сям’я італьянскіх майстроў смыкавых інструментаў 17—18 ст. Працавалі ў г. Крэмона. Антоніо С. (1644? — 18.12.1737), адзін з найб. выдатных прадстаўнікоў сям’і. Вучань Н.Амаці. З 1660 працаваў у стылі Амаці, на той час меў кляймо «Antonius Stradivarius Cremonensis Alumnus Nicolaij Amati» («Антоніо Страдывары Крэмонскі вучань Нікола Амаці»), у 1667 адкрыў сваю майстэрню. 1700—16 — т.зв. «залаты перыяд» у творчасці, у 1703 стварыў класічную мадэль скрыпкі «Гранд Страдывары». Ствараў найлепшыя па канцэртных якасцях інструменты (скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары), наблізіў іх да тэмбру прыроднага чал. голасу (з амаль 2500 інструментаў захавалася каля 1000, якія сталі класічнымі ўзорамі для майстроў пазнейшага часу). Для іх уласцівы дасканалая форма, ювелірная апрацоўка дэталей, моцны, багаты тэмбравымі фарбамі гук. Сярод вучняў яго сыны Франчэска С. (1.11.1671—15.1 або 11.5.1743) і Амабона С. (14.11.1679—9.6.1742), якія часта працавалі разам, а таксама К.Бергонцы. Сумесна створаныя імі скрыпкі мелі кляймо «Sotto la Disciplina d’Antonio Stradivari F. in Cremona» («Майстэрня сям’і Антоніо С. з Крэмона»).