СМАЛЯ́НЫ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дзярноўка. каля аўтадарогі Орша—Лепель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Орша, 100 км ад Віцебска, 6 км ад чыг. ст. Смальяны. 646 ж., 291 двор (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму (за 2 км на У ад С.). Магіла Т.​Зана. Помнікі архітэктуры: касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар дамініканцаў (1678—80), руіны Смалянскага замка, Аляксееўская царква (1864), Спаса-Праабражэнская царква (2-я пал. 18 ст.).

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваюцца пад 1484 як маёнтак у Аршанскім намесніцтве (з 16 ст. ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.), уладанне кн. С.​І.​Бельскага. Пазней належалі жонцы вял. кн. ВКЛ Аляксандра Алене Іванаўне, Астрожскім, вял. кн. ВКЛ Жыгімонту 1 Старому, яго жонцы Боне Сфорца, Сангушкам. У 1-й чвэрці 17 ст. ў С. пабудаваны Смалянскі замак. З 1678 мястэчка. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Аршанскага пав. У 1880 у С. 2315 ж., 252 дамы, 55 крам, 4 царквы, касцёл, 4 малітоўныя дамы, сінагога. З 1919 — цэнтр воласці Аршанскага пав. РСФСР. З 1924 — цэнтр сельсавета Аршанскага р-на, у жн. 1924 — вер. 1926 — Коханаўскага раёна Аршанскай акр. БССР. З 1938 вёска, цэнтр сельсавета Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У Вял. Айч. вайну дзейнічала Смалянскае патрыятычнае падполле, ням.-фаш. захопнікі 5.4.1942 расстралялі ў С. 600 жыхароў.

Літ.:

Асіноўскі С. Смаляны // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.

т. 15, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)