ПРАДБА́ЧАННЕ,

інфармацыя пра будучыя падзеі, з’явы або працэсы, магчымасці іх праяўлення, шляхі дасягнення. Грунтуецца на жыццёвым вопыце, навук. даных, рэліг. веры і астралогіі. Падзяляецца на прадбачанне навуковае і ненавуковае, якое можна падзяліць на інтуітыўнае (звязанае з падсвядомасцю), звычайнае (на аснове жыццёвага вопыту) і мантычнае (у выглядзе прароцтваў, прадказанняў і інш. вераванняў у звышнатуральныя сілы). Мае некалькі форм канкрэтызацыі: прадчуванне, уласцівае любому жывому арганізму, прадугадванне — разважанні на аснове жыццёвага вопыту, прагназіраваннеспец. навук. даследаванне перспектыў змянення якой-н. падзеі або з’явы, прадказанне — лакальнае ў часе і прасторы канкрэтнае П. Існуе таксама спецыфічнае квазіпрадбачанне невядомых з’яў мінулага і сучаснага: рэканструяванне П. (па асобных фрагментах), рэверсіўнае П. (ад сучаснага да мінулага або ад мінулага да больш аддаленага мінулага), прэзентыўнае, імітацыйнае і інш. П. звязана са здольнасцю чалавечай свядомасці да «апераджальнага адлюстравання» рэчаіснасці і дэтэрмінуецца дынамічнымі і статычнымі законамі аб’ектыўнай рэальнасці. У П. ў найбольшай ступені выяўляецца апасродкаваны характар лагічных форм пазнання, магчымасці чалавечага мыслення.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)