«ШЧАДРЭ́Ц»,

калядная гульня ў беларусаў, што ўяўляла сабой тэатралізаваную сцэнку з музыкай, спевамі, танцамі, дыялогам. Бытавала як святочная забава напярэдадні Новага года. Упершыню яе зафіксаваў і апісаў у «Могилевских губернских ведомостях» (1952, №52, неафіц. ч.) Н.​Гашкевіч. Мае шмат агульнага з каляднымі гульнямі «Каза», «Кабыла», «Мядзведзь». Галоўным у гульні быў «Шчадрэц» — малады хлопец, апрануты старым (з маскай на твары, гарбом на спіне, у вопратцы, увешанай званочкамі, каляровым рыззём і г.д.) ці салдатам (жаўнерам) у адпаведным адзенні. Ён хадзіў разам з пераапранутымі ў жывёлы і хлопцамі-шчадраванцамі (іх карагод складаўся з важатага, музыкантаў, прыпявалаў, запявалаў, забіралаў). Вечарам, напярэдадні Новага года, гурт адпраўляўся шчадраваць. Важаты заходзіў у хату да гаспадара за дазволам пашчадраваць, а гурт у той час спяваў пад вокнамі. Атрымаўшы згоду, шчадраванцы ўваходзілі ў хату. Пад музыку на сярэдзіну хаты выходзілі шчадраванцы з пераапранутымі ў жывёлы і танцавалі, а запявалы і прыпявалы спявалі. Разыгрываліся гумарыстычныя сцэнкі, адбываўся жартоўны дыялог паміж «Шчадрацом», шчадраванцамі і гледачамі. Пасля завяршэння гульні яе ўдзельнікаў частавалі, частку пачастункаў клалі ў торбы забіралам.

Дз.​У.​Стэльмах.

т. 17, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)