раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж. Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯСТРЭ́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,
агульная назва сродкаў, у якіх для выкідвання з канала ствала снарада (кулі, міны) выкарыстоўваецца сіла ціску ад згарання парахавых зарадаў ці спец. гаручых сумесяў. Бывае гладкаствольная і наразная, аднаразовая і аўтаматычная, баявая, спартыўная і паляўнічая; паводле абслугоўвання і выкарыстання — індывідуальная і калектыўная. Баявая агнястрэльная зброя падзяляецца на артылерыйскую (гарматы, мінамёты, гаўбіцы і інш.), стралковую (рэвальверы, пісталеты, аўтаматы, вінтоўкі, карабіны, кулямёты і інш.); да агнястрэльнай зброі адносяцца таксама гранатамёты.
Агнястрэльныя зброі з’явіліся пасля вынаходства пораху і ўпершыню выкарыстана ў Кітаі ў 11 ст. У Еўропе, у т. л. на Беларусі, вядома з 14 ст. Выраблялася на Беларусі з канца 14 ст. У 16—18 ст. людвісарні (ліцейныя майстэрні), дзе адлівалі гарматы, існавалі ў Нясвіжы, Слуцку, Урэччы, Быхаве, Магілёве і інш гарадах. Буйнейшыя вытворцы сучаснай агнястрэльнай зброі і інш. ўзбраення — ЗША, Расія, Францыя і інш. прамыслова-развітыя краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.Бернар, У.Кенан, Г.Селье, а таксама савецкія Л.А.Арбелі, П.К.Анохін, П.Д.Гарызонтаў, І.В.Давыдоўскі, Ф.З.Меерсон, В.П.Казначэеў, А.Д.Слонім, Ф.І.Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕРБАЙДЖА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (агузасельджукская падгрупа), дзярж. мова Азербайджанскай Рэспублікі (гл.Азербайджан). Пашырана таксама ў Грузіі, Арменіі, Дагестане, Іране, Іраку і Турцыі. З сучасных моў найб. блізкая турэцкай. Мае 4 дыялектныя групы: усх. (бакінскі, кубінскі, шэмахінскі дыялекты, муганская і ленкаранская гаворкі), зах. (казахскі, гянджынскі, карабахскі дыялекты і айрумская гаворка), паўн. (нухінскі дыялект і закатальска-кахская гаворка), паўд. (нахічэванскі, ардубадскі, таўрызскі дыялекты і ерэванская гаворка). Адрозненні ў дыялектах закранаюць пераважна фанетыку і лексіку. Літ. азербайджанская мова развіваецца з 13 ст. (аснова — шэмахінскі і бакінскі дыялекты).
У фанет. сістэме 9 галосных фанем, 23 зычныя. У марфалогіі 9 часцін мовы, у т. л. паслялогі. У сінтаксісе развіта сістэма злучнікавых складаных сказаў. Пісьменства да 1929 на аснове араб. графікі, у 1929—39 на аснове лац. алфавіта, з 1939 на аснове рус., з 1991 — лац. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДХРА-ПРА́ДЭШ,
штат на ПдУ Індыі. Пл. 276,8 тыс.км², нас. 66,5 млн.чал. (1991), пераважна андхра (тэлугу); гарадскога 20%. Адм. цэнтр — Хайдарабад, буйныя гарады: Вішакхапатнам, Віджаявада. Займае прыбярэжную нізіну ўздоўж Бенгальскага заліва, частку пласкагор’я Дэкан і гор Усх. Гаты (выш. да 1680 м). Клімат вільготны, трапічны, мусонны на ўзбярэжжы (1500 мм ападкаў за год), ва ўнутр. раёнах з засушлівай зімой (ападкаў 500—850 мм за год). Адзін з асн.с.-г. штатаў Індыі. Гал.с.-г. культуры: рыс, тытунь, клешчавіна, кенаф, цукр. трыснёг, таксама вырошчваюць проса, арахіс, бавоўнік і інш. У жывёлагадоўлі пераважае авечкагадоўля. Традыцыйныя галіны прам-сці — тытунёвая, цукровая. Развіты горназдабыўная (каменны вугаль, слюды, хрызалітавы азбест, барыты, вапнякі, буд. матэрыялы, жал. і марганцавая руды, храміты, свінец), металург., хім., маш.-буд.прам-сць. Транспарт чыг., марскі (гал. порт Вішакхапатнам), аўтамабільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад грэч. apokrinō аддзяляю),
залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУК (Fagus),
род кветкавых раслін сям. букавых. 10 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі ў дзікарослым стане ў час кліматычнага оптымуму галацэну трапляўся бук лясны, або еўрапейскі (F. sylvatica). У наш час гэты від, а таксама бук буйналісты (F. grandifolia) і ўсходні (F. orientale) вырошчваюць як інтрадукаваныя расліны ў бат. садах, парках і некат. лясгасах.
Аднадомныя лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметрам ствала да 2—2,5 м, з густой амаль цыліндрычнай кронай і шэрай гладкай карой. Жывуць да 500 гадоў. Лісце эліптычнае, бліскучае. Кветкі дробныя, аднаполыя. Плады — 3-гранныя арэхі. Лесаўтваральныя (пераважна ў гарах), меліярац., дэкар. (некат. віды маюць садовыя формы), тэхн. (з драўніны вырабляюць мэблю, муз. інструменты, фанеру і інш., атрымліваюць метылавы спірт, воцат), лек., алейныя (плады даюць харч. і тэхн. алей), кармавыя і ядавітыя (плады маюць алкалоід фагін) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСАРТАВА́ЛЬНЫ ПУНКТ,
комплекс машын і абсталявання для аддзялення выкапанай бульбы ад раслінных рэшткаў і глебы з адначасовым калібраваннем клубняў і падачай іх у тару. Бывае перасоўны (выкарыстоўваецца каля буртоў і бульбасховішчаў) і стацыянарны.
Перасоўны бульбасартавальны пункт КСП-15В мае прыёмны бункер (да 8 т), модулі сепарацыі і калібравальны (на яго вынасных транспарцёрах можна перабіраць бульбу ўручную), загрузачныя канвееры. На калібравальным модулі фуражная бульба (меней за 50 г) і сярэдняя яе фракцыя (50—80 г) правальваюцца ў ячэйкі паміж ролікамі, а буйнейшыя клубні ідуць на транспарцёр ручной пераборкі. Прадукцыйнасць такога пункта 8—18,8 т/гадз. У Беларусі выкарыстоўваюцца таксама стацыянарныя бульбасартавальныя пункты айч. вытв-сці прадукцыйнасцю 25—30 т/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬЦО́ЎКА, вальцаванне,
1) працэс апрацоўкі прутковых або паласавых загатовак у вярчальных сектарных штампах, замацаваных на валках. Нагрэтую загатоўку кляшчамі падаюць у валікі (круцяцца звычайна ў процілеглых напрамках), якія захопліваюць яе і паглыбленнямі на паверхні штампаў надаюць ёй патрэбную форму. Вальцоўка высокапрадукцыйная, эканоміць метал, але не заўсёды дае дакладную апрацоўку. Выкарыстоўваецца для вырабу загатовак шатуноў, размеркавальных валоў, звёнаў гусеніц, гаечных ключоў, мед. інструментаў і інш. 2) Спосаб замацавання трубы ў адтуліне метал. сценкі раскаткай (наз.таксама развальцоўкай); інструмент для раскаткі канцоў труб пры вальцовачным злучэнні.
3) Стварэнне на плоскіх або пустацелых загатоўках рэльефу (кантаў, рубаў), робіцца на вальцмашынах.
4) Здрабненне ці размол зярністых або камякаватых матэрыялаў на вальцовых станках з гладкімі або наразнымі вальцамі.
5) Спосаб перапрацоўкі гліны ў керамічнай вытв-сці. Гліна зацягваецца валкамі, праціскаецца праз адтуліны на іх паверхні і скочваецца ў бункер.