прадпрыемствы якой вырабляюць фарфоравыя, фаянсавыя і інш. вырабы тонкай керамікі. Уключае вытв-сцьгасп., тэхн. і маст. фарфору, буд. фаянсу, паўфарфору і маёлікі, хіміка-лабараторнага посуду. Асн. яе сыравінай з’яўляюцца каалін, палявы шпат, кварцавы пясок, пластычная гліна, бентаніт. Ф.-ф.п. найб. развіта ў Германіі, Японіі, Кітаі, Вялікабрытаніі, Францыі. На Беларусі працуюць 2 прадпрыемствы Ф.-ф.п. У 1951 на базе прадпрыемства, што вырабляла кафлю, пачаў працаваць фарфора-фаянсавы з-д, які вырабляў кубкі, збаны, вазы. З 1962 наз.Мінскі фарфоравы завод (яго філіял дзейнічае ў г. Клецк). З-д выпускае фарфоравы посуд (чайныя, кававыя і сталовыя сервізы, заварныя і даліўныя чайнікі, кубкі), вазы, статуэткі, сувеніры, электратэхн. фарфор, радыёкераміку, вогнетрывалыя вырабы. З 1968 працуе Добрушскі фарфоравы завод, прадукцыя якога — сервізы, дэкаратыўныя талеркі, цукарніцы, дзіцячыя наборы і інш. Сыравіна для вытв-сці завозіцца пераважна з Украіны (каалін, пластычныя гліны, кварцавы пясок) і Расіі (каалін і палявы шпат). Вытв-сць фарфора-фаянсавага посуду на Беларусі ў 1990 склала 29 млн.шт., у 1995—21 млн.шт. і ў 2000—29 млн.шт.Асн. частка прадукцыі выкарыстоўваецца на Беларусі, часткова вывозіцца.
П.І.Рогач.
Даарт.Фарфора-фаянсавая прамысловасць. В.Леантовіч. Чайна-кававы сервіз «Матылёк». 1973. Мінскі фарфоравы завод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад фера... + магнетызм),
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва (ферамагнетыка), у якім большасць атамных магнітных момантаў паралельныя адзін аднаму так, што рэчыва мае самаадвольную (спантанную) намагнічанасць. Устанаўліваецца пры т-рах ніжэй Кюры пункта. З’яўляецца вынікам дадатнага абменнага ўзаемадзеяння.
У адсутнасць знешняга магн. поля ўзаемаразмяшчэнне самаадвольна намагнічаных у розных напрамках даменаў (абласцей аднароднай намагнічанасці, на якія разбіты ферамагнетык) такое, што поўная намагнічанасць усяго крышталя роўная нулю. Знешняе магн. поле мяняе даменную структуру: зрушваюцца даменныя межы, вектары намагнічанасці даменаў арыентуюцца ў адным напрамку. З ростам поля намагнічанасць расце і дасягае магнітнага насычэння; пры перамагнічванні назіраецца магн.гістэрэзіс. Мае месца магнітастрыкцыя, магнітная анізатрапія, тэкстура магнітная, ферамагнітны рэзананс. У пункце Кюры ферамагнітны парадак разбураецца і ферамагнетык пераходзіць у парамагнітны стан (фазавы пераход II роду), у некат. выпадках — у антыферамагнітны. Гл. таксама Магнітная структура.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Тикадзуми С. Физика ферромагнетизма: Магнитные свойства вещества: Пер. с яп.М., 1983;
Яго ж. Физика ферромагнетизма: Магнитные характеристики и практич. применения: Пер. с яп.М., 1987;
Уайт Р.М. Квантовая теория магнетизма: Пер. с англ. 2 изд. М., 1985.
Р.М.Шахлевіч.
Даарт.Ферамагнетызм. Ферамагнітная калінеарная атамная структура гранецэнтраванай кубічнай рашоткі ніжэй пункта Кюры; стрэлкамі паказаны напрамкі атамных магнітных момантаў; Js — вектар сумарнай намагнічанасці.