Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЭ́Й (Setaria),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных, радзей ва ўмераных абласцях зямнога шара. На Беларусі 6 відаў М.: вялікі (S. pycnocoma), зялёны (S. viridis), італьянскі, ці проса італьянскае, або магар, ці чуміза (S. italica), кальчаковы (S. verticillata), пазушнакаласковы (S. pachystachys), шызы (S. glauca). Трапляюцца ў пасевах, каля дарог, на засмечаных мясцінах.
Адна- ці шматгадовыя травы. Лісце плоскае, лінейна-ланцэтнае, шурпатае. Каласкі двухкветкавыя, абкружаныя доўгімі шчацінкамі, сабраныя ў густы султан. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАЎКАНІ́Т (ад грэч. glaukos блакітнавата-зялёны),
мінерал класа сілікатаў, групы гідраслюд, водны алюмасілікат жалеза, магнію і калію (K, H2O) (Fe, Mg, Al)2[(Al, Si)Si3O10](OH)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Характэрны тонкакрышт. агрэгаты, круглаватыя зерні. Колер зялёны, розных адценняў. Бляск зямлісты, цьмяны. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,2—2,9 г/см³. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, а таксама ў глебах і корах выветрывання. На Беларусі ёсць у адкладах кембрыйскай, ардовікскай, мелавой і палеагенавай сістэм. Выкарыстоўваецца для змякчэння жорсткасці вады, угнаення глеб, як зялёная фарба, а таксама для вызначэння абсалютнага ўзросту горных парод ізатопнымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖО́Ў (Павел Пятровіч) (27.1.1879, Сысерцкі завод каля Екацярынбурга — 3.12.1950),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскую духоўную семінарыю (1899). Настаўнічаў. Першая кн. «Уральскія былі» (1924). У 1939 выдаў аўтабіягр. аповесць «Зялёны конік» і зб. сказаў па матывах уральскага фальклору «Малахітавая шкатулка» (Дзярж. прэмія СССР 1943). Яго творы — прыклад майстэрскага выкарыстання нар. мовы. Паводле яго сказаў створаны кінафільм «Каменная кветка» (1946), балет С.Пракоф’ева «Сказ пра каменную кветку» (паст. 1954). На бел. мову творы Бажова перакладалі Я.Брыль, М.Машара, М.Паслядовіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТЫ (ад лац. granatus зярністы),
група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў з агульнай формулай R2+R3+ [Sio4]3, дзе R2+ — Ca, Fe, Mg, Mn, а R3+ — Al, Fe, Cr. Утвараюць ізаморфныя рады, канцавыя члены якіх — піроп (цёмна-ружавата-чырвоны, чорны), альмандзін (чырвоны, бура-шэры, чорны), спесарцін (аранжава-жоўты, буры, цёмна-чырвоны), грасуляр (мядова-жоўты, бледна-зялёны, буры), андрадыт (жоўты, зеленаваты, буравата-чырвоны), шарламіт (чорны), уваравіт (ізумрудна-зялёны). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае асобныя крышталі, трапляецца і ў выглядзе зярністай масы. Бляск шкляны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,2—4,3 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага і магматычнага паходжання. Выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні (празрыстыя і прыгожа афарбаваныя), абразіўныя матэрыялы, у пошукавай геалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л (грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),
надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.