РО́ДЫЙ (лац. Rhodium),
Rh, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 45, ат.м. 102,9055, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 103Rh. У зямной кары 10−7% па масе. Як ізаморфная прымесь уваходзіць у крышт. рашотку мінералаў медна-нікелевых сульфідных руд, мінералаў групы осмістага ірыдыю, самароднай плаціны. Адкрыты ў 1804 англічанінам У.Воластанам, назва ад грэч. rhodon — ружа (ад ружова-чырв. колеру яго солей).
Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 1963 °C, tкіп 3727 °C, шчыльн 12 410 кг/м³. У звычайных умовах кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння ўсіх кіслот (у т. л. царскай гарэлкі) і шчолачаў. Здробнены пры 100 °C узаемадзейнічае з сернай к-той, пры 200—600 °C — з галагенамі, серай, селенам; пры 600—800 °C у паветры акісляецца, утвараецца сесквіаксід Rh2O3 (шэрыя крышталі, якія пры t>1000 °C раскладаюцца на метал і кісларод). Выкарыстоўваюць для атрымання сплаваў з плацінай (маюць 7, 10 і 30% Р.) і інш. плацінавымі металамі (каталізатары, тэрмапары), вырабу тыгляў у вытв-сці монакрышталёў, нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты, люстраныя паверхні рэфлектараў, пражэктараў, тэхн. люстраў.
т. 13, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)