ТРУ́ТНЕЎ Іван Пятровіч (1827, г. Чакалін Тульскай вобл., Расія — 18.2.1912),
рускі і бел. жывапісец, графік, педагог. Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы ў Маскве, Пецярбургскай АМ (1850—58; з 1868 акадэмік). У 1866—1912 арганізатар і загадчык Віленскай школы малявання. Шмат зрабіў для развіцця маст. адукацыі на Беларусі. Працаваў у жанрах гіст. і быт., партрэта, пейзажа. Многія яго работы прысвечаны побыту бел. і літ. сялян. Творы вызначаюцца рэалістычнасцю, крытычным падыходам да адлюстравання рэчаіснасці. Выканаў замалёўкі шэрагу будынкаў Полацка, Віцебска, Мсціслава і інш., Ільінскай царквы ў Віцебску (змешчана ў кн. П.Бацюшкава «Беларусь і Літва», 1890). Сярод жывапісных твораў: «Блаславенне сына ў апалчэнне» (1855), «Хрэсны ход на вадохрышча ў вёсцы» (1857, вял. залаты медаль), «Народная школа», «Партрэтная ў Антверпене» (1868), «Літоўская пагранічная карчма» (1889), «Віленскія пакутнікі Антоній і Іаан» (1880-я г.), «Сляпы кабзар», «На раку з бялізнай», «Рэвалюцыя 1905 года ў Вільні» і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (аўтапартрэт, партрэт М.Марцюшавай, 1901), абразоў, пейзажаў («Ручай», пач. 20 ст.), а таксама акварэлей, у якіх увасобіў гіст. помнікі і памятныя мясціны на Беларусі.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Кацер М.С. Изобразительное искусство Белоруссии до октябрьского периода: Очерки. Мн., 1969.