ПОЛІУРЭТА́НЫ,
сінтэтычныя палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы урэтанавыя групы —NH—C(O)O—. Звычайна маюць і інш. функцыян. групы, якія разам з урэтанавай групай вызначаюць уласцівасці палімераў (напр., поліэфірурэтаны маюць простыя эфірныя і складанаэфірныя групы, поліурэтанмачавіны — мачавінныя, поліамідаурэтаны — амідныя). Вядомы лінейныя і сеткавыя П., а таксама урэтанфункцыян. алігамеры.
Лінейныя П. — цвёрдыя аморфныя ці крышт. рэчывы, мал. м. (1—5)∙104. Раствараюцца ў дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе, фенолах. Сеткавыя П — мяккія высокаэластычныя ці цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках. Урэтанфункцыян. алігамеры — вязкія вадкасці, мал. м. (1—5) 10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Для П. характэрны высокія трываласць, зноса-, масла-, бенза-, кіслота- і атмасфераўстойлівасць, невысокая ўстойлівасць пры павышаных т-рах і да ўздзеяння шчолачаў. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ды- ці поліізацыянатаў (гл. Ізацыянаты) з двух- ці трохатамнымі спіртамі. Выкарыстоўваюць для атрымання пенапластаў, кляёў, плёнак, лакаў, валокнаў (гл. Поліурэтанавыя валокны), каўчукоў (гл. Урэтанавыя эластамеры).
М.Р.Пракапчук.
т. 12, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)