УЛАДЗІ́МІРАЎ Ігар Пятровіч (1.1.1919—20. 3.1999),
расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1978). Скончыў ленінградскія карабельны (1943) і тэатр. (1948) ін-ты. З 1949 у Ленінградскім т-ры імя Ленінскага камсамола, з 1956 у Вял. драм. т-ры імя Горкага, з 1960 гал. рэжысёр (да 1986) і акцёр Ленінградскага т-ра імя Ленсавета (у 1991—95 наз. Адкрыты т-р). Яго акцёрскія работы вылучаліся натуральнасцю і адначасова ўнутр. значнасцю, рэжысёрскія — глыбокім пранікненнем у сутнасць твора, музычнасцю, гумарам. Сярод роляў: Гаеў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), прафесар Праабражэнскі («Сабачае сэрца» паводле М.Булгакава), Ён («Старамодная камедыя» А.Арбузава і ў аднайм. фільме). Паставіў п’есы: «Пігмаліён» Б.Шоу (1962), «Таня» Арбузава (1963), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1964), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта і К.Вейля (1966, 1983), «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына (1967), «Дульсінея Табоская» А.Валодзіна (1973), «Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага і «Вішнёвы сад» Чэхава (абедзве 1978), «Пад адным дахам» Л.Разумоўскай (1986), «Заўтра была вайна» паводле Б.Васільева (1987), «Хэпі энд адмяняецца» («Ахвяра») М.Фраці (1995) і інш. Здымаўся ў кіно: «Твой сучаснік», «Адваротная сувязь», «Утаймаванне агню», «Казкі... казкі... казкі старога Арбата»; у тэлефільмах «Вялікае процістаянне», «Мая справа» і інш. Паставіў фільм «Лішні білет» (1983).
Л.В.Календа.
т. 16, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)