БЯРКО́ВІЧ (Марыя Веньямінаўна) (26.12.1910, г. Беразіно Мінскай вобл. — 19.9-1993),

бел. мастак кіно і жывапісец. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1930), Маскоўскі маст. ін-т імя Сурыкава (1939). У 1954—75 мастак па касцюмах на кінастудыі «Беларусьфільм» (касцюмы да кінафільмаў «Міколка-паравоз», «Чырвонае лісце», «Апошні хлеб», «Доўгія вёрсты вайны» і інш.). Майстар акварэлі — пейзажы Раўбічаў, Мінска, Рыжскага ўзмор’я і інш.

т. 3, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ГА,

бел. традыцыйная страва; малочная поліўка (паранае малако, разведзенае вадой), з якой елі густы кісель. У пост або калі не было малака валогу рабілі з тоўчанага канаплянага семя. Яго залівалі вадой, шалупінне асядала на дно, а зверху адстойвалася валога — «бы малако». Валогу рабілі найчасцей у Цэнтр. Палессі. У некаторых раёнах Беларусі валога — закраса з масла (кашу «заваложвалі»).

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНТРАБЯ́НКА,

традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕРАБЕ́Й»,

традыцыйны бел. танец. Цесна звязаны са шматлікімі карагоднымі варыянтамі, у аснове якіх кругавая пабудова, імітацыя рухаў вераб’я, суправаджэнне прыпеўкамі. Складаецца з 2 частак: 1-я ва ўмераным тэмпе, муз. памер трохдольны, 2-я — у хуткім, муз. памер 24. Уваходзіў у рэпертуар трупы І.​Буйніцкага. Быў вядомы ў Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях.

Ю.​М.​Чурко.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРАЛЕ́ (франц. virelai ад virer кружыцца),

шасцірадковая страфа, інтанацыйна падзеленая на 2 трохрадкоўі. Першыя 2 радкі трохрадкоўя звязаны парнай рыфмай, 3-і кароткі радок рыфмуецца з 6-м, таксама ўкарочаным.

Узнікла ў старафранц. паэзіі. У бел. паэзіі дакладна вытрымана страфічная будова вірале ў вершы Я.​Купалы «З летніх малюнкаў». Вірале называюць таксама 9-радковы верш з рыфмоўкай аБааБааБа.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО СЛА́ВУ РО́ДИНЫ»,

газета Мін-ва абароны Беларусі. Выдаецца штодзённа з чэрв. 1921 у Мінску на рус. мове. Да 1947 наз. «Красноармейская правда». Да 1992 орган БВА (у 1941—44 газета Зах. фронту, у 1944—45 — 3-га Бел. фронту). Друкуе матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі, пра баявую падрыхтоўку, жыццё арміі, ваенна-патрыятычнае выхаванне і інш.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЖЫК»,

сатырычна-гумарыстычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца штомесячна ў Мінску на бел. мове. Пачаў выходзіць у ліп. 1941 як сатыр. плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў Гомелі, потым у Маскве. Са жн. 1945 часопіс «Вожык». Друкуе фельетоны, байкі, гумарэскі, апавяданні, пародыі, інтэрмедыі, скетчы, памфлеты, анекдоты, пераклады сатыр. твораў, карыкатуры, малюнкі, шаржы. З 1957 выдае «Бібліятэку «Вожыка».

Вокладкі часопіса «Вожык».

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІН (? — пасля 1341),

князь полацкі. Брат вял. князя ВКЛ Гедзіміна. У летапісных крыніцах згадваецца пад 1326, калі з пасольствам ВКЛ прыехаў у Ноўгарад на перагаворы, у выніку якіх быў усталяваны мір з наўгародцамі і немцамі (крыжакамі), што завяршыў доўгае процістаянне пскоўска-наўгародскіх і бел. зямель крыжакам і спыніў канфлікты паміж Полацкам і Ноўгарадам.

С.​В.​Тарасаў.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЯ́ЧЫЧ (Святлана Сямёнаўна) (н. 2.4.1937, Мінск),

бел. танцоўшчыца. Нар. арт. Беларусі (1977). З 1952 у Дзярж. нар. хоры БССР. У 1960—83 салістка Дзярж. ансамбля танца Беларусі.

Выконвала сола ў многіх пастаноўках калектыву («На Купалле», «Вянок беларускіх танцаў», «Беларуская рапсодыя», «Гусі-лебедзі», «Беларускае вяселле» і інш.). Яе выкананне вылучалася пластычнасцю, эмацыянальнасцю.

Харэаграфічная кампазіцыя «На Купалле». Саліруе С.Вуячыч.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЗА́НКА»,

бел. народны танец. Фігуры разнастайных полек («Полька з падскокам», «Полька дробная», «Полька бабская», «Полька ўпрысюды», «Полька на загонах», «Вуж», «Мяцеліца») у ім як бы звязваюцца паміж сабой жарт. прыпеўкамі. Муз. памер 24. Тэмп хуткі. Зафіксавана ў 1940-я г. ў Ланскім с/с Нясвіжскага р-на, увайшла ў рэпертуар танц. калектываў Беларусі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 4, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)