КУ́ПЕЦКІ (Kupezky) Ян [1667, Прага (?), або Пезінак каля г. Браціслава — 16.7.1740], чэшскі жывапісец-партрэтыст; прадстаўнік барока. У 1684—87 вучыўся ў Вене ў Б.​Клаўса. З 1687 працаваў у Рыме, Венецыі, Балонні, Фларэнцыі, Мантуі. Зазнаў уплыў Г.Рэні. З 1709 у Вене, прыдворны мастак, дзе паводле густу заказчыкаў арыентаваўся на парадныя партрэты Г.​Рыго і Н.​Ларжыльера, але захоўваў псіхалагізм вобраза (партрэт К.​Бруні, 1709; партрэт мужчыны, 1700; «Аўтапартрэт», 1711, і інш.). У 1712 у Карлавых Варах выканаў партрэт Пятра I. Пасля 1723 у Нюрнбергу, пад уплывам паўн. майстроў у сваіх працах імкнуўся спасцігнуць унутр. жыццё чалавека (партрэт М.​Крэйсінгера, каля 1730; «Аўтапартрэт з сынам», 1728—29, і інш.).

Я.​Ф.​Шунейка.

Я.Купецкі. Партрэт мужчыны. 1700.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)