УІ́СТЛЕР (Whistler) Джэймс Эбат Мак-Нейл (10.7.1834, г. Лоўэл, ЗША — 17.7.1903),

амерыканскі жывапісец і графік. У 1843—49 жыў у С.-Пецярбургу, дзе наведваў рысавальныя класы АМ, у 1850—55 — у ЗША. У 1855—59 вучыўся ў Парыжы ў Ш.​Глейра, пасля працаваў пераважна ў Лондане (у 1884—96 зноў у Парыжы). Зазнаў уплыў Ж.Д.Г.Курбэ, яп. мастацтва. Быў блізкі франц. імпрэсіянізму. Ствараў карціны, якія вылучаюцца лаканічнай абагульненасцю сілуэтаў, вытанчанасцю лінейных рытмаў, вастрынёй кампазіцыйных вырашэнняў, танальнай гармоніяй. Імкнуўся вызначыць адпаведнасць паміж каларыстычнай танальнасцю і заканамернасцямі муз. формы: «Сімфонія ў белым № 1. Дзяўчына ў белым» (1862), «Гармонія ў шэрым і зялёным. Партрэт міс Сесілі Александэр» (1872—74). У лепшых партрэтах вытанчанасць маст. формы і колеравага вырашэння садзейнічае ўвасабленню душэўнага высакародства і ўнутр. прыгажосці мадэляў («Аранжыроўка ў шэрым і чорным № 1. Партрэт маці», 1871—72). Тонкі дэкаратывізм, імкненне да перадачы зыбкай рухомасці прыроднага асяроддзя, што асабліва ўзмацнілася ў 1880-я г., вылучаюць яго пейзажы-«накцюрны»: «Накцюрн у сінім і залатым. Стары мост у Батэрсі» (1872—75). Буйны майстар афорта («Венецыянская серыя», 1879—80).

Тв.:

Рус. пер. — Изящное искусство создавать себе врагов. М., 1970.

Літ.:

Матусовская Е.М. Уистлер и французские импрессионисты // Матусовская Е.М. Американская реалистическая живопись. М., 1986.

Дж.Уістлер. Гармонія ў шэрым і зялёным. Партрэт міс Сесілі Александэр. 1872—74.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)