горад, цэнтр Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. За 68 км на У ад Гродна, за 7 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Ваўкавыск—Ліда. 16,3 тыс.ж. (2002). Шчучынскі завод «Аўтапровад», прадпрыемствы с.-г. і трактарнага машынабудавання, харч. (Шчучынскі масласырзавод) прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Шчучынскі касцёл Святой Тэрэзы, Свята-Міхайлаўская царква, Шчучынскі палац.
Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах 1-й пал. 15 ст. ў сувязі з заснаваннем тут трокскім ваяводам П.Лелюшам касцёла. У 2-й пал. 15—17 ст. Ш. належаў Кучукам, Кішкам, Радзівілам, Давойнам, Лімонтам; уваходзіў у склад Лідскага пав. Віленскага ваяв. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ш. моцна пацярпеў ад войск кн. Хаванскага і атрадаў В.Залатарэнкі, у пач. Паўночнай вайны 1700—21 — ад войск Карла XII. У канцы 17—1-й пал. 18 ст. мястэчкам Ш. валодалі Юзафовічы-Глябіцкія (Хлябіцкія), потым — Сцыпіёны. У 18 — пач. 20 ст. называўся Шчучын-Літоўскі. У 1718 тут засн.Шчучынскі піярскі калегіум. 23.5.1761 Ш. атрымаў герб — у блакітным полі пад залатой каронай сярэбраная манаграма IS [I (gnatus) S(cipion)]. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. Гродзенскай (з 1802) і Віленскай (з 1842) губ. З 1807 Ш. належаў Друцкім-Любецкім. У 1866 у мястэчку 1088 ж., 123 дамы, парафіяльная школа, аптэка, паштовая станцыя, царква, касцёл. У 2-й пал. 18 ст. пабудаваны Шчучынскі палац, у 1888 — дрэваапр.з-д. У 1897—1742 ж., лячэбніца. У 1905 цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ., 1799 мяшчан, валасное праўленне, царква, касцёл, капліца, сінагога, яўр. малітоўны дом, аптэка, паштовая станцыя, вінакурны, цагельны, вапнавы з-ды, 29 крам, 5 корчмаў. У 1914 бібліятэка і архіў Сцыпіёнаў і Друцкіх-Любецкіх перададзены ў музей Чартарыйскіх у Кракаве. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. У 1923 — 1539 ж., 239 будынкаў. У 1929 Ш. — цэнтр Шчучынскага павета Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 4.12.1939 цэнтр Шчучынскага р-на Баранавіцкай вобл., з 15.1.1940 гар. пасёлак, 3500 ж. У Вял.Айч. вайну з 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ш. і раёне 2749 чал. У 1948 у Ш. 7 тыс.ж., у 1959 — 6,5 тыс., у 1970—10,3 тыс.ж. З 31.8.1962 — горад.