ГРЫГ ((Grieg) Юхан Нурдаль) (1.11.1902, г. Берген, Нарвегія — 2.12.1943),
нарвежскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Скончыўшы гімназію, служыў матросам (1920—21), уражанні адлюстраваў у зб. вершаў «Вакол мыса Добрай Надзеі» (1922) і рамане «А карабель ідзе далей» (1924). Вучыўся ва ун-тах Оксфарда і Осла. Выдаў кн. эсэ «Рана памерлыя» (1932) пра творчасць Р.Кіплінга, Дж.Кітса, П.Б.Шэлі, Дж.Байрана. На мяжы 1920—30-х г. адбылася яго творчая і светапоглядная эвалюцыя: аптымістычны пафас вершаў (зб. «Нарвегія ў нашых сэрцах», 1929) змяняецца песімізмам (драма «Атлантычны акіян», 1932). У 1932—34 жыў у СССР. У 1937 як ваенны карэспандэнт быў у Іспаніі (зб. «Іспанскае лета», 1937, раман «Свет яшчэ павінен стаць маладым», 1938). Вяршыня яго творчасці — драма «Паражэнне» (1937, пра Парыжскую камуну 1871). У 1940—43 змагаўся супраць фашызму (паэма «Чалавечая прырода», 1942; зб. вершаў «Свабода», выд. 1945; «Надзея», выд. 1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАФТ (Валянцін Іосіфавіч) (н. 2.9.1935, Масква),
рускі акцёр тэатра і кіно. Нар.арт. Расіі (1984). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1957). Працаваў у маскоўскіх т-рах імя Массавета, на Малой Броннай, імя Ленінскага камсамола, Сатыры, з 1969 у т-ры «Сучаснік». Творчая манера Гафта вызначаецца тонкай псіхалагічнай прапрацоўкай вобразаў, інтэлектуальнай вастрынёй і іроніяй, якая набліжаецца да едкага сарказму, дакладным вонкавым малюнкам: Глумаў («Балалайкін і К°» паводле М.Салтыкова-Шчадрына), Вяршынін («Тры сястры» А.Чэхава), Рахлін («Кот хатні сярэдняй пушыстасці» У.Вайновіча і Р.Горына), Джордж («Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» Э.Олбі) і інш. З 1956 здымаецца ў кіно: «Забойства на вуліцы Дантэ», «Кентаўры», «Гараж», «Зладзеі ў законе», «Нябёсы запаветныя», у тэлевізійных пастаноўках. Аўтар вершаў і эпіграм.
Да арт.Гафт. Фрагмент арната Петрапаўлаўскага касцёла з вёскі Дрысвяты Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Славацкі гафт. Канец 19 ст.Да арт.Гафт. Фрагмент сурвэткі з царквы манастыра базыльян у вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РБУРГСКАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у неакантыянстве. Заснавальнік М.ш. Г.Коген і яго паслядоўнікі П.Натарп, Э.Касірэр ставілі сваёй мэтай «трансцэндэнтальна-лагічную» інтэрпрэтацыю філасофіі І.Канта, «ачышчэнне» яе ад катэгорыі «чыстаты розуму», «рэчы ў сабе», «вопыту» і інш., ад прымесей «метафізікі» і псіхалагізму. Паводле ўстаноўкі М.ш., навук. статус прызнаецца выключна за тымі філас. паняццямі, якія зводзяцца да гістарычна даказаных фактаў навукі, этыкі, мастацтва, рэлігіі і звязваюцца з «усёй творчай работай культуры», дзе цэнтр. месца займаюць не развіццё з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці, а іх навук. тлумачэнне і выкладанне; законам руху культуры абвяшчаецца менавіта творчая дзейнасць у галіне навукі. «Сузіранне» Канта ў трактоўцы М.ш. адрываецца ад псіхалагічнай антрапалагічнай асновы, у выніку чаго працэс пазнання зводзіцца да Мысліцельнай дзейнасці чалавечага мозга. Адмаўленне прынцыпу адзінства пачуццёвай і абстрактна-мысліцельнай ступеней азначае абсалютызацыю лагічных структур навукі і іх атаясамліванне з адзінай крыніцай навук. ведаў. Свой «трансцэндэнтальна-лагічны» метад М.ш. імкнулася пашырыць пераважна на прыродазнаўства; у грамадскіх навуках М.ш. мае дачыненне да распрацоўкі канцэпцыі этычнага сацыялізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКІ ВАРЫЯ́НТ» КАНСТЫТУ́ЦЫІ М.М.МУРАЎЁВА,
першы з трох варыянтаў праекта канстытуцыі для Рас. дзяржавы, распрацаваны ў 1821—22 у Мінску дзекабрыстам М.М.Мураўёвым. Тэкст захаваўся ў копіі 1822, перапісанай дзекабрыстам С.П.Трубяцкім і знойдзенай у яго пры вобыску. Лічыцца найб.самаст. у аўтарскіх адносінах праектам стварэння ў Расіі бурж. дзяржавы, заснаванай на прынцыпах эканам. і грамадз. свабод, выбарнасці пасад і падзелу функцый заканад., выканаўчай і суд. улад. У аснове праекта — супастаўленне і творчая перапрацоўка канстытуцый краін Зах. Еўропы і ЗША з прыцягненнем рас. прававых актаў. Праект прадугледжваў адмену прыгоннага права, паліт. свабоды грамадзян, суверэнітэт народаў, вяршэнства канстытуцыі і роўнасць усіх перад законам, недатыкальнасць правоў асобы, прыватнай уласнасці, свабоду слова, адмену саслоўяў, увядзенне суда прысяжных. Правы грамадзян абмяжоўваліся высокім маёмасным цэнзам, узростам (не менш за 21 год), цэнзам аселасці, абавязковым веданнем рус. мовы. Праект выклікаў сур’ёзную крытыку ў членаў Паўн.т-ва, што паслужыла падставай для напісання Мураўёвым у 1824—25 2-га і 3-га варыянтаў канстытуцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ МАСТА́ЦТВАЎ (РАМ),
вышэйшая навукова-творчая арганізацыя мастакоў і архітэктараў Расіі. Створана ў Маскве ў 1992 на базе б.АМСССР (з 1947). Размяшчаецца ў б. асабняку І.Марозава (Марозаўскай галерэі), пабудаваным ў сярэдзіне 18 ст. (у 1870—71 перабудаваны ў духу неабарока, арх. А.Камінскі). Мае аддзяленні: жывапісу, графікі, скульптуры, дэкар. мастацтваў, архітэктуры, мастацтвазнаўства і маст. крытыкі. У сістэму РАМ уваходзяць таксама Акад.маст.ін-т імя В.Сурыкава з Акад.маст. ліцэем імя М.Томскага, НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў (усе ў Маскве), Акад.ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна з Акад.маст. ліцэем імя Б.Іагансона, з філіяламі (Музей-сядзіба Рэпіна «Пенаты», Музеі ў кватэра І.Бродскага, музеі-майстэрні П.Чысцякова, А.Куінджы, С.Канёнкава, Дз.Налбандзяна), навук.-бібліягр. архіў (усе ў Пецярбургу), навук.б-ка ў Пецярбургу з філіялам у Маскве, рэгіянальнае аддзяленне «Урал, Сібір, Далёкі Усход» з цэнтрам у Краснаярску, творчыя майстэрні, лабараторыі. Праводзіць выстаўкі рас. і замежных мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́ГІЯ БЫЦЦЯ́,
адно з асноўных паняццяў каталіцкай філасофіі — тамізму, паводле якога Бог і ўсё ім створанае знаходзяцца ў суадносінах з агульным для іх быццём. Фама Аквінскі ўзвёў аналогію быцця ў фундаментальны прынцып гэтай дактрыны і распрацаваў яго філас. змест. У 20 ст. ўклад у распрацоўку аналогіі быцця, вызначэнне сфер і магчымасцяў выкарыстання зрабілі Э.Пшывара, Ф. Ван Стэенберген, Б.Лакебрынк, К.Ранер. Сутнасць аналогіі быцця ў тым, што паміж Богам і яго тварэннямі існуюць першапачатковыя адносіны падабенства ў адрозненнях і адрозненні ў падабенстве. Таму адносіны аналогіі могуць пераважаць толькі там, дзе няма ні поўнага падабенства, ні поўнага адрознення, а спалучаюцца адно з адным. Першасным, вызначальным прызнаецца падабенства, першакрыніца якога — стварэнне Богам сусвету і ўсяго, што ў ім існуе. Гэта дае магчымасць філас.-тэалагічнымі сродкамі абгрунтоўваць быццё Бога як першакрыніцу створанага сусвету розных падабенстваў, сярод якіх самае набліжанае да творчай магутнасці стваральніка — творчая дзейнасць чалавека. Але яе нельга атаясамліваць з творчым актам стварэння, бо яна толькі набліжаецца да яго паводле падабенства (аналогіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАЛІ́ЗМ (ад лац. vitalis жыццёвы),
кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.
Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням. ўрач Г.Э.Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).
Літ.:
Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАРДЖО́НЕ [Gioigione; сапр.Барбарэлі да Кастэльфранка (Barbarelli da Castelfranco) Джорджа; 1476 або 1477, г. Кастэльфранка-Венета, Італія — вер. або кастр. 1510],
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу, адзін з пачынальнікаў мастацтва Высокага Адраджэння. Вучыўся, верагодна, у Дж.Беліні, быў блізкі да венецыянскіх гуманістаў, вядомы таксама як спявак і музыкант. Побач з кампазіцыямі на рэліг. тэмы («Пакланенне пастухоў», каля 1504) пісаў карціны на свецкія, у асн. міфал., сюжэты, якія ў яго творчасці сталі пераважнымі. У творах «Юдзіф» (каля 1502), «Тры філосафы», «Навальніца» (абедзве 1506—07), «Спячая Венера» (1507—08) паэт. ўяўленні мастака пра багацце скрытых у свеце і чалавеку жыццёвых сіл раскрываюцца не ў дзеянні, а ў перадачы стану агульнай маўклівай адухоўленасці. Захоўваючы ўласцівыя мастацтву Ранняга Адраджэння яснасць аб’ёмаў і меладычную выразнасць контураў, ён з дапамогай празрыстага святлаценю дасягаў зрокавага зліцця чалавечых фігур з пейзажам. Выкананыя ім партрэты вызначылі інтымна-лірычную танальнасць (партрэт юнака, 1502, жаночы партрэт, т. зв. «Лаура», 1506). Творчая канцэпцыя Дж. зрабіла значны ўплыў на венецыянскі жывапіс і атрымала развіццё ў яго вучня Тыцыяна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГУ́ТНАЯ КУ́ЧКА», Балакіраўскі гурток,
«Новая руская музычная школа», творчая садружнасць расійскіх кампазітараў у 2-й пал. 19 ст., што ўзнікла ў Пецярбургу ў канцы 1850-х г. (канчаткова склалася ў 1862). Найб. інтэнсіўна дзейнічала ў 1860 — пач. 1870-х г., да сярэдзіны 1870-х г. перастала існаваць. У «М.к.» ўваходзілі М.Балакіраў (кіраўнік), А.Барадзін, Ц.Кюі, М.Рымскі-Корсакаў, да яе прымыкалі А.Тусакоўскі, М.Ладыжанскі, М.Шчарбачоў Назву даў яе ідэолаг і натхняльнік У.Стасаў. Дзейнасць «М.к.» канцэнтравалася вакол Бясплатнай муз. школы, заснаванай ў 1862 Балакіравым і Г.Ламакіным. Ідэйна-маст. імкненні «М.к.» склаліся пад уздзеяннем эстэт. прынцыпаў рус.рэв. дэмакратаў. Члены гуртка выступалі супраць акад. руціны, змагаліся за народнасць, нац. кірунак у рус. музыцы. Апіраючыся на традыцыі М.Глінкі, А.Даргамыжскага, яны развівалі нац.муз. стыль, умацоўвалі сувязі з нар. песеннасцю, расшыралі вобразную сферу (выкарыстоўвалі нац. гісторыю, л-ру, нар. побыт і фальклор), стварылі выдатныя ўзоры опернага, сімф, фп. і камерна-вак. жанраў. Эстэт. прынцыпы «М.к.» значна паўплывалі на далейшае развіццё рус.муз. культуры.
Літ.:
Гордеева Е.М. Композиторы «Могучей кучки» 4 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,
творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл.Авангард, Мадэрнізм у музыцы).
Літ.:
Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;
Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;