НЕЎМЫВА́КІН (Сяргей Барысавіч) (н. 17.4.1930, с. Белаводскае Чуйскай вобл., Кіргізія),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1991). Скончыў Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я.Рэпіна (1961). З 1961 працаваў у Душанбе. З 1967 у Мінску: гал. архітэктар праектаў, нач. аддзела ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1990 кіраўнік творчай майстэрні пры Саюзе архітэктараў Беларусі. Асн. работы: гандл. цэнтры па вул. Маскоўскай у Брэсце (1977), па вул. Ракасоўскага ў Пінску (1990, у сааўт.), па Ракаўскай шашы (1934, у сааўт.) і ў жылым раёне Паўд. Захад 1 і 2 у Мінску (1982, 1984, у сааўт.), рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы», Палац шахмат па вул. К.Маркса (1982, у сааўт.), рэканструкцыя будынкаў ГУМа (1984) і ЦУМа (1990, абодва ў сааўт.) у Мінску; клуб-сталовая, мед. блок і добраўпарадкаванне пляжа санаторыя «Беларусь» у Місхоры (Крым).

т. 11, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)