РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),

Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід ​103Rh. У зямной кары 10​−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.​Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).

Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн. 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.

т. 13, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ЎНІК МО́ВЫ ПІСЬМЕ́ННІКА,

тып слоўніка, у якім падаюцца і тлумачацца словы, выкарыстаныя ў творах пэўнага аўтара або якім-небудзь адным яго творы, своеасаблівы дапаможнік для вывучэння моўнага і літ. стыляў пісьменніка, гісторыі літ. мовы той эпохі, калі пісьменнік жыў, для вызначэння яго месца і ролі ў літ.-моўным працэсе. Першы ўсх.-слав. слоўнік пісьменніка — «Слоўнік да твораў і перакладаў Дз.​І.​Фанвізіна» К.​Пятрова (1904). Выдадзены «Слоўнік мовы Пушкіна» (т. 1—4, 1956—61), «Слоўнік мовы А.​Міцкевіча» (т. 1—11, 1962—83), «Слоўнік мовы Шаўчэнкі» (т. 1—2, 1964), «Слоўнік Гётэ» (т. 1—2, 1966—82). На Беларусі складанне такіх слоўнікаў пачалося ў 2-й пал. 20 ст., першы з іх — рукапісны «Слоўнік мовы В.​Дуніна-Марцінкевіча» С.​М.​Грабчыкава (каля 5600 слоў; фрагменты апубл. ў 1965). Створаны «Слоўнік мовы Францыска Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993). Выдаецца «Слоўнік мовы Янкі Купалы» ў 8 т. (т. 1—3, 1997—2001). Ін-т мовазнаўства Нац. АН Беларусі рыхтуе «Слоўнік мовы Я.​Коласа».

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Юрый Карнеевіч (8.7.1900, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 26.8.1976),

украінскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1970). Вучыўся ў Кіеўскім камерцыйным ін-це (1917—18). Друкаваўся з 1917. Пачынальнік прыгодніцкага і навук.-фантаст. жанраў ва ўкр. л-ры: раман «Апошні Эйджавуд» (1926), раман-памфлет «Сорак восем гадзін» (1933), зб. апавяд. «Прыгожыя катастрофы» (1935). Аўтар сатыр. кніг «Паўтара чалавека» (1927), «Фальшывая Мельпамена» (1928), «Па той бок сэрца» (1930), аўтабіягр. трылогіі «Дзяцінства», «Нашы тайны», «Васемнаццацігоддзе» (1936—38). У зб-ках апавяд. і нарысаў «Мірныя людзі», «Бітва» (абодва 1943), раманах «Яны не прайшлі» (1946), «Мы разам былі ў баі» (1948) тэма Вял. Айч. вайны. У кнігах «Пасля вайны» (1947), «Дзень пачынаецца рана» (1950), «Аб добрым у людзях» (з М.​Рыльскім, 1965) пасляваен. жыццё, раманы «Світанне над морам» (1953), «Мір хацінам, вайна палацам» (1958), «Раве і стогне Днепр шырокі» (1960) пра грамадз. вайну на Украіне. Аўтар мемуараў «Аповед пра непакой...» (кн. 1—3, 1968—72), п’ес.

Тв.:

Твори: В 8 т. Т. 1—6. Київ, 1983—85;

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1960.

Літ.:

Пискунов В. Юрий Смолич. М., 1961.

т. 15, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАДЫВА́РЫ, Страдыварыус (Stradivari, Stradivarius),

сям’я італьянскіх майстроў смыкавых інструментаў 17—18 ст. Працавалі ў г. Крэмона. Антоніо С. (1644? — 18.12.1737), адзін з найб. выдатных прадстаўнікоў сям’і. Вучань Н.​Амаці. З 1660 працаваў у стылі Амаці, на той час меў кляймо «Antonius Stradivarius Cremonensis Alumnus Nicolaij Amati» («Антоніо Страдывары Крэмонскі вучань Нікола Амаці»), у 1667 адкрыў сваю майстэрню. 1700—16 — т.зв. «залаты перыяд» у творчасці, у 1703 стварыў класічную мадэль скрыпкі «Гранд Страдывары». Ствараў найлепшыя па канцэртных якасцях інструменты (скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары), наблізіў іх да тэмбру прыроднага чал. голасу (з амаль 2500 інструментаў захавалася каля 1000, якія сталі класічнымі ўзорамі для майстроў пазнейшага часу). Для іх уласцівы дасканалая форма, ювелірная апрацоўка дэталей, моцны, багаты тэмбравымі фарбамі гук. Сярод вучняў яго сыны Франчэска С. (1.11.1671—15.1 або 11.5.1743) і Амабона С. (14.11.1679—9.6.1742), якія часта працавалі разам, а таксама К.​Бергонцы. Сумесна створаныя імі скрыпкі мелі кляймо «Sotto la Disciplina d’Antonio Stradivari F. in Cremona» («Майстэрня сям’і Антоніо С. з Крэмона»).

Н.​В.​Сазановіч.

Да арт. Страдывары. Адно з клеймаў А.​Страдывары.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУД БО́ЖЫ»,

старажытны спосаб судовага доказу, які абапіраўся на ўяўленне пра магчымасць удзелу божаства ў вырашэнні спрэчак, якія ўзнікаюць паміж людзьмі. Вядомы законам Хамурапі і Ману законам. Быў засвоены ўсімі варварскімі праўдамі, Рускай праўдай, Законнікам Стафана Душана і інш. Важнейшыя формы «С.б.»: судовы паядынак (на Русі «поле»), у якім яго ўдзельнікі мелі аднолькавыя ўмовы; выпрабаванне агнём: той, хто ачышчаўся ад абвінавачання, або трымаў пэўны час руку ў агні, або праходзіў праз агонь у адной кашулі ці рабіў 9 крокаў з распаленым жалезам у руках, або босымі нагамі ступаў па 9 распаленых сашніках; выпрабаванне вадой: або абвінавачаны павінен быў дастаць з кіпячай вады ў катле які.-н. прадмет, або абвінавачанага звязвалі і апускалі ў ваду, калі ён тануў, лічылася за прыкмету яго праўдзівасці, а калі выплываў — наадварот («нават вада не прымае»); выпрабаванне жэрабем, якое часцей ужывалася пры абвінавачанні ў крадзяжах. У 13—14 ст. «С.б.» актыўна выцясняўся з судаводства, аднак яго перажыткі ў Зах. Еўропе захоўваліся да 17 ст. (асабліва па справах аб вядзьмарстве). Найдаўжэй у практыцы захоўвалася цалаванне крыжа, змацаванае клятвай, і жэрабя.

Г.​А.​Маслыка.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭНДЭ́НЦЫЯ (сярэднелац. tendentia накіраванасць),

накіраванасць развіцця пэўнай з’явы ці працэсу. У развіцці адной і той жа з’явы могуць назірацца розныя і нават процілеглыя Т. Развіццё падобных ці роднасных па паходжанні сістэм характарызуецца наяўнасцю падобных Т. Адрозніваюць Т.: лінейныя, пры якіх узровень змен мае пастаянны характар і ў графічным выглядзе ўтварае прамую лінію; нелінейныя, калі інтэнсіўнасць змен не пастаянная на розных этапах развіцця; рацыянальныя, якія выяўлены шляхам навук. аналізу, маюць лагічнае і тэарэт. абгрунтаванне; эмпірычныя, якія выяўлены на аснове эмпірычных звестак, але не атрымалі тэарэт. тлумачэння. Вылучэнне гал. Т. развіцця — адзін з найважнейшых элементаў навук. аналізу працэсаў у прыродзе і грамадстве. Да сац. Т. адносяць паступовыя і ўстойлівыя змены ў сац. сістэме, слоі ці групе (напр., змена памеру сям’і, скарачэнне ці павелічэнне нараджальнасці і інш.). У сац.-паліт. і духоўна-культ. працэсах Т. звязана з паслядоўным правядзеннем індывідам ці сац. групай пэўнай ідэі, што часам прыводзіць да з’яўлення тэндэнцыйнага ў культуры і палітыцы — перадузятага ажыццяўлення пэўных ідэй без уліку сац. абставін і грамадскай думкі.

В.​А.​Салееў.

т. 16, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХААКІЯ́НСКІЯ ЭСКА́ДРЫ 1904—05,

злучэнні ВМФ Расіі, якія дзейнічалі на Д. Усходзе ў руска-японскую вайну 1904—05. 1-я Ц.э. (63 караблі, у т. л. 7 эскадраных браняносцаў і 10 крэйсераў; камандуючыя О.​В.​Старк, С.В.Макараў, В.​К.​Вітгефт, Р.​М.​Вірэн) складала гал. сілы рас. ВМФ на Ціхім ак.; базіравалася ў р-не Порт-Артура і ўдзельнічала ў Порт-Артура абароне 1904—05, дзе і загінула. 2-я Ц.э. адпраўлена ў кастр. 1904 з Балт. мора для ўзмацнення 1-й Ц.э. У лют. 1905 з той жа мэтай з Балт. мора рушыла 3-я Ц.э. пад камандаваннем М.​І.​Небагатава. Злучыўшыся ў крас. 1905 у Індыйскім ак., яны (33 караблі, у т. л. 10 эскадраных браняносцаў і 10 крэйсераў; каманд. З.​П.​Ражэственскі) удзельнічалі ў Цусімскім баі 1905, у ходзе якога разгромлены.

Літ.:

Золотарев В.А., Козлов И.А. Русско-японская война 1904—1905 гг.: Борьба на море. М., 1990;

Доценко В.Д. Морские битвы России, XVIII—XX вв. СПб., 1999;

Куропаткин А.Н. Русско-японская война, 1904—1905: Итоги войны. СПб., 2002.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ШЧАДРЭ́Ц»,

калядная гульня ў беларусаў, што ўяўляла сабой тэатралізаваную сцэнку з музыкай, спевамі, танцамі, дыялогам. Бытавала як святочная забава напярэдадні Новага года. Упершыню яе зафіксаваў і апісаў у «Могилевских губернских ведомостях» (1952, №52, неафіц. ч.) Н.​Гашкевіч. Мае шмат агульнага з каляднымі гульнямі «Каза», «Кабыла», «Мядзведзь». Галоўным у гульні быў «Шчадрэц» — малады хлопец, апрануты старым (з маскай на твары, гарбом на спіне, у вопратцы, увешанай званочкамі, каляровым рыззём і г.д.) ці салдатам (жаўнерам) у адпаведным адзенні. Ён хадзіў разам з пераапранутымі ў жывёлы і хлопцамі-шчадраванцамі (іх карагод складаўся з важатага, музыкантаў, прыпявалаў, запявалаў, забіралаў). Вечарам, напярэдадні Новага года, гурт адпраўляўся шчадраваць. Важаты заходзіў у хату да гаспадара за дазволам пашчадраваць, а гурт у той час спяваў пад вокнамі. Атрымаўшы згоду, шчадраванцы ўваходзілі ў хату. Пад музыку на сярэдзіну хаты выходзілі шчадраванцы з пераапранутымі ў жывёлы і танцавалі, а запявалы і прыпявалы спявалі. Разыгрываліся гумарыстычныя сцэнкі, адбываўся жартоўны дыялог паміж «Шчадрацом», шчадраванцамі і гледачамі. Пасля завяршэння гульні яе ўдзельнікаў частавалі, частку пачастункаў клалі ў торбы забіралам.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 17, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫДЫ́КІ (ад лац. jurisdictio судаводства),

у феадальнай Польшчы і ВКЛ (з 15 ст.) адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася суд. і адм. ўлада гар. самакіравання. Узніклі ў выніку перасялення прыгонных на ўчасткі ці ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах гар. уладанняў феадала. У кожнай Ю. яе ўласнік прызначаў старасту або войта, засноўваў суд. орган на ўзор гар. рады. Гар. самакіраванне дамагалася скасавання Ю., забараняла мяшчанам пераход на Ю. пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 пашырэнню Ю. на Беларусі садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Ю. паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытв-сці і абмену. У той жа час пашырэнне Ю. узмацняла ўплыў феад. анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканам. развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі гараджан. Ю. скасаваны сеймамі 1764 і 1791.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН (Януш; 8.1.1499, г. Кракаў, Польшча — 18.2.1538),

віленскі біскуп, пазашлюбны сын караля польскага і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога і Катажыны Охстат Цельнічанкі. Выхоўваўся ў Кракаве і Глогаве. У 1512 Я. «з князёў літоўскіх» кракаўскі, пазнанскі і плоцкі канонік. У 1515 вывучаў у Балонскім ун-це права. Працаваў у каралеўскай канцылярыі. У 1519 папа Леў X прызначыў Я. кіраўніком віленскага біскупства. Аднак паўнату ўлады біскупа ён атрымаў толькі ў 1531 пасля канчатковага святарскага пасвячэння. Пасля прыезду ў Вільню стаў фактычным намеснікам вял. князя ў ВКЛ (1519—36). Актыўна ўдзельнічаў у кананізацыйным працэсе каралевіча Казіміра і стварэнні Статута ВКЛ 1529. Пры яго дапамозе Ф.Скарына заснаваў у Вільні друкарню, а з сярэдзіны 1520-х г. стаў яго сакратаром. Праводзіў палітыку бацькі ў адносінах абмежавання ўлады свецкіх магнатаў. Для ўмацавання ўлады дынастыі Ягелонаў распрацаваў (з Юрыем Радзівілам) праект прызнання ВКЛ каралеўствам (1526), аднак польскія магнаты не дапусцілі гэтага. 19.5.1536 з-за рознагалоссяў з літ. магнатамі Я. адмовіўся ад віленскага біскупства (прыкладна ў той час пакінуў Вільню і Ф.​Скарына). З сак. 1537 біскуп пазнанскі.

т. 18, кн. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)