СОГД, Сагдыяна,

у старажытнасці вобласць у бас. рэк Зераўшан і Кашкадар’я, якую насялялі сагдыйцы (на тэр. сучасных Узбекістана і Таджыкістана). Найб. вядомы горад С. — Мараканда (Самарканд). У 6—4 ст. да н.э. ўваходзіў у склад Ахеменідаў дзяржавы. Насельніцтва С. на чале са Спітаменам аказала ў 329—328 да н.э. ўпартае супраціўленне войску Аляксандра Македонскага. Пасля смерці апошняга (323 да н.э.) — у складзе дзяржавы Селеўкідаў, з пач. 3 ст. да н.э. — Грэка-Бактрыйскага царства. У 1—4 ст. н.э. — ч. Кушанскай дзяржавы. У 4—5 ст. заваяваны эфталітамі, у 6—7 ст. — цюркамі; у гэты час на тэр. С. існавалі аўт. мясц. княствы. У канцы 7 — пач. 8 ст. заваяваны арабамі, якія далі краіне назву Маверанахр. У старажытнасці цераз С. праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, якія звязвалі Кітай з Б. Усходам (гл. Вялікі шаўковы шлях).

Літ.:

Джалилов А. Согд накануне арабского нашествия и борьба согдийцев против арабских завоевателей в первой половине VIII в. Сталинабад, 1961;

Смирнова О.И. Очерки из истории Согда. М., 1970;

Якубов Ю. Раннесредневековые сельские поселения горного Согда: (К пробл. становления феодализма). Душанбе, 1988;

Обельченко О.В. Культура античного Согда: По археол. данным, VII в. до н.э. — VII в. н.э. М., 1992.

т. 15, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)