ЧАЙ,

харчовы прадукт, які вырабляецца са спецыяльна апрацаваных верхавінкавых парасткаў (флешаў) чайнага куста і выкарыстоўваецца для прыгатавання напітку. Чайны экстракт мае дубільных рэчываў 15,6—16%, кафеіну 2—3%, эфірных алеяў 0,006—0,021%, вітаміны C, P і інш. Выпускаюць Ч. байхавы (рассыпісты) і прасаваны.

Паводле спосабаў апрацоўкі лісця адрозніваюць Ч. чорны, зялёны (кок-Ч.), жоўты і чырв. (аалонг). Пры вырабе чорнага Ч. сабраныя парасткі сартуюць, завяльваюць, скручваюць, ферментуюць і сушаць. У выніку ферментацыі ў сыравіне раскладаюцца бялкі, акісляюцца дубільныя рэчывы і Ч. набывае прыемны смак, духмянасць і колер. Чырв. і жоўты Ч. атрымліваюць заўчасным спыненнем ферментацыі на розных стадыях. Вытв-сць зялёнага Ч. адрозніваецца тым, што ў лістах прапаркай разбураюцца ферменты, замацоўваецца зялёны колер, яны завяльваюцца і не ферментуюцца. Напітак з Ч. ўзбуджае нерв. сістэму, танізуе, павышае працаздольнасць.

В.​Л.​Мароз.

т. 17, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)