ЛАХУЦІ́ Абулькасім Ахмедзадэ (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),

таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.​Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.​Броўка, К.​Кірэенка, Т.​Кляшторны, Ю.​Лявонны.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1959;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Исаков И.С. Испытание Лахути. Душанбе, 1967.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЎМЫВА́КІН Сяргей Барысавіч (н. 17.4.1930, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кіргізія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Я.​Рэпіна (1961). З 1961 працаваў у Душанбе. З 1967 у Мінску: гал. архітэктар праектаў, нач. аддзела ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: гандл. цэнтры па вул. Маскоўскай у Брэсце (1977), па вул. Ракасоўскага ў Пінску (1990, у сааўт.), па Ракаўскай шашы (1934, у сааўт.) і ў жылым раёне Паўд. Захад 1 і 2 у Мінску (1982, 1984, у сааўт.), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы», Палац шахмат па вул. К.​Маркса (1982, у сааўт.), рэканструкцыя будынкаў ГУМа (1984) і ЦУМа (1990, абодва ў сааўт.) у Мінску; клуб-сталовая, мед. блок і добраўпарадкаванне пляжа санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым).

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́ШЫНА Тамара Васілеўна (15.12.1923, в. Кузняцы Ягор’еўскага р-на Маскоўскай вобл. — 3.1.1990),

расійская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла Маск. гар. тэатр. вучылішча (1946). Працавала ў т-рах Душанбе, Брэсцкім абл. драм. З 1948 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. У 1965—79 у Маскоўскім канцэртным аб’яднанні. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Яе творчасці ўласціва яркасць знешняга малюнка ролі, пластычная выразнасць, кідкасць сцэн. фарбаў, выкарыстанне прыёмаў гратэску, шаржу, карыкатуры. Сярод лепшых роляў у рус. драм. т-ры Беларусі: Таццяна («Мяшчане» М.​Горкага), міс Пірс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Беліса («Хітрамудрая закаханая» Лопэ дэ Вэгі), Сойка («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Сандра Мар’янен («Каменнае гняздо» Х.​Вуаліёкі), Зоя Шубейкіна («Дзікуны» С.​Міхалкова), Мары-Клер («За другім фронтам» В.​Сабко) і інш. Здымалася ў кіно.

А.​І.​Шах-Парон.

т. 15, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ВІН Леў Ісаевіч (27.10.1896, г. Адэса, Украіна — 6.9.1984),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1922. У п’есе «Інтэрвенцыя» (паст. 1933) паслярэв. Адэса. Раман «Ардэнскія страсці» (1976) пра 2-ю сусв. вайну. Аўтар рамана «Спадчыннік» (1930), аповесцей «Мае землякі» (1942, экранізавана пад назвай «Два байцы», 1943), «З другога боку ўзгорка» (1958), «За нашу і вашу свабоду! Аповесць пра Яраслава Дамброўскага» (1968), «Утрапёны. Аповесць пра Вісарыёна Бялінскага» (1973), апавяданняў, нарысаў, кніг мемуараў «Партрэты і нататкі» (1965), «Мой пачуццёвы сябар» (1973), кінасцэнарыяў. П’еса «Інтэрвенцыя» паст. ў Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі (1940).

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Ударивший в колокол: Повесть об А.​Герцене. 3 изд. М., 1986;

Арденнские страсти: Роман, портреты, зап. М., 1987;

Наследник. М., 1990.

Літ.:

Гордон А. Лев Славин и его пьеса «Интервенция». Душанбе, 1966;

Язык и стиль произведений В.​П.​Катаева, К.​Г.​Паустовского и Л.​И.​Славина: Сб. науч. тр. Одесса, 1987.

т. 14, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЬСКІ Мікалай Уладзіслававіч (7.10.1905; г. Нароўля Гомельскай вобл. —29.4.1976),

бел. вучоны ў галіне батанікі. Акад. АН Беларусі (1969, чл.-кар. 1956), д-р біял. н. (1967), праф. (1969). Акад. АН Таджыкістана (1951). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Горы-Горацкі с.-г. ін-т (1924), Сібірскую с.-г. акадэмію (1927). З 1945 дырэктар Усесаюзнага НДІ сухіх субтропікаў (Душанбе), з 1955 дырэктар Цэнтр. бат. сада АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні фісташкавых саваннаў, шаўкоўніцы і пладовых Сярэдняй Азіі, па інтрадукцыі і селекцыі субтрапічных культур у зонах вільготных і сухіх субтропікаў СССР. Распрацаваў тэарэт. асновы інтрадукцыі і акліматызацыі карысных раслін, зялёнага буд-ва, аховы прыроды і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Деревья и кустарники, розы и сирень. Мн., 1968 (у сааўт.);

Новые перспективные для Белоруссии кормо-силосные растения. Мн., 1970 (у сааўт.);

Многолетние цветочные растения. Мн., 1972 (у сааўт.).

М.У.Смольскі.

т. 15, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІРДАЎСІ́ Абулькасім (каля 940, г. Тус, Іран — 1020 ці 1030),

персідскі і таджыкскі паэт. Аўтар эпічнай паэмы «Шахнамэ» («Кніга пра цароў», 994; 2-я рэд. 1010), якая стала нац. эпасам персаў і таджыкаў, своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця іранскіх плямён.за 4 тысячагоддзі (3223 да н.э. — 651 н.э.). У аснове паэмы ідэя аб’яднання зах. і ўсх. іранцаў. Апрача гіст. хронік і пісьмовых крыніц Ф. шырока выкарыстоўваў вусныя паданні, легенды. Паэма мае каля 55 тыс. бейтаў (двухрадкоўяў), складаецца з 3 частак (міфалагічнай, гераічнай, або волатаўскай, і гіст.), якія ахопліваюць цараванне 50 сапраўдных і легендарных шахаў Ірана. У сюжэце гіст. і прыдуманыя эпізоды вылучаюцца ў самаст. сказанні (дастаны). Стылю Ф. ўласцівы чысціня мовы, лаканізм, гіпербалізацыя, мноства параўнанняў. На бел. мову ўрыўкі з паэмы пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Шах-наме. Сказание о Рустаме. М., 1980.

Літ.:

Раджабов М.Р. Фирдоуси и современность: (Анализ мировоззрения). Душанбе, 1976.

К.​Р.​Хромчанка.

А.Фірдаўсі.

т. 16, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНЮКО́ВІЧ Канстанцін Міхайлавіч (30.3.1843, г. Севастопаль, Украіна — 20.5.1903),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Марскім кадэцкім корпусе (1857—60). У 1860—63 у кругасветным плаванні. З 1864 у адстаўцы. За сувязь з рэв. народнікамі-эмігрантамі ў 1884 высланы на 3 гады ў Томск. Друкаваўся з 1859 (вершы). Першая кн. нарысаў «З кругасветнага плавання» (1867). Раманы «Нашы норавы» (1879), «Першыя крокі» (1891), «Жрацы» (1897), «Абыякавыя» (1899) і інш. пра драм. стан дэмакр. інтэлігенцыі, якая не знаходзіць прымянення сваім сілам і здольнасцям. У цыкле апавяданняў (зб. «Марскія апавяданні», 1888, і інш.) і аповесцях «Грозны адмірал» (1891), «Вакол свету на «Каршуне» (1895—96), «Севастопальскі хлопчык» (1902) і інш. рэалізм, дэмакратызм, пропаведзь грамадз. і асабістай мужнасці і душэўнай стойкасці. Аўтар п’ес, цыклаў нарысаў і фельетонаў. Пушкінская прэмія (1901) за «марскія» творы.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1977;

Морские рассказы. Кн. 1—7. М., 1980.

Літ.:

Вильчинский В.П. К.​М.​Станюкович: Жизнь и творчество. М.; Л., 1963;

Петрушков В.С. Поэтика К.​М.​Станюковича—мариниста: (Особенности худож. изобразительности и стиля). Душанбе, 1966.

т. 15, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУРСІНА́ Людміла Аляксееўна (н. 20.7.1941, Душанбе),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1981). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1965). З 1963 у Т-ры імя Я.​Вахтангава, у Т-ры-студыі кінаакцёра пры кінастудыі «Ленфільм», з 1974 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.​Пушкіна, з 1984 у Цэнтр. т-ры Рас. Арміі. Яе творчай манеры ўласціва імкненне да стварэння складаных вобразаў, паказу развіцця характару ў барацьбе з сабой і знешнімі абставінамі: Ліза («Дзеці сонца» М.​Горкага), Саша («Іванаў» А.​Чэхава), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), імператрыца Марыя Фёдараўна («Павел I» Дз.​Меражкоўскага), лэдзі Макбет («Макбет» У.​Шэкспіра). З 1961 здымаецца ў кіно: «Данская аповесць» (1965), «Угрумрака» (тэлефільм), «Журавушка» (прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне), «Вірынея» (усе 1969), «Любоў Яравая» (1970, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Алеся» (1971), «Прывалаўскія мільёны» (1973), «І гэта ўсё пра яго» (1977, тэлефільм), «Факты мінулага дня» (1981), «Каханне немаладога чалавека» (1990), «Графіня», «Справа Сухаво-Кабыліна» (абодва 1991), «Хагітрагер» (1994), «Чорны пакой» (2000, тэлесерыял) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1970.

Літ.:

Актеры советского кино. Вып. 7. М., 1971.

т. 17, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОГД, Сагдыяна,

у старажытнасці вобласць у бас. рэк Зераўшан і Кашкадар’я, якую насялялі сагдыйцы (на тэр. сучасных Узбекістана і Таджыкістана). Найб. вядомы горад С. — Мараканда (Самарканд). У 6—4 ст. да н.э. ўваходзіў у склад Ахеменідаў дзяржавы. Насельніцтва С. на чале са Спітаменам аказала ў 329—328 да н.э. ўпартае супраціўленне войску Аляксандра Македонскага. Пасля смерці апошняга (323 да н.э.) — у складзе дзяржавы Селеўкідаў, з пач. 3 ст. да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства. У 1—4 ст. н.э. — ч. Кушанскай дзяржавы. У 4—5 ст. заваяваны эфталітамі, у 6—7 ст. — цюркамі; у гэты час на тэр. С. існавалі аўт. мясц. княствы. У канцы 7 — пач. 8 ст. заваяваны арабамі, якія далі краіне назву Маверанахр. У старажытнасці цераз С. праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, якія звязвалі Кітай з Б. Усходам (гл. Вялікі шаўковы шлях).

Літ.:

Джалилов А. Согд накануне арабского нашествия и борьба согдийцев против арабских завоевателей в первой половине VIII в. Сталинабад, 1961;

Смирнова О.И. Очерки из истории Согда. М., 1970;

Якубов Ю. Раннесредневековые сельские поселения горного Согда: (К пробл. становления феодализма). Душанбе, 1988;

Обельченко О.В. Культура античного Согда: По археол. данным, VII в. до н.э. — VII в. н.э. М., 1992.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРСУ́Н-ЗАДЭ́ Мірзо (2.5.1911, с. Каратаг, Таджыкістан — 24.9.1977),

таджыкскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. паэт. Таджыкістана (1961). Акад. АН Таджыкістана (1951). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Ін-т асветы ў Ташкенце (1931). Друкаваўся з 1930. Першы зб. вершаў і апавяданняў «Сцяг перамогі» (1932). Аўтар паэм «Сонца краіны» (1936), «Восень і вясна» (1937), «Сын Радзімы» (1942), «Нявеста з Масквы» (1945), «Хасан-арбакеш» (1954) і «Голас Азіі» (1956; за дзве апошнія Ленінская прэмія 1960). Грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, асэнсаванне гіст. лёсу народаў Азіі, роздум пра жыццё ў паэт. цыклах «Індыйская балада» (1947—48, Дзярж. прэмія СССР 1948) і «Я з Усходу свабоднага» (1950), паэмах «Вечнае святло» (1957), «Дарагая мая» (1960). Аўтар публіцыст., літ.-крытычных прац «Думкі пра грамадзянскую лірыку» (1954), «Літаратура і жыццё» (1959) і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Вольскі, А.​Звонак, В.​Зуёнак, А.​Клышка, В.​Лукша, П.​Прыходзька, У.​Шахавец і інш. Міжнар. прэмія імя Нэру 1967.

Тв.:

Бел. пер. — Высокае гняздо: Выбр. лірыка. Мн.. 1982;

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1971.

Літ.:

Сайфуллаев А. Меридианы поэзии. Душанбе. 1971.

М.Турсун-задэ.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)