ФІРДАЎСІ́ Абулькасім (каля 940, г. Тус, Іран — 1020 ці 1030),
персідскі і таджыкскі паэт. Аўтар эпічнай паэмы «Шахнамэ» («Кніга пра цароў», 994; 2-я рэд. 1010), якая стала нац. эпасам персаў і таджыкаў, своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця іранскіх плямён.за 4 тысячагоддзі (3223 да н.э. — 651 н.э.). У аснове паэмы ідэя аб’яднання зах. і ўсх. іранцаў. Апрача гіст. хронік і пісьмовых крыніц Ф. шырока выкарыстоўваў вусныя паданні, легенды. Паэма мае каля 55 тыс. бейтаў (двухрадкоўяў), складаецца з 3 частак (міфалагічнай, гераічнай, або волатаўскай, і гіст.), якія ахопліваюць цараванне 50 сапраўдных і легендарных шахаў Ірана. У сюжэце гіст. і прыдуманыя эпізоды вылучаюцца ў самаст. сказанні (дастаны). Стылю Ф. ўласцівы чысціня мовы, лаканізм, гіпербалізацыя, мноства параўнанняў. На бел. мову ўрыўкі з паэмы пераклаў С.Грахоўскі.
Тв.:
Рус.пер. — Шах-наме. Сказание о Рустаме. М., 1980.
Літ.:
Раджабов М.Р. Фирдоуси и современность: (Анализ мировоззрения). Душанбе, 1976.