ІНСТАЛЯ́ЦЫЯ (ад англ. installation устаноўка, размяшчэнне, збудаванне),

від мастацтва поп-арту, мантаж у прасторы аб’ектаў з рэчавага асяроддзя ці сканструяваных мастаком. Ствараецца на час правядзення буйных выставак у экспазіцыйных памяшканнях або ў экстэр’еры, звычайна размешчаны на вял. плошчы. Дазваляе стварыць незапраграмаванае вобразнае ўражанне, часта праз парадаксальныя спалучэнні рэчавых элементаў нестандартнымі сродкамі выразіць актуальныя праблемы. Узнікла ў 1970-я г., пашырылася ў ЗША (Р.​Раўшэнберг), ФРГ (І.​Бойс), Польшчы (Я.​Бярдышак) і інш. На Беларусі выкарыстоўваецца з канца 1980-х г. у творах І.​Кашкурэвіча, А.​Клінава, А.​Вараб’ёва і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.​Бярдышак. Інсталяцыя з серыі «Паспарту». 1995.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)