ПРАДЗЕ́ННЕ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, з дапамогай якіх валакністы матэрыял перапрацоўваюць у пражу.
Асн. працэсы П.: разрыхленне, змешванне, трапанне, корда- і грэбенечасанне, выцягванне, скручванне і намотванне. Валакністы матэрыял расскубаюць на шматкі, каб зменшыць яго шчыльнасць, зрабіць масу аднароднай, ачысціць ад дамешкаў. Змешванне ідзе амаль на ўсіх стадыях П. Найб. важныя працэсы П. — корда- і грэбенечасанне (гл. Часанне). У выніку грэбенечасання на грэбенечасальных машынах і дадатковай апрацоўкі стужка ператвараецца ў роўніцу. Складанне (злучэнне прадуктаў П. аднаго віду для сумеснай апрацоўкі) суправаджаецца выцягваннем — падаўжэннем валокнаў на выцяжных прыладах. Кручэнне і намотванне пражы выконваюцца на верацёнах прадзільных машын. Існуе таксама ручное П.: рукамі (вядома з неаліту ў большасці народаў), на верацяне, калаўротам. Да 19 ст. найб. пашырана П. на верацяне. На Беларусі з 19 ст. верацяно выцеснена калаўротам, у якім нітка намотваецца на шпулю, што прыводзіцца ў рух колам. Ручная пража выкарыстоўваецца пры вырабе тканін мастацкіх. Адрозніваюць бавоўна-, ільно- і воўнапрадзенне (гл. Баваўняная прамысловасць, Ільняная прамысловасць, Шарсцяная прамысловасць).
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)