ШАМЕТАВЕ́Ц Таццяна Рамуальдаўна (н. 1.1.1960, Мінск),
бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэаграфічнае вучылішча (1979, клас І.Савельевай). З 1979 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі. Танцоўшчыца шматграннай адоранасці, аднолькава свабодна валодае тэхнікай класічнага і сучаснага танца, выконвае партыі характарнага плана. Сярод партый у нац. рэпертуары: Нявеста («Крылы памяці» У.Кандрусевіча), Ганна Багранародная («Страсці» А.Мдывані), Дзяўчына («Кругаверць» А.Залётнева). З інш. рэпертуару: Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Блудніца («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Дзяўчына («Балеро» на муз. М.Равеля), Мерседэс і сола («Дон Кіхот» і «Пахіта» Л.Мінкуса), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Мірта («Жызэль» А.Адана), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), сеньёра Капулеці («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), танцы ў операх.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушынская Т. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993.
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)