ПОП-АРТ (англ. pop art ад popular art папулярнае мастацтва),
кірунак у мастацтве 1950—60-х г., для якога характэрны выкарыстанне і перапрацоўка вобразаў масавай культуры. Узнік у Лондане ў творчасці «Незалежнай групы» Ін-та сучаснага мастацтва (П.Блейк, Э.Паалоцы, П.Колфілд, Р.Хэмілтан і інш.) як рэакцыя на элітарнасць абстракцыянізму і станаўленне новага урбаністычнага асяроддзя. Найб. вядомы амер. варыянт П.-а. (Р.Раўшэнберг, Дж.Джонс, Э.Уорхал, Дж.Розенквіст, Р.Ліхтэнстайн, Т.Весельман, К.Олдэнберг), развіваўся таксама ў Францыі (Арман, Н. дэ Сен-Фаль), Германіі (П.Вундэрліх) і інш. П.-а. сцвярджаў эстэт. каштоўнасць тыповых быт. рэчаў і з’яў праз выкарыстанне ў творах кампазіц. і маст. прыёмаў рэкламы, коміксаў, вобразаў-штампаў са сродкаў масавай інфармацыі і паўсядзённага жыцця (часта з дапамогай калажу, фотаўзнаўлення ці стварэння муляжа арыгінала).
Літ.:
Кузьмина М. Поп-арт... // Модернизм. 3 изд. М., 1980.
Да арт.Поп-арт. Р.Ліхтэнстайн. Whaam. 1963.Да арт.Поп-арт. Т.Весельман. Вялікая амерыканская аголеная № 98. 1967.