АКЦЯ́БР,

вёска ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса «Спадарожнік». За 36 км на Пн ад г.п. Лагойск, 76 км ад Мінска, 65 км ад чыг. ст. Смалявічы. 736 ж., 237 двароў (1994). Сярэдняя і пачатковая школы, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Касцёл і царква. Магіла жыхароў в. Расохі, спаленых ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 16 ст. як Хатаевічы, уласнасць кн. В.​І.​Саламярэцкага. У 18 ст. мястэчка Мінскага пав., уласнасць мясц. дамініканскага кляштара. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. У 1908 — 466 ж., 82 двары. З 1924 цэнтр сельсавета ў Барысаўскай акр., з 1927 у Плешчаніцкім р-не. У 1939 в. Хатаевічы перайменавана ў Акцябр. З 1962 у Лагойскім р-не.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́СКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у Глуску Дубровіцкім (цяпер г.п. Глуск Магілёўскай вобл.). Драўляны замак быў пабудаваны на ўзвышанай частцы правага берага р. Пціч, на месцы гарадзішча эпохі ранняга жал. веку і Кіеўскай Русі. На мяжы 16—17 ст. пабудаваны новы 5-бастыённы замак, абнесены глыбокім і шырокім ровам. У Глускім замку былі цэйхгауз з ваен. рыштункам, гарнізонная казарма, студня, кухня, стайня, сажалкі. У 17 ст. пабудаваны касцёл. Тут знаходзіўся пастаянны гарнізон, меліся рамеснікі розных прафесій. У 16 ст. замак з’яўляўся важным стратэг. пунктам на шляху набегаў крымскіх татар. У нар.-вызв. вайну 1648—51 у кастр. 1648 яго занялі бел. сяляне і ўкр. казакі. Моцна пацярпеў замак і ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Існаваў да канца 18 ст., пасля прыйшоў у заняпад.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,

княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:

Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.​В.​Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКІ Уладзімір Іосіфавіч [Дубянецкіс

(Dubeneckis) Уладас; 6.9.1888, г. Барнаул, Расія — 10.8.1932], літоўскі архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1906—14) у Л.Бенуа, выкладаў там у 1917—18 (праф. 1917). З 1919 (з перапынкамі) жыў у Каўнасе. З 1927 выкладаў у Каўнаскай маст. школе. У пабудовах выкарыстоўваў элементы барока, класіцызму, літоўскага нар. дойлідства. З арх. М.​Сангайлам зрабіў рэканструкцыю Дзярж. т-ра (1923—25) і арх. праект завода «Рагуціс» (1924) у Каўнасе. Пабудаваў касцёл у в. Бяцігале (Расейняйскі р-н),

адзін з аўтараў праектаў Каўнаскага гіст. музея і Маст. музея імя М.​К.​Чурлёніса (пабудаваны ў 1931—36). Сярод тэатр. работ (створаны пад уплывам творчасці «Свету мастацтва») дэкарацыі да оперы «Трубадур» Дж.​Вердзі (1929), балета «Сільвія» Л.​Дэліба (1928) і інш. (усе ў Дзярж. т-ры ў Каўнасе).

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОНЬ,

вёска ў Беларусі, у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 3 км на ПнУ ад г. Мар’іна Горка, 60 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Пухавічы. 1874 ж., 370 двароў (1995).

У 19 ст. маёнтак, уласнасць Бонч-Асмалоўскіх. У 1886 у вёсцы 226 ж., 86 двароў; Троіцкая царква, касцёл, школа, млын, 2 разы на год кірмаш. З 1880-х г. дзякуючы дзейнасці А.В.Бонч-Асмалоўскага і яго жонкі В.І.Вахоўскай Блонь стала апорным пунктам рэвалюцыянераў розных кірункаў У 1899—1908 дзейнічала Блонская сялянская арганізацыя. З 1924 цэнтр сельсавета Пухавіцкага р-на. У 1939—54 наз. в. Зарэчча. У 1970 — 1590 ж.

У Блоні сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Блонская Троіцкая царква, сядзібны дом і парк (2-я пал. 19 ст.). Магіла ахвяраў фашызму.

т. 3, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРЫ,

вёска ў Беларусі, у Гродзенскім р-не, на паўд. беразе воз. Белае. Цэнтр сельсавета і калгаса «Азёры». За 25 км на У ад Гродна, 10 км ад чыг. ст. Жытомля. 4306 ж., 1768 двароў (1994).

Упершыню згадваюцца ў 1398 як «двор Вітаўта». У 15—17 ст. велікакняжацкае ўладанне, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1518 упамінаецца як мястэчка. У пач. 19 ст. засн. Азёрская папярова-кардонная фабрыка і Азёрская суконная мануфактура, у 1895 — гарбарнае прадпрыемства. У 1897 — 3283 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У 1940—62 у Скідзельскім р-не. У 1940—55 гар. пасёлак.

Акц. т-ва «Гродзенская зверагаспадарка». Сярэдняя і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання. Царква і касцёл. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту, неаліту (нёманская культура) і бронзавага веку.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬМО́НТЫ, Двор Альгердаўшчына,

былы маёнтак у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Вядомы з 1748 як уладанне Гільзенаў, пры іх атрымалі сваю назву (ад франц. belmont прыгожая гара). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Бяльмонтах створаны палацава-паркавы ансамбль, які ўключаў 2-павярховы мураваны палац (меў 33 пакоі), вял. круглую парадную залу, дамашнюю капліцу. У 1768 пабудаваны філіяльны касцёл Ісуса Хрыста. У 19 ст. пры Манузі і Плятэрах Бяльмонты сталі буйным цэнтрам культ. жыцця Браслаўшчыны. Тут прайшло дзяцінства мастака Я.Траяноўскага, у Бяльмонтах бывалі Н.Орда, дзекабрысты М.​С.​Лунін, А.​В.​Поджыа і інш.; існавалі багатыя музейная калекцыя і бібліятэка (у 1-ю сусв. вайну вывезена ў Петраград), парафіяльная школа (у 1804 было 30 вучняў), з 1857 дзейнічаў бровар. У 1-ю сусв. вайну палац Плятэраў разбураны. З 1976 Бяльмонты ўвайшлі ў склад в. Ахрэмаўцы.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАЛА́ТА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на З ад г. Докшыцы, 219 км ад Віцебска, 19 км ад чыг. ст. Параф’янава. 404 ж., 160 двароў (1995).

Упершыню ўпамінаецца ў 1524 як частка маёмасці Альжбеты Багданаўны, удавы М.​Радзівіла. Належала кн. Слуцкім, Долмат-Ісайкоўскім, К.​Зяньковічу, Бжастоўскім, Аскеркам, Шышкам. У 17 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Пасля далучэння ў 1793 да Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1802 у Вілейскім пав. З 1861 цэнтр воласці. У 1886 — 246 ж. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета ў Дунілавіцкім, з 1960 — у Глыбоцкім, з 1962 — у Пастаўскім, з 1956 — у Докшыцкім р-нах. У 1970 — 374 жыхары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Іаана Хрысціцеля (канец 19 ст.).

т. 4, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛГАВА (Jelgava),

горад у Латвіі, прыстань на р. Ліелупе. 73,9 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. (з-ды «РАФ», с.-г. машын), металаапр., лёгкая і харчовая. С.-г. акадэмія. Музеі: краязнаўчы, гіст. і мастацкі. Арх. помнікі: касцёл св. Ганны (1573—1641), барочны палац Бірона (18 ст., арх. В.​Растрэлі, перабудаваны ў 19 і 20 ст., на месцы замка 13 ст.), т.зв. Акадэмія Пятра (1771, цяпер музей), т.зв. Віла Медэма ў стылі класіцызму (пач. 19 ст.).

Засн. ў 1226. Наз. Мітава (да 1917) ад аднайм. замка. пабудаванага Лівонскім ордэнам у 1265. У 1561—1795 сталіца Курляндскага герцагства (з 1573 горад). У 1795 далучана да Расіі, цэнтр Курляндскай губ. У 1920—40 і з 1991 горад у Латв. рэспубліцы, у 1940—90 у Латв. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44).

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАХЕ́НА (Cartagena),

горад на ПдУ Іспаніі, у аўт. вобласці Мурсія. 176 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м. У К. і яе прыгарадах — суднабудаванне (у т. л. ваеннае), выплаўка свінцу і цынку, нафтаперапр., харч. (пераважна плодакансервавая) прам-сць. Арх. помнікі: рэшткі стараж. некропаля, гатычны сабор (13 ст.), барочны касцёл Санта-Марыя дэ Грасія (17—18 ст.).

У старажытнасці горад наз. Новы Карфаген, засн. каля 228 да н.э. палкаводцам Гасдрубалам як ваен. база карфагенян для заваявання Іспаніі. У 209 да н.э. — 5 ст. н.э. пад уладай Стараж. Рыма. Росквіту К. садзейнічала распрацоўка сярэбраных і алавяных руднікоў паблізу горада. Заваявана ў 425 вандаламі, у 534 Візантыяй, у 7 ст. вестготамі, у 711 арабамі. У 1243 у ходзе Рэканкісты далучана да Кастыліі. Пасля ўмацавання порта Філіпам II (1570) гал. база ісп. ваен. флоту. Цэнтр кантанальнага паўстання 1873.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)