ЯФРЭ́МАЎ Уладзімір Дзмітрыевіч (н. 14.4.1940, г. Бранск, Расія),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1998), праф. (2003). Скончыў Варашылаўградскі машынабуд. ін-т (1970). З 1967 у ВА электроннага машынабудавання (г. Варашылаўград). З 1982 у Фіз.-тэхн. ін-це АН Беларусі. З 1988 у Бел. аграрным тэхн. унце (у 1993—98 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях тэхнал. забеспячэння якасці рабочых кантаў інструменту і дэталей, шліфавання і заточвання, магнітна-абразіўнай апрацоўкі, рэзання матэрыялаў. Распрацаваў тэхналогію магнітна-абразіўнай даводкі рабочых кантаў дэталей і інструменту, прапанаваў лічбавыя мадэлі працэсу цеплаўтварэння пры шліфаванні і заточванні.
Тв.:
Образование рабочих кромок упрочняющим шлифованием. Мн., 1989 (разам з П.І.Яшчарыцыным);
Технологическое обеспечение качества рабочих кромок инструмента и деталей. Мн., 1997 (з ім жа).
т. 18, кн. 1, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)