ПРАВІДЭНЦЫЯЛІ́ЗМ (ад лац. providentia прадбачанне),

рэлігійная інтэрпрэтацыя гісторыі як ажыццяўлення боскага плана выратавання чалавека і чалавецтва. Першапачаткова ідэя П. ўзнікла ў працах айцоў царквы, яна сістэматызавана ’і распрацавана Аўгусцінам і М.Лютэрам. Уведзены Аўгусцінам правідэнцыялісцкі шлях да «царства Божага» быў асновай сярэдневяковай схаластыкі. Надаўшы Божай волі статус адзінага вытоку сусв. гісторыі, П. Аўгусціна паслядоўна падводзіў да прызнання абсалютнага наканавання чалавечага лёсу небам, што сустракала крытыку з боку прыхільнікаў пелагіян, якія сцвярджалі наяўнасць у чалавека свабоды волі і магчымасці сваімі добрымі ўчынкамі выпраўляць наканаваны лёс. Ідэі П. былі ўласцівы У.​Данілеўскаму, А.​Тойнбі, Ж.​Марытэну і інш. хрысц. філосафам і гісторыкам. Канцэпцыя П. ў хрысціянстве арганічна суадносіцца з тэлеалогіяй і эсхаталогіяй. П. як дактрына або ідэя ўваходзіць у тэалагічныя сістэмы ўсіх хрысц. плыняў, а таксама ў канцэпцыі ісламу, іудаізму і інш. канфесій. З эпохі Асветніцтва ў процівагу П. развіваецца рацыяналістычны погляд на гісторыю як працэс ажыццяўлення «прыроднага закону», розуму, пазней — здаровага сэнсу.

А.​А.​Цітавец.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)