ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),
від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.Раўшэнберг), ФРГ (І.Бойс), Польшчы (Я.Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.Кашкурэвіча, А.Клінава, А.Вараб’ёва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́РА ДЫ КО́ЗІМА [Piero di Cosimo; сапр. П’ера ды Ларэнца (Piero di Lorenzo); 1462, г. Фларэнцыя, Італія — 1521],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Філіпіна Ліпі, Леанарда да Вінчы і Х. ван дэр Гуса. Творам, у якіх пераважалі фантастычна-міфалагічныя сцэны, уласціва паэт.-казачнае адчуванне прыгажосці свету, вытанчаная стылізацыя маст. форм, спалучэнне цікавасці да натуры з некат. манернасцю вобразаў: «Венера і Марс», «Персей і Андрамеда», «Вакханалія», «Бітва кентаўраў і лапіфаў», «Смерць Пракрыды», «Сустрэча Марыі з Лізаветай», «Заручыны Лізаветы», «Марыя Магдаліна», «Святая сям’я», «Мадонна з голубам», «Партрэт Сіманеты Веспучы» і інш.
французскі жывапісец; вядучы майстар барбізонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Ш.Рэмона і Г.Лецьера. Зазнаў уплывы Я. ван Ройсдала, Дж.Констэбла, К.Ларэна. З 1830-х г. жыў у Барбізоне. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа, паказаў самабытны характар нац. ландшафту пры розным стане прыроды і святлопаветранага асяроддзя. Творы вызначаюцца ўраўнаважанасцю і манументальнасцю кампазіцыі, стрыманым каларытам, адчуваннем матэрыяльнасці свету: «Кірмаш у Нармандыі» (каля 1832), «Алея каштанаў» (1837), «Балота ў Ландах», «Дубы» (абодва каля 1852), «Від у Барбізоне» і інш. Аўтар малюнкаў і афортаў.
Літ.:
Яворская Н.В. Пейзаж Барбизонской школы. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЛАХ ((Barlach) Эрнст) (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),
нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.В.Гётэ (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ДЭ (van Ostade),
галандскія жывапісцы. Браты. Адрыян ван Астадэ (хрышчаны 10.12.1610, г. Харлем, Нідэрланды — 2.5.1685), майстар быт. жанру. Вучыўся, відаць, у Ф.Халса. Спачатку ствараў грубавата-гратэскавыя сцэны гулянак і боек у духу А.Браўэра («Бойка», 1637). Пазней пад уплывам Рэмбранта пісаў у мяккай, карычнявата-залацістай танальнасці, выкарыстоўваючы эфекты святлаценяў. Творы гэтага перыяду са сцэнамі сял. жыцця («Школьны настаўнік», 1662; «У вясковай карчме», 1660) адметныя дабрадушным гумарам і рысамі сузіральнасці. Ісаак ван Астадэ (хрышчаны 2.7.1621, г. Харлем — 16.10.1649). Вучань свайго брата. Пісаў вясковыя пейзажы, вытрыманыя ў сярэбраным каларыце, які тонка перадае асаблівасці асвятлення, уключаў жанравыя сцэны («Зіма», 1640; «Замерзлае возера», 1642).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСА́НА (Bassano; сапр.да Понтэ; da Ponte) Якопа
(каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.
Літ.:
Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПЕЦКІ (Kupezky) Ян [1667, Прага (?), або Пезінак каля г. Браціслава — 16.7.1740], чэшскі жывапісец-партрэтыст; прадстаўнік барока. У 1684—87 вучыўся ў Вене ў Б.Клаўса. З 1687 працаваў у Рыме, Венецыі, Балонні, Фларэнцыі, Мантуі. Зазнаў уплыў Г.Рэні. З 1709 у Вене, прыдворны мастак, дзе паводле густу заказчыкаў арыентаваўся на парадныя партрэты Г.Рыго і Н.Ларжыльера, але захоўваў псіхалагізм вобраза (партрэт К.Бруні, 1709; партрэт мужчыны, 1700; «Аўтапартрэт», 1711, і інш.). У 1712 у Карлавых Варах выканаў партрэт Пятра I. Пасля 1723 у Нюрнбергу, пад уплывам паўн. майстроў у сваіх працах імкнуўся спасцігнуць унутр. жыццё чалавека (партрэт М.Крэйсінгера, каля 1730; «Аўтапартрэт з сынам», 1728—29, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЕР ((Moser) Лукас) (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХЕР ((Pacher) Міхаэль) (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),
аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш, Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФО́РМАНС, перфоманс (ад англ. performanse выступленне, выкананне, прадстаўленне),
форма сучаснага мастацтва, у аснове якога знаходзіцца дзеянне. У адрозненне ад хэпенінга будуецца па разлічанаму сцэнарыю, аўтарам і выканальнікам якога з’яўляецца сам мастак або група мастакоў. П. можа ажыццяўляцца як непасрэдна перад гледачом, так і ў выглядзе відэа- або кіназапісу. Узнік у авангардысцкіх кірунках 1960-х г. У 1970-я г. пашырыў межы выяўленчага мастацтва. Дазваляе мастакам вобразна рэагаваць на актуальныя сац. ці культ. праблемы, уключаць рэальную прастору ў працэс фарміравання вобразных задум, непасрэдна ўздзейнічаць на свядомасць і паводзіны гледача, часта як састаўны элемент акцыі. На Беларусі П. вядомы з 2-й пал. 1970-х г., сярод бел. перформераў найб. вядомыя А.Вараб’ёў, І.Кашкурэвіч, В.Пятроў, Л.Русава і інш.