СНОЎ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Сноўка, на аўтадарозе Нясвіж—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калект. прадпрыемства агракамбінат «Сноў». За 20 км на З ад г. Нясвіж, 120 км ад Мінска, 3 км ад чыг. раз’езда Хвоева. 2567 ж., 1104 двары (2001). Крухмальны з-д. Сярэдняя і мастацтваў школы, Дом культуры, клуб, б-ка, ваен. шпіталь, бальніца, паліклініка, аптэка, цырульня, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі воінаў рус. арміі, якія загінулі ў 1-ю сусв. вайну, магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў 1918—19 у барацьбе супраць герм. і польскіх акупантаў. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: касцёл (1760), Свята-Козьмадзям’янаўская царква (1846). Сноўскі палацава-паркавы ансамбль.

У пісьмовых крыніцах вядома з мая 1529 як маёнтак паноў Сноўскіх у Навагрудскім ваяв. ВКЛ. З 1564 мястэчка Навагрудскага пав. З пач. 17 ст. ўласнасць Радзівілаў, Рдултоўскіх, Гарцінгаў. З канца 17 ст. дзейнічаў касцёл (з 1866 царква), у 1767—1866 — уніяцкая царква. У час Барскай канфедэрацыі 1768—72 С. разбураны, у 1785 мястэчка наведаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1827 пабудаваны палац, у 1836 — бровар. У 1861 — цэнтр воласці, 378 ж., 45 двароў, царква, сінагога, цагельня, у 1865 адкрыта царк.-прыходская школа. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав., з 1939 у БССР. Са снеж. 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Нясвіжскім р-не Баранавіцкай вобл., 1065 ж., 167 двароў.

В.​М.​Князева.

т. 15, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)