СЛЮ́ТЭР (Sluter) Клаўс (паміж 1340 і 1350, г. Харлем?, Нідэрланды — студз. 1406),
французскі скульптар. Каля 1380 пасяліўся ў Бруселі, з 1385 працаваў у г. Дыжон (Францыя), з 1389 прыдворны майстар бургундскага герцага Філіпа Смелага. Каля 1391—97 выканаў статуі для партала царквы-склепа герцагаў у манастыры Шанмоль у Дыжоне, у т. л. выявы Філіпа Смелага і яго жонкі Маргарыты Фландрыйскай, якім уласцівы жывасць індывідуальных характарыстык. У 1394—1406 з пляменнікам К. дэ Верве стварыў для таго ж манастыра кампазіцыю «Галгофа» (захаваўся пастамент, упрыгожаны статуямі, якія вылучаюцца смелай абагульненасцю пластычнай лепкі, манументальнасцю форм). Творчасць С. паўплывала на развіццё мастацтва Адраджэння ў Францыі, Нідэрландах, Германіі.
Я.Ф.Шунейка.
т. 15, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)