касцёл, -а, мн. -ы, -аў, м.

Назва каталіцкага храма.

|| прым. касцёльны, -ая, -ае.

Касцельныя званы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

касцё́л

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. касцё́л касцё́лы
Р. касцё́ла касцё́лаў
Д. касцё́лу касцё́лам
В. касцё́л касцё́лы
Т. касцё́лам касцё́ламі
М. касцё́ле касцё́лах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

касцёл м. костёл

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

касцёл, ‑а, м.

Польскі каталіцкі храм.

[Польск. kościół.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касцёл м. (römisch-kathlische) Krche

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

касцёл

(польск. kościół < чэш. kostel < ст.-в.-ням. kàstel, ад лац. castellum)

каталіцкі храм.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) y К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.В.Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Касцёлкасцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёл-крэпасць, гл. Царква-крэпасць

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Бернардзінскі касцёл (у Гродне) 3/574

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)