АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.​Брылём і У.​Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.​А.​Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА-ДАРЭ́ЎСКІ (Арцём Ігнатавіч) (4.11.1816, в. Кублічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1884),

бел. пісьменнік-дэмакрат. Скончыўшы Забельскую гімназію (Верхнядзвінскі р-н), служыў у розных установах Віцебска. Жыў у в. Стайкі паблізу ад Віцебска, арганізоўваў нар. школы, б-кі, чытальні. Падтрымліваў сувязь з У.Сыракомлем, А.Кіркорам, В.Дуніным-Марцінкевічам, В.Каратынскім, Я.Вулем, А.Рыпінскім і інш., якія пакінулі свае запісы ў «Альбоме» Вярыгі-Дарэўскага. У час паўстання 1863—64 адзін з арганізатараў узбр. выступлення на Віцебшчыне. У 1863 арыштаваны і зняволены ў віцебскую турму, у 1865 сасланы ва Усолле (Усх. Сібір). З 1868 на пасяленні ў Іркуцку. Памёр у Сібіры. Аўтар паэмы «Ахульга» (тэматычна звязана з вызв. барацьбой горцаў пад кіраўніцтвам Шаміля), драмы «Гордасць», камедый «Хцівасць» і «Грэх 4-ы — гнеў», дарожных нататкаў «Гутарка з пляндроўкі па зямлі латышскай» (матэрыялам паслужыла паездка Вярыгі-Дарэўскага ў інфлянцкія паветы Віцебскай губ. ў 1859), верша «Думкі хлопка з аколіц Віцебска на адглос вольнасці» (нап. 1858), твораў «Быхаў», «Паўрот Міхалка» і інш. Першы пераклаў на бел. мову паэму «Конрад Валенрод» А.​Міцкевіча. Бел. творы Вярыгі-Дарэўскага з-за цэнзурных умоў не друкаваліся, рукапісы іх не знойдзены. Пры жыцці апубл. маналог-думка «Салдатка» (урывак з камедыі «Грэх 4-ы — гнеў») і верш-гімн «Бялыніцка наша маці...». У копіі захавалася вершаваная імправізацыя «Літвінам, запісаўшымся ў мой Альбом, на пажагнанне» (нап. 1858). Па-польску напісаў «Гутарку пра сваяка» (1858, пад псеўд. Беларуская Дуда), баладу пра кіраўніка паўстання на Украіне Э.​Ружыцкага, верш, прысвечаны Э.​Жалігоўскаму, і інш. Друкаваў допісы ў газ. «Виленский вестник», варшаўскім час. «Ruch muzyczny» («Музычны рух»), польскамоўнай пецярб. газ. «Słowo» («Слова»). Меркаванне, што Вярыга-Дарэўскі — аўтар паэмы «Тарас на Парнасе», не пацверджана апошнімі даследаваннямі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Борковский С.А., Мальдис А.И. Поэтическое наследие Артемия Вериги-Даревского // Сов. славяноведение. 1971. № 2;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 144—212;

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 213—292.

Г.​В.​Кісялёў.

А.І.Вярыга-Дарэўскі.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫМ (ад франц. grimer падмалёўваць твар),

мастацтва змяняць вонкавы выгляд акцёра, пераважна яго твар, з дапамогай грыміравальных фарбаў, пластычных і валасяных наклеек, парыка, прычоскі і інш.; адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза. Характар грыму ў тэатры і кіно залежыць ад маст. асаблівасцей твора, рэжысёрскай канцэпцыі, задумы акцёра і стылю афармлення спектакля.

Гісторыя грыму ў т-ры ўзыходзіць да стараж. нар. абрадаў і гульняў, якія вымагалі ад удзельнікаў вонкавага пераўвасаблення. Нар. акцёры сярэдневякоўя (скамарохі, жанглёры і інш.) размалёўвалі твар сажай, сокам раслін. У 15—16 ст. удзельнікі прадстаўленняў карысталіся фантастычнымі маскамі і прымітыўна-рэалістычным грымам. Т-р класіцызму (17—18 ст.) стварыў ідэалізаваны, абагульнены грым. Развіццё рэалізму ў рус. т-ры 19 ст. садзейнічала росквіту мастацтва грыму, стварэнню грыма-партрэта; грым стаў адным з істотных кампанентаў рэжысёрскай задумы спектакля. З таго часу існуе прафесія мастака-грымёра.

У бел. т-ры развіццё грымёрскага мастацтва звязана з імёнамі буйных акцёраў, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў стварэнні грыму (Г.​Глебаў, Б.​Платонаў, С.​Бірыла, У.​Крыловіч, П.​Малчанаў, А.​Кістаў, А.​Ільінскі). Значны ўклад у станаўленне мастацтва грыму зрабілі бел. мастакі-грымёры С.​Школьнікаў, Р.​Волкаў, А.​Буднік, В.​Навіцкая, С.​Пінхасік, В.​Міронава, Л.​Звездачотава і інш. У кіно мастацтва грыму мае спецыфіку: улічваюцца ўмовы аператарскай тэхнікі, асаблівасці кінаплёнкі, характар асвятлення. Буйны план на экране асабліва ў каляровым кіно патрабуе карпатлівай работы грымёра-мастака. У бел. кіно і на тэлебачанні развіццю мастацтва грыму садзейнічалі грымёры Р.​Храпуцкі, У.​Дзяменцьеў, У.​Белавусаў, А.​Чартовіч і інш. У цырку грым як адзін са сродкаў стварэння акцёрскага вобраза выкарыстоўваецца прадстаўнікамі жанру клаунады.

Літ.:

Школьников С.П. Искусство грима. Мн., 1963.

Да арт. Грым. Б.​В.​Платонаў (злева). Ён жа ў ролі Эзопа ў спектаклі «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду. 1957. Грым Платонава пры ўдзеле А.​Тонкага.
Да арт. Грым. Г.​П.​Глебаў (злева). Ён жа ў ролі Тулягі ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы. 1939. Грым Глебава пры ўдзеле Р.​Волкава.
Да арт. Грым. У.​М.​Крыловіч (злева). Ён жа ў ролі Тодарбіча ў спектаклі «У ліпнёвую ноч» («Павукі і мухі») Б.​Гарчынскага. 1927. Грым Крыловіча.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЯ МО́ВА,

адна з індаеўрапейскіх моў (грэч. група), афіц. мова Грэцыі і Кіпра (разам з турэцкай). Пашырана таксама ў Турцыі, Паўд. Албаніі, Паўд. Італіі, Егіпце, ЗША і інш. краінах. У гісторыі грэчаскай мовы вылучаюць 3 асн. перыяды: старажытнагрэчаскі (14 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), сярэднегрэчаскі (5—15 ст.), новагрэчаскі (з 15 ст.). Стараж.-грэч. мова прайшла наст. этапы развіцця: архаічны (з 14 — 12 да 8 ст. да н.э.), класічны (з 8—7 да 4 ст. да н.э.), эліністычны — перыяд фарміравання агульна-грэч. мовы — кайнэ (4—1 ст. да н.э.), познагрэч. (1—4 ст.) і існавала ў выглядзе дыялектаў, паступова набываючы пісьмовую форму (гл. ў арт. Грэчаскае пісьмо). Захавалася багатая л-ра класічнага перыяду на эалійскім (творы Сапфо, Алкея), дарыйскім (творы Алкмана, Эпіхарма, Сафрона, Філалая, матэматыка Архімеда), іанійскім (творы Гамера, Герадота, Гіпакрата), атычных дыялектах (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш.). Стараж. грэчаская мова мела ў фанетыцы 5 (кароткіх і доўгіх) галосных фанем, асобны рад прыдыхальных зычных, муз. націск; у марфалогіі — развітую сістэму дзеяслоўных формаў, спрошчанае імянное скланенне, развітое словаўтварэнне.

З цягам часу стараж.-грэч. мова мянялася, і да сярэдзіны 15 ст. завяршыўся працэс станаўлення на нар. аснове важнейшых асаблівасцей новагрэч. мовы, што працякаў у кірунку звужэння галосных, манафтангізацыі дыфтонгаў, ператварэння прыдыхальных зычных у спіранты, замены муз. націску сілавым, спрашчэння сістэмы скланення, замены многіх сінтакс. формаў аналітычнымі канструкцыямі.

Грэчаская мова здаўна была вядома на Беларусі. У 16—17 ст. яе вывучалі ў брацкіх школах. Павялічвалася колькасць перакладаў з грэч. на бел. мову («Евангелле вучыцельнае», «Бяседы Макарыя», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш.). У лексічным складзе бел. мовы замацавалася шмат грэцызмаў. З канца 17 ст. папулярнасць грэчаскай мовы на Беларусі ў сувязі з паланізацыяй грамадскага жыцця пачала змяншацца. У 20 ст., калі бел. мова пачала абслугоўваць сферы навукі, асветы, культуры і інш. і ўзнікла патрэба ў разнастайнай навук. тэрміналогіі, грэчаская мова зноў стала адыгрываць прыкметную ролю, і гэты працэс працягваецца.

Літ.:

Соболевский С.И. Древнегреческий язык. М., 1948.

А.​М.​Булыка.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ МАЛАДЗЁЖНЫ ТЭА́ТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1984 у Мінску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (розных гадоў), тэатр. навуч. устаноў Масквы, акцёраў Бел. рэсп. т-ра юнага гледача і інш. У 1988 папоўніўся выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та. Адкрыўся 30.4.1986 спектаклем «Гэтыя незразумелыя старыя людзі...» паводле аповесці С.​Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Т-р імкнуўся прыцягнуць да сябе ўвагу вастрынёй узнятых сац.-грамадскіх праблем, асэнсаваннем жыццёвых працэсаў сучаснасці, тэатр. сінтэзам розных сродкаў маст. выразнасці, абнаўленнем тэатр. формаў. У яго рэпертуары сучасныя п’есы: «Вепручок» В.​Розава, «Рамонт» М.​Рошчына, «Зоркі на ранішнім небе» А.​Галіна, п’еса-дыялог «Чырвоны куток» М.​Разоўскага; адкрыты спектакль-гульня для дзяцей «Неверагодны ілюзіён Эрні» А.​Эйкбарна; вырашаны мовай пластыкі «Лёс сабора» паводле рамана В.​Гюго «Сабор Парыжскай Божай маці»; інсцэніроўка рамана У.​Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», нар. драма Ф.​Шылера «Вільгельм Тэль»; монаспектакль паводле кнігі «Патаемнае жыццё Сальвадора Далі, напісанае ім самім»; драма Ж.​П.​Сартра «Пры зачыненых дзвярах»; трагікамедыя «Запрашэнне на танга» паводле п’есы С.​Мрожака «Танга»; фантаст. камедыя «Кентэрвільскі прывід» Л.​Еранькова паводле твораў О.​Уайльда. У 1984—86 у складзе т-ра працавала група пантамімы «Рух».

У складзе трупы (1997): С.​Журавель, У.​Емяльянаў, С.​Ждан. Г.​Лавухіна, В.​Ліхадзей, В.​Моўчан, А.​Унукава, І.​Фільчанкоў, А.​Хрысціч, А.​Шароў і інш. Гал. рэжысёры: Р.​Баравік (1985—88), Б.​Луцэнка (1988—90), В.​Катавіцкі (з 1990), гал. мастак З.​Марголін (з 1988).

Р.​І.​Баравік.

Да арт. Дзяржаўны маладзёжны тэатр Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Вільгельм Тэль» Ф.​Шылера.

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР БССР.

Створаны ў ліст. 1939 у Беластоку, у 1940—41 працаваў у Гродне. Адкрыўся 13.3.1940 спектаклем «Каварства і каханне» Ф.​Шылера. Заснавальнік і маст. кіраўнік А.Венгерка. Сярод пастановак: «Мараль пані Дульскай» Г.​Запольскай, «Пажыццёвая рэнта» і «Помста» А.​Фрэдры, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага, «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ.У складзе трупы акцёры: І.​Бароўская, С.​Брылінскі, С.​Бутрым, Ян Вашчаровіч, М.​Гадлеўскі, С.​Зніч, Г.​Касабуцкая, Т.​Манкевіч, Б.​Міхальская, Г.​Слівінскі. В.​Сташэўскі, А.​Шаляўскі і інш.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

1) народны танец, апрацаваны для выканання на сцэне. Вядомы з пач. 20 ст. З выхадам на сцэну ў структуры нар. танца адбыліся змены, якія наблізілі яго да тэатр. мастацтва. Малюнак танца будуецца ў разліку на франтальнае ўспрыняцце яго гледачамі: зніклі паўторы, характэрныя для фалькл. узораў, у развіцці дзеяння ўлічваюцца законы драматургіі, узбагачаецца і ўскладняецца танц. лексіка, больш разнастайнымі сталі кампазіцыйныя малюнкі. На аснове творчага выкарыстання фалькл. спадчыны ствараюцца таксама новыя арыгінальныя пастаноўкі. Ад характарнага танца адрозніваецца большай блізкасцю да фалькл. першаасновы. Першы ў б. СССР прафес. калектыў, творчасць якога грунтавалася на аснове Н.-с.т., — Ансамбль народнага танца Расіі пад кіраўніцтвам І.​Майсеева.

На Беларусі ўзнікненне Н.-с.т. звязана з дзейнасцю трупы І.​Буйніцкага, які ўпершыню вывеў на сцэну «мужыцкі» танец, паказаў яго невычарпальныя магчымасці і прыгажосць. Развіццё бел. Н.-с.т. атрымаў у творчасці БДТ і Трупы Галубка. Станаўленне Н.-с.т. адбывалася ў шматлікіх прафес. і самадз. калектывах (Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ, Гомельскі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам А.​Рыбальчанкі і інш.). Вял. ўклад у развіццё бел. Н.-с.т. зрабілі К.Алексютовіч, І.Хвораст, А.Апанасенка, П.Акулёнак, В.Гаявая, В.Дудкевіч, М.​Дудчанка, Л.​Ляшэнка, І.​Серыкаў, Я.​Штоп і інш. Н.-с.т. — аснова творчасці Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», танц. групы Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, ансамбля «Белыя росы», самадз. калектываў.

2) Спец. навуч. дысцыпліна харэаграфічных і інш. навуч. устаноў, якія рыхтуюць танцоўшчыкаў і балетмайстраў.

Літ.:

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Народно-сценический танец. М., 1976;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность. Мн., 1999;

Гребенщиков С.М. Белорусская народно-сценическая хореография. Мн., 1976;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народна-сцэнічны танец: 1 — «Бульба». Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь; 2 — «Путанка». Самадзейны харэаграфічны ансамбль «Белая Русь»; 3 — «Пава». Харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫЯ ЛАДЫ́,

група дыятанічных ладоў (гл. Дыятоніка). Уключае поўныя і няпоўныя лідыйскі, іанійскі (натуральны мажор), міксалідыйскі, дарыйскі, эалійскі (натуральны мінор), фрыгійскі, лакрыйскі (зрэдку), а таксама ўсе віды пентатонікі. Ступені ў Н.л. знаходзяцца ў суадносінах, уласцівых гукам асн. гукараду, у адрозненне ад ладоў са змененымі асн. ступенямі (гл. Альтэрацыя, Храматыка). Назвы Н.л. запазычаны ў сярэднявеччы са стараж.-грэч. тэорыі музыкі, але структура Н.л. і стараж.-грэч. не супадае. Н.л. адрозніваюцца адзін ад аднаго індывідуальна спецыфічным гучаннем, аднак для лідыйскага, іанійскага, міксалідыйскага характэрна мажорнае нахіленне, для дарыйскага, эалійскага, фрыгійскага — мінорнае (гл. нотны прыклад; схема І.​Спасобіна). Уласцівы муз. фальклору многіх народаў (бел. нар. музыцы характэрны іанійскі, эалійскі, міксалідыйскі, пентатонавыя лады, трапляюцца дарыйскі, фрыгійскі, значна радзей — лідыйскі, лакрыйскі), пад яго ўплывам увайшлі ў сярэдневяковыя манодыі, стараж.-рус. і бел. культавую музыку, з 17 ст. — у зах.-еўрап. і рус. кампазітарскую творчасць. Н.л. шырока прадстаўлены ў рус. і зарубежнай музыцы 19—20 ст. (М.​Мусаргскі, М.​Рымскі-Корсакаў, І.​Стравінскі, Б.​Бартак, Э.​Грыг, К.​Дэбюсі), сав. кампазітараў (М.​Мяскоўскі, С.​Пракоф’еў, Г.​Свірыдаў, Ю.​Шапорын, Дз.​Шастаковіч). Сярод бел. кампазітараў Н.л. выкарыстоўвалі Л.​Абеліёвіч, М.​Аладаў, А.​Багатыроў, С.​Бельцюкоў, Я.​Глебаў, В.​Залатароў, П.​Падкавыраў, В.​Помазаў, Ф.​Пыталеў, Дз.​Смольскі, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, Л.​Шлег і інш.

Ва ўсх. нар. музыцы ў процілегласць еўрапейскай Н.л. не дыятанічныя, што дае падставу для больш шырокага сучаснага разумення іх у музыцы з уключэннем у сэнс тэрміна і недыятанічных сістэм (напр., сучаснай 12-ступеннай сістэмы).

Літ.:

Способин И.В. Лекции по курсу гармонии М., 1969;

Тюлин Ю.Н. Натуральные и альтерационные лады. М., 1971;

Холопов Ю.Н. Проблемы диатоники и хроматики // Сов. музыка. 1972. № 10;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;

Дубкова Т.А. Натуральналадавыя сродкі ў творчасці беларускіх кампазітараў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1964. №4;

Юденич Н Народная ладовая гармония в творчестве белорусских композиторов // Музыка и жизнь. Л.;

М., 1973. Вып. 2.

Т.А Дубкова.

Натуральныя лады.

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАНЖЭ́ ((Béranger) П’ер Жан дэ) (19.8.1780, Парыж — 16.7.1857),

французскі паэт. Развіваў традыцыі франц. нар. песні. Весялосцю, жыццялюбствам, пачуццёвасцю адметныя яго раннія творы (зб. «Песні маральныя і іншыя», 1815). «Кароль Івето» — сатыра на напалеонаўскія войны і раскошу імператарскага двара. За антыдваранскія і антыклерыкальныя песні («Маркіз дэ Караба», «Святыя айцы» і інш. двухтомніка 1821, зб-каў 1825 і 1828) двойчы зняволены. Песні 1830—40-х г. апявалі барацьбу і гераізм удзельнікаў рэвалюцый («Ліпеньскія магілы» і інш.), выкрывалі буржуазную манархію Луі Філіпа («Бандзі» і інш.), выказвалі спадзяванне Беранжэ, які знаходзіўся пад уплывам ідэй утапічнага сацыялізму, на магчымасць мірнага пераўтварэння грамадства, ажыццяўленне хрысціянскай ідэі роўнасці («Вар’яты», «Чатыры эпохі»). Лепшыя творы прысвяціў простым людзям («Прыдворны фрак», «Разбітая скрыпка», «Рыжая Жанна» і інш.). Песні Беранжэ жанрава разнастайныя, простыя па змесце, злабадзённыя па тэме, адточаныя па форме, дасціпныя і іранічныя; сэнсавай і эмацыянальнай кульмінацыяй у іх з’яўляецца рэфрэн. Аўтар кн. «Мая біяграфія» (не скончана, 1861). На бел. мову творы Беранжэ перакладалі Э.​Агняцвет, А.​Дудар, А.​Зарыцкі, Н.​Мацяш і інш.

Тв.:

Бел. пер.Выбр. песні. Мн., 1960;

Рус. пер.Полн. собр. соч. Т. 1—2. 2 изд. М.; Л., 1936;

Песни. М., 1985.

Літ.:

Данилин Ю. Беранже и его песни. 2 изд. М., 1973;

Муравьёва Н.И. Беранже. М., 1965.

С.​Д.​Малюковіч.

П.Ж. дэ Беранжэ.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІТЭ́ЛЬ (Пятро) (Пётр Іванавіч; 19.6.1912, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні (1931), Мінскі пед. ін-т (1970). У 1931—39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945. У 1947 беспадстаўна звольнены з настаўніцкай працы. Стаў правасл. святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобл., Омску і Джэзказгане. У 1956 вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963—74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978. Друкаваўся з 1929 у час. «Шлях моладзі» пад псеўд. Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968; пра ВКЛ да Крэўскай уніі); «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984; пра Афанасія Філіповіча). Паэмы адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. Пераклаў на бел. мову творы А.​Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В.​Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю.​І.​Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы М.​Канапніцкай, Б.​Пруса, Ю.​Славацкага, Г.​Сянкевіча, М.​Лермантава, А.​Пушкіна, І.​Франко, Т.​Шаўчэнкі, Б.​Брэхта, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера і інш.

Тв.:

Замкі і людзі. Мн., 1968;

Паэмы. Мн., 1984;

Дзве вайны: Вершы, аповесці. Мн., 1990.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА МЕТА́ЛАЎ ЦІ́СКАМ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, у выніку якіх адбываецца пластычная дэфармацыя загатовак без парушэння іх суцэльнасці пад уздзеяннем прыкладзеных вонкавых сіл. Асн. віды апрацоўкі металаў ціскам: пракатка, прасаванне, валачэнне, коўка, штампоўка, гібка; абсталяванне: пракатныя станы, прэсы, валачыльныя станы, молаты, гібачныя машыны.

Апрацоўваюць ціскам большасць металаў і сплаваў, за выключэннем крохкіх (напр., чыгуноў), пераважна ў гарачым стане (пры т-ры больш высокай, чым т-ра рэкрышталізацыі). Пасля халоднай апрацоўкі (робіцца звычайна пры пакаёвай т-ры) пластычныя ўласцівасці металаў узнаўляюць адпалам. Часам выкарыстоўваюць і цёплую апрацоўку (пры прамежкавых т-рах). Апрацоўка металаў ціскам дае магчымасць павысіць трываласць, зменшыць шурпатасць паверхні (напр., абкаткай ролікамі) вырабаў, паменшыць расход металу, лягчэй механізуецца і аўтаматызуецца.

Тэорыя апрацоўкі металаў ціскам займаецца вызначэннем намаганняў, што абумоўліваюць пластычнае дэфармаванне; разлікам памераў і формаў загатовак; вывучае заканамернасці пластычнага цячэння металаў, уплыў апрацоўкі металаў ціскам на мех. і фіз. ўласцівасці металаў. Звязана з дасягненнямі фізікі металаў і пластычнасці тэорыі. Заснавана рус. вучоным Дз.​К.​Чарновым, развіта і выкладзена ў працах рус. і бел. Вучоных С.​І.​Губкіна, А.​І.​Цэлікава, А.​П.​Чакмарова, Г.​М.​Паўлава, В.​П.​Севярдэнкі, В.​С.​Смірнова, В.​М.​Чачына, А.​В.​Сцепаненкі і інш. На Беларусі работы ў галіне апрацоўкі металаў ціскам вядуцца ў Фіз.-тэхн. ін-це АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)